Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітчэл, Муракамі, Эплбаўм. Міністэрства інфармацыі дадало яшчэ 27 кніг у сьпіс забароненых для распаўсюду ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З пачатку 2025 году Міністэрства інфармацыі Беларусі дадало яшчэ 27 кніг у сьпіс забароненых для распаўсюду ў Беларусі друкаваных выданьняў. Агулам у сьпісе ўжо 92 пазыцыі.

Сярод іншага, у «Сьпіс друкаваных выданьняў, якія зьмяшчаюць інфармацыйныя паведамленьні і (або) матэрыялы, распаўсюд якіх здольны нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», трапіла кніга «За жалезнай заслонай. Заняволеньне Ўсходняй Эўропы (1946-1956)» журналісткі і дасьледніцы Энн Эплбаўм, жонкі міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага (у сьпісе Энн Аплбаум). Раней у сьпіс унесьлі яе кнігу «ГУЛАГ».

Таксама сьпіс папоўнілі раман Дэйвіда Мітчэла «Воблачны атляс» (кніга трапіла ў топ-100 найлепшых кніг XXI стагодзьдзя па вэрсіі The Guardian, па ёй у 2012 годзе зьнялі аднайменны фільм) і раман «Нявіньніцы-самазабойцы» амэрыканскага пісьменьніка Джэфры Эўгенідзіса (таксама быў экранізаваны), «Дзеці з камэры захоўваньня» японскага пісьменьніка Рю Муракамі, «Самотны мужчына» і «Бывай, Бэрлін!» амэрыканскага пісьменьніка Крыстафэра Ішэрвуда, «Дом на краі сьвету» ляўрэата Пулітцэраўскай прэміі амэрыканца Майкла Канінгэма, «Пакой Джавані» Джэймса Болдуіна, «Мядзьведжы кут», «Мы супраць вас» і «Пасьля буры» швэдзкага пісьменьніка Фрэдрыка Бакмана і інш.

Агулам абноўлены сьпіс забароненых друкаваных выданьняў налічвае ўжо 92 пазыцыі. У ім — кнігі і сэрыі кніг, прысьвечаныя гісторыі, сталінскім рэпрэсіям, тэмам сэксу, гендэру і адносінаў.

Калі забароненую літаратуру выявяць у продажы ў Беларусі, Міністэрства інфармацыі будзе «спыняць тэрмін дзеяньня пасьведчаньня аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасьці распаўсюдніка друкаваных выданьняў».

У студзені ў гэтым сьпісе Міністэрства інфармацыі было 65 кніг, «у зьмесьце якіх устаноўлена наяўнасьць інфармацыйных паведамленьняў і матэрыялаў, распаўсюд якіх здольны нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам».

Мастацкая і гістарычная літаратура ў Беларусі пэрыядычна папаўняе і «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», які таксама вядзе Міністэрства інфармацыі.

  • З жніўня 2020 году ўлады Беларусі скасавалі або прыпынілі ліцэнзіі практычна ўсіх незалежных выдаўцоў: «Медысонт», «Галіяфы», «Лімарыюс», «Кнігазбор», «Янушкевіч», выдавецтва Зьмітра Коласа і інш. Больш за дзясятак выдавецтваў і выдаўцоў выехалі зь Беларусі за мяжу.
  • Міністэрства інфармацыі Беларусі стварыла і вядзе «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», у які ўключаюць ня толькі ранейшыя публікацыі незалежных мэдыя, але і мастацкую, гістарычную літаратуру. Так, 15 кастрычніка 2024 году ў яго ўключылі выбраныя творы Вацлава Ластоўскага, выдадзеныя ў сэрыі «Беларускi кнiгазбор» у 1997 годзе, а ў канцы жніўня ў сьпіс уключылі тры кнігі гісторыка Ігара Мельнікава, асуджанага 13 верасьня на 4 гады пазбаўленьня волі за інтэрвію «Эўрарадыё». У чэрвені ў сьпіс уключылі прадмову літаратуразнаўцы Язэпа Янушкевіча да двухтомніка «Драматычныя творы, вершаваныя аповесьці і апавяданьні» Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG