Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд прызнаў «Беларускі расьсьледніцкі цэнтар», які выкрывае злачынствы чыноўнікаў, «экстрэмісцкай арганізацыяй»


Кіраўнік БРЦ Станіслаў Івашкевіч
Кіраўнік БРЦ Станіслаў Івашкевіч

Пра прызнаньне БРЦ экстрэмісцкай арганізацыяй паведаміла Генэральная пракуратура.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, такое рашэньне прыняў судзьдзя Сяргей Мікалаеў.

Судовы працэс пры гэтым праходзіў у закрытым рэжыме з удзелам КДБ.

На думку Генпракуратуры Беларусі, інфармацыя, якую публікуе БРЦ, падаецца так, каб:

  • «сьвядома павысіць узровень напружанасьці ў грамадзтве,
  • стварыць атмасфэру непрыманьня дзеяньняў органаў дзяржулады,
  • падарваць аўтарытэт Беларусі на міжнароднай арэне».

У БРЦ паведамілі, што суд забараніў прадстаўнікам арганізацыі ўдзельнічаць у пасяджэньні па відэасувязі, што, паводле іх, «сьведчыць аб прадузятасьці судзьдзі». Суд спасылаецца на тое, што ў Чэхіі, дзе зарэгістраваны БРЦ, нібыта няма дамоўленасьці зь Беларусьсю аб удзеле ў судах праз відэасувязь. Гэта, як зазначае БРЦ, няпраўда.

У адказ на рашэньне суду БРЦ заявіў, што ад гэтага часу будзе выпускаць свае расьсьледаваньні на беларускай мове з расейскімі ангельскімі субтытрамі. Таксама расьсьледавальнікі паабяцалі «нарасьціць абароты».

«Летась мы раскрылі карупцыйных схем у Беларусі і за яе межамі на мільярд даляраў, сёлета – пастараемся павялічыць гэты паказьнік», – заявіў кіраўнік БРЦ Станіслаў Івашкевіч.

Беларускі расьсьледніцкі цэнтар — незалежная арганізацыя, якая спэцыялізуецца на журналісцкіх расьсьледаваньнях. БРЦ — сябра Міжнароднага цэнтру дасьледаваньняў карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP), пэрыядычна супрацоўнічае з журналістамі зь іншых краін у межах сумесных расьсьледаваньняў.

Журналісты БРЦ — ляўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расьсьледаваньні ў 2018, 2019, 2020 і 2021 гадах.

  • У канцы чэрвеня 2022 году на падставе рашэньня Міністэрства інфармацыі ў Беларусі быў абмежаваны доступ да сайту Беларускага расьсьледніцкага цэнтру. Гэта адбылося пасьля таго, як там выйшаў матэрыял пра маёмасьць беларусаў у Дубаі.
  • Генпракурор Андрэй Швед на прапанову старшыні Камітэту дзяржбясьпекі Івана Тэртэля яшчэ ў лютым 2023 накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб прызнаньні БРЦ экстрэмісцкай арганізацыяй і выступіў з хадайніцтвам аб забароне яе дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі.
  • Апошнім часам БРЦ актыўна займаецца расьсьледаваньнем таго, як беларускім дзяржаўным прадпрыемствам удаецца абыходзіць замежныя санкцыі.

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG