Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як «нафтавы кашалёк» Лукашэнкі Тарнаўскі пазьбег санкцыяў, — расьсьледаваньне


Анатоль Тарнаўскі — беларускі бізнэсовец украінскага паходжаньня з расейскім пашпартам, уладальнік некалькіх найбуйнейшых кампаніяў Беларусі, кавалер ордэна Рускай праваслаўнай царквы.

Ён, напэўна, самы буйны «нафтавы кашалёк» Аляксандра Лукашэнкі, і адначасова адзін з самых непублічных, гаворыцца ў новым расьсьледаваньні Беларускага расьсьледніцкага цэнтру (БРЦ).

Бізнэсовец застаецца інкогніта і ва ўласных кампаніях. Гэта дапамагае яму гадамі ўхіляцца ад санкцыяў і выводзіць прыбытак ад гандлю беларускімі нафтапрадуктамі за мяжу, адзначаюць расьсьледнікі.

У 2012 годзе Анатоль Тарнаўскі і ягоная кампанія «Юнівест-М» трапілі ў чорны сьпіс Эўразьвязу з прычыны сувязяў з Лукашэнкам (тады ЭЗ увёў санкцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2010 годзе).

Бізнэсовец адначасова і аспрэчваў абмежаваньні праз суд, і спрабаваў абысьці іх. Праз два з паловай гады, у 2014-м, яго выкрасьлілі з санкцыйнага сьпісу.

З таго часу Тарнаўскі працягнуў зарабляць і ў Беларусі, і ў Эўропе. Пры дапамозе грамадзяніна Швайцарыі Стэфана Брунэра ён пераводзіў грошы паміж сваімі кампаніямі. Усё гэта — застаючыся нябачным для заходніх рэгулятараў.

Паводле расьсьледнікаў, Брунэр валодаў кіпрскай кампаніяй Medesoil Trading Limited, якая спэцыялізуецца на гандлі нафтапрадуктамі. У 2015 годзе большую частку акцый кампаніі перадалі дачцэ Тарнаўскага Натальлі, а ў лютым 2016-га яна стала яе аднаасобнай уладальніцай.

Заснавальнік Medesoil Trading — кіпрская кампанія Finservus Limited, якую брытанскія СМІ раней называлі намінальным акцыянэрам алігархаў Расеі — Рамана Абрамовіча і Канстанціна Малафеева. Finservus пазбавілася ад акцый Medesoil адразу ж у дзень яе стварэньня. Паводле расьсьледаваньня, гэта было зьвязана з тым, што Finservus зьяўляецца кіпрскім пастаўшчыком карпаратыўных паслуг MeritServus, які выкарыстоўвае яе для кіраваньня акцыямі сотняў кампаній па даручэньні сваіх кліентаў. Мяркуецца, што Finservus сапраўды была намінальным уладальнікам Medesoil Trading.

Ад даты заснаваньня ў 2012 годзе да 2021 году выручка кампаніі перавысіла два мільярды даляраў, а чысты прыбытак за гэты час склаў каля 10 млрд даляраў.

Кампанія закупляла нафтапрадукты ў «Беларускай нафтавай кампаніі». Пра гэта БРЦ даведаўся з дакумэнтаў дзякуючы выцеку з архіваў афшорных правайдэраў, якія кіруюць кіпрскімі кампаніямі, аднак паказальна, што тэндэраў на гэтыя кантракты на сайце БНК знайсьці не ўдалося. Кампанія таксама ўзаемадзейнічала з сусьветнымі трэйдэрамі.

Натальля Тарнаўская па-ранейшаму зьяўляецца бэнэфіцыярам Trading і атрымлівала дывідэнды ў 2020 і 2021 гадах.

Больш падрабязна пра тое, як Тарнаўскаму ўдаецца ўвільваць ад заходніх санкцый, хто дапамагае яму ў гэтым і як ён зьнік з дакумэнтаў уласных кампаній — у расьсьледаваньні БРЦ.

  • Чарговае расьсьледаваньне БРЦ — частка праекту Cyprus Confidential, арганізаванага ICIJ і Paper Trail Media. Больш за 270 журналістаў з розных краін у яго межах працавалі над тым, каб раскрыць сакрэты падатковых гаваняў. Восем месяцаў яны вывучалі 3,6 мільёна канфідэнцыйных дакумэнтаў (1,31 тэрабайта дадзеных), якія сталі даступныя ў выніку выцеку ад афшорных правайдэраў, якія кіруюць падстаўнымі кампаніямі на Кіпры. Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы OCCRP і «Кібэрпартызанаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG