Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў апублікавалі доўгі сьпіс кніг, намінаваных на беларускую паэтычную прэмію імя Натальлі Арсеньневай за 2024 год.
Доўгі сьпіс намінантаў:
- «Момант цішыні» — Надзея Амельчанка (зашыфраваны ўдзел, сапраўдныя зьвесткі пра кнігу і аўтарства не абвяшчаюць публічна);
- «Амаль» — Вера Бурлак (выдавецтва hochroth Minsk);
- «Пад асобнымі коўдрамі» — Вольга Гапеева (выдавецтва Skaryna Press);
- «Аранжавы» — Віктар Жыбуль (выдавецтва hochroth Minsk);
- «Непрамо(ў)ленае» — Анатоль Івашчанка (выдавецтва Skaryna Press);
- «Акрамя» — Павал Капанскі (без выдавецтва);
- «Без Айчыны. Кніга турмы і замежжа» — Уладзімер Някляеў (выдавецтва Калегіюму Ўсходняй Эўропы);
- «Гіброіды» — Сяргей Прылуцкі (выдавецтва «Мяне няма»);
- «Нічога нястрашнага» — Сяргей Прылуцкі (выдавецтва hochroth Minsk);
- «Дзікае паляваньне караля Стаха: Вершы да опэры» — Андрэй Хадановіч (выдавецтва Gutenberg Publisher).
Паводле Статуту прэміі, у доўгім сьпісе можа быць ад 6 да 10 кніг, але сёлета журы вырашыла скласьці максымальна пашыраны варыянт — праз «багаты ўраджай» якасных зборнікаў.
Кароткі сьпіс намінантаў абвесьцяць неўзабаве, а пераможца стане вядомы 24 траўня 2025 году.
Сёлета ў журы 5 чалавек: паэты і паэткі, літаратуразнаўцы, а таксама «ўважлівыя чытачы і чытачкі, якія па-сапраўднаму любяць і разумеюць паэзію». Сярод публічных сяброў журы — літаратуразнаўца Ульяна Верына, пісьменьнік, рэдактар, літаратуразнаўца і крытык Сяргей Дубавец і Ганна Шакель, паэтка і перакладніца, рэдактарка часопісу «Taŭbin», ляўрэатка прэміі імя Натальлі Арсеньневай за 2023 год.
Прэмія Натальлі Арсенневай — штогадовая ўзнагарода за найлепшую кнігу беларускай паэзіі, заснаваная Беларускім ПЭНам і Міжнародным саюзам беларускіх пісьменьнікаў, каб ушанаваць памяць адной з найвыбітнейшых беларускіх паэтак ХХ стагодзьдзя Натальлі Арсеньневай, аўтаркі верша «Магутны Божа».
Пераможцы прэміі імя Натальлі Арсеньневай мінулых гадоў:
- 2024 — Ганна Шакель з кнігай «Цела мігдалу»
- 2023 — Наста Кудасава з кнігай «Побач»
- 2022 — Дар’я Бялькевіч з кнігай «Сьлёзы на вецер»
- 2021 — Алеся Башарымава з кнігай «Расамаха»
- 2020 — Андрэй Хадановіч з кнігай «Школа травы»
- 2019 — Марыя Мартысевіч з кнігай «Сарматыя»
- 2018 — Алесь Разанаў з кнігай «Перавыбранае»
- 2017 — Уладзімер Някляеў з кнігай «Толькі вершы»
Форум