Пра тое, што сілавікі прымушаюць беларусаў рабіць з нацыянальным сьцягам, часта становіцца ясна зь відэа, якія гвалтам запісвае ГУБАЗіК. Ролікі пазьней выкладаюць у тэлеграм-каналы, зьвязаныя зь сілавікамі. Часам такія сьведчаньні даюць беларусы, якіх выпусьцілі на волю.
Зьневажаць нацыянальны сьцяг прымушалі яшчэ ў 2020 годзе, калі яго кідалі на ўваходзе ў аўтазак, каб затрыманы абавязкова па ім прайшоўся. Мы сабралі некаторыя выпадкі, якія адбыліся пераважна за апошні год.
Прымусілі высмаркацца
Сёлета ў ліпені беларуса затрымалі і прымусілі вычысьціць нос у бел-чырвона-белы сьцяг і сьцяг ЗША. Хлопца змусілі сказаць, што «ён сядзіць у тэрарыстычных чатах» і «зычыць зла Беларусі». Імя і далейшы лёс хлопца невядомыя.
Прымусілі спаліць
У траўні затрымалі адразу восем лідзян. Ім закідалі ўдзел у чаце «Ліда-97». На іх склалі пратаколы за «распаўсюд экстрэмізму», на дваіх завялі крымінальныя справы за ўдзел у пратэстах. Іх прымусілі спаліць нацыянальны сьцяг і запісалі гэта на відэа.
Прымусілі стаць нагамі
27-гадовага музыканта Вячаслава Аркатава з Бабруйску затрымалі сёлета ў лютым, моцна зьбілі, завялі крымінальную справу за рэгістрацыю ў чат-боце «Перамога». Ён расказаў праваабаронцам «Вясны», як зь яго зьдзекаваліся ва ўпраўленьні па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС па Магілёўскай вобласьці.
«На падлозе пры ўваходзе ў кабінэт, куды мяне прывялі, ляжаў наш нацыянальны сьцяг. Па ўсім кабінэце былі а-ля патрыятычныя плякаты: „Слава Расеі!“, „Слава ГУБАЗіКу“... На сэйфе ляжала кепка з гербам „Пагоня“. Мне сказалі стаць на сьцяг. Я не хацеў, каб зьдзекі нада мной працягнуліся, таму мне давялося стаць на яго», — расказваў Вячаслаў Аркатаў.
Менчука Арцёма Чабатарэўскага затрымалі на маршы ў Дзень Волі 2021 году. Ён расказаў праваабаронцам «Вясны», што на ўваходзе ў ізалятар на Акрэсьціна ляжаў бел-чырвона-белы сьцяг. Затрыманыя здагадваліся, што калі пераступіць церазь сьцяг, то чалавека адвядуць у асобнае памяшканьне, дзе будуць біць.
«Вядома, гэта вельмі прыгожы жэст — не наступіць на нацыянальны сьцяг. Але я вырашыў не прыцягваць увагі і прайсьці па ім, як і ўсе астатнія. Я пасьля доўга думаў, ці правільна зрабіў, але разумеў, што мая галоўная задача — намагацца выйсьці адтуль максымальна здаровым», — расказваў Арцём.
Летась у кастрычніку ГУБАЗіК затрымаў таксіста з Магілёва Дзяніса Клешчанка за рэгістрацыю ў чат-боце пляну «Перамога». Яго прымусілі запісаць «пакаяннае» відэа, калі ён стаяў на бел-чырвона-белым сьцягу. Таксама яго прымусілі таптаць сваю кепку з «Пагоняй» і сьпяваць песьню расейскага гурту «Любэ» пра «опэраў».
Прымусілі надзець на галаву і мыць падлогу
У студзені затрымалі жыхара Рагачова Дзьмітрыя Лагуценку пасьля размовы ў чат-рулетцы з праўладным правакатарам Юрыем Комарам. Падчас размовы Дзьмітры нібыта папрасіў у ўкраінцаў зброю і сказаў, што гатовы забіваць «ябацек». Дзьмітрыя затрымалі разам зь сябрам. Ім на галовы надзелі бел-чырвона-белыя сьцягі, а пасьля прымусілі мыць сьцягамі падлогу.
Сёлета ў жніўні прайшлі масавыя затрыманьні ў Бабруйску. Сілавікі шукалі ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў лесе ў кастрычніку 2020 году. Запісалі прымусовыя відэа. На адным зь іх жанчына «раскайвалася» ў сваіх палітычных перакананьнях і на камэру выцерла падлогу нацыянальным сьцягам Беларусі з гербам «Пагоня».ю
Прымусілі кінуць на падлогу
У красавіку затрымалі дзевяць гамельчукоў за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы ў інтэрнэце. Аднаго з мужчын сілавікі прымусілі сарваць са сьцяны бел-чырвона-белы сьцяг і кінуць яго на падлогу.
Прымусілі накінуць на сябе
Да кпінаў сілавікоў можна аднесьці выпадкі, калі беларусаў прымушаюць запісваць відэа са сьцягам на плячах або так выводзяць іх з дому пры затрыманьні.
Сёлета ў жніўні затрымалі Дзьмітрыя Емяльянава за рэгістрацыю ў чат-боце «Перамога» і ўдзел у акцыі пратэсту. Па яго прыйшлі сама меней сем сілавікоў у поўнай экіпіроўцы, выламалі дзьверы ў кватэру, паклалі яго тварам у падлогу, жанчыну побач паставілі на калені. Дзьмітрыя выводзілі з дому з нацыянальным сьцягам на плячах.
У ліпені ГУБАЗіК затрымаў двух менчукоў за ўдзел у пратэстах. Аднаго зь іх паставілі на калені, надзелі кайданкі, абгарнулі бел-чырвона-белым сьцягам, на галаву паклалі прэзэрватывы, а ў майткі ўсунулі сэкс-цацкі.
Сытуацыя маральнага выбару і траўмы
Псыхоляг Натальля Станкевіч сказала Свабодзе, што бел-чырвона-белы сьцяг — гэта бачны знак пратэсту, які паказвае, што «нічога ня скончылася, людзі супраць». Гэта і раздражняе сілавікоў. Падобныя сымбалі — белая стужка на руцэ, спалучэньне бел-чырвона-белых колераў у адзеньні, крытычныя камэнтары ў інтэрнэце. За ўсё гэта працягваюць арыштоўваць.
Аднак, на думку псыхоляга, сутнасьць ня столькі ў сьцягу. У выпадку з прымусам беларусаў зьдзекавацца над нацыянальным сьцягам, тлумачыць Натальля Станкевіч, галоўная мэта сілавікоў — зламаць чалавека.
«Сілавікі ведаюць, што для людзей бел-чырвона-белы сьцяг — гэта каштоўнасьць, і імкнуцца паставіць чалавека ў сытуацыю маральнага выбару і маральнай траўмы. Або мы цябе заб’ем, або ты разбураеш каштоўнасьць — мыеш сьцягам падлогу», — апісвае схему спэцыялістка.
Яна кажа, што разьлік сілавікоў можа быць на тое, што чалавек пасьля такога выбару і траўмы, якую ён праз гэта атрымае, можа палічыць сябе нягодным працягваць пратэст.
«Але гэта маніпуляцыя, вельмі брудная, якая мае на мэце зламаць чалавека. Калі чалавек памыў сьцягам падлогу, гэта ня значыць, што ён дрэнны ці слабы. Спужацца ў гэтай сытуацыі цалкам нармальна. Усе мы маем права ратаваць сваё жыцьцё», — падсумоўвае псыхоляг.
Іншая сытуацыя — з прымусовымі відэа апанэнтаў Лукашэнкі, дзе фігуруе бел-чырвона-белы сьцяг, мяркуе суразмоўца. Там мэта сілавікоў, на думку псыхоляга, — расчалавечыць чалавека.
«Мы бачым на такіх відэа людзей у цяжкім становішчы, са сьлядамі зьбіцьця. Думаю, мэта сілавікоў — ня даць шанцу прыхільнікам Лукашэнкі адчуць спачуваньне. Калі мы проста пасадзім зьбітага чалавека і запішам відэа, то, можа, нават лукашысты паспачуваюць. А калі мы пасадзім яго са сьцягам, то гэта яго расчалавечыць. Прыхільнікі рэжыму будуць бачыць сьцяг, а не чалавека», — тлумачыць Натальля Станкевіч.
Яна працягвае, што расчалавечваньне праціўніка — гэта адзін з прыёмаў прапаганды. Адсюль і ярлыкі, якія прычапляюць апанэнтам рэжыму: «змагары», «бчб-шнікі».
«Ім вельмі важна зьвярнуць увагу, што гэта ня людзі, а бчб-шнікі. Прыхільнікі рэжыму ў такім выпадку ўжо ня бачаць чалавека, якому балюча, які пакутуе, а бачаць сымбаль», — кажа псыхоляг.