Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве пратэстуюць супраць плянаў увесьці ўсеагульны падатак на нерухомасьць


На мітынгу ў Вільні супраць «усеагульнага падатку» на нерухомасьць
На мітынгу ў Вільні супраць «усеагульнага падатку» на нерухомасьць

У Вільні тысячы людзей выйшлі на антыўрадавы мітынг на галоўным Катэдральным пляцы супраць так званага ўсеагульнага падатку на нерухомасьць, які прапануе ўвесьці літоўскае Міністэрства фінансаў.

Як піша «Настоящее время», пратэстоўцы стаялі з плякатамі і скандавалі: «Ганьба!», «Паразыты ва ўладзе, рукі прэч ад нашага жыльля!», «Мая хата — мая цьвярдыня!», «Скажам „НЕ“ дзяржаўнаму рэкету!».

Цяпер у Літве падаткам абкладаюць толькі нерухомасьць, цана якой перавышае 150 тысяч эўра. Аднак з улікам розных паслабленьняў і льготаў значная частка ўласьнікаў увогуле ня плаціць падатак: зараз афіцыйна зборы спаганяюць прыкладна з 35 тысяч уласьнікаў жыльля.

У Міністэрстве фінансаў Літвы хацелі б павялічыць гэтую лічбу да 700 тысяч платнікаў. Для жыльля, якое каштуе ад 40 тысяч да 200 тысяч эўра, прапануюць стаўку падатку 0,1%, для жыльля ад 200 да 400 тысяч эўра — 0,2%, ад 400 да 600 тысяч эўра — 0,5%, а даражэйшага за 600 тысяч эўра — 1%.

Канчатковае рашэньне аб усеагульным падатку на нерухомасьць пакуль не прынятае. Калі прапанаваную літоўскім Мінистэрствам фінансаў падатковую рэформу ўсё ж зацьвердзіць Сейм, уладальнікі кватэраў коштам, напрыклад, 50 тысяч эўра будуць плаціць 50 эўра ў год, а ў цэлым дзяржаўны бюджэт за год папоўніцца больш як на 45 мільёнаў эўра.

Галоўны аргумэнт ведамства — краіне патрэбныя грошы на павелічэньне ўзброеных сілаў і іх пераўзбраеньне ў сувязі з ростам расейскай пагрозы краінам Балтыі. За найбліжэйшыя пяць гадоў Літва мае намер давесьці свае вайсковыя выдаткі да 5-6% ВУП, для гэтага патрэбныя дадатковыя паступленьні ў дзяржаўны скарб. У больш працяглай пэрспэктыве, калі геапалітычная сытуацыя стабілізуецца, паступленьні за кошт гэтых збораў плянуюць аддаваць муніцыпалітэтам для разьвіцьця інфраструктуры.

Мітынгоўцы абвінавацілі прэм’ера і ўзначаленых ім сацыял-дэмакратаў у падмане выбарнікаў. Да парлямэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў Літве восеньню 2024 году, сацыял-дэмакраты, будучы ў апазыцыі, выступалі супраць падатку на нерухомасьць, але калі атрымалі ўладу — зьмянілі пазыцыю.

Многія жыхары Літвы катэгарычна не разумеюць, чаму павінны плаціць падатак на дамы, якія даўно ім належаць.

«Я набыў маёмасьць і заплаціў усе падаткі! Чаму я мушу плаціць яшчэ? Нерухомасьць не прыносіць мне прыбытку! Мы плацім падаходны падатак, плацім ПДВ. Чаму мы павінны дадаткова плаціць за тое, што ўжо аплацілі?» — кажа адзін з пратэстоўцаў.

У той самы час буйны бізнэс у Літве ідэю падатку на нерухомасьць падтрымлівае.

«Літва, падобна, ужо дасьпела да таго, каб увесьці падатак на нерухомасьць. І, напэўна, гэта трэба зрабіць, бо мы ня можам заставацца адной з разьвітых краін, дзе няма такога падатку», — кажа Раландас Валюнас, кіраўнік праўленьня асацыяцыі Investors’ Forum.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG