Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызнаў дэфіцыт мэдыкаў: «Некаторыя лекары зьбеглі са сваёй прафэсіі і чорт ведае чым займаюцца»


Беларускія мэдыкі, архіўнае фота
Беларускія мэдыкі, архіўнае фота

«Так, у нас недзе не хапае лекараў. Некаторыя лекары зьбеглі са сваёй прафэсіі і чорт ведае чым займаюцца. З часам мы і гэтую праблему вырашым», — заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас паездкі ў Менскі раён 27 кастрычніка.

Лукашэнка Аляксандар прапанаваў сваё вырашэньне праблемы.

«Ёсьць у мяне варыянты. Ты лекар — ідзі працуй. Не — кладзі дыплём, — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. — Ня хочуць: шэсьць гадоў і дыплём кінуць. Ніхто не жадае. Дык калі ты не працуеш, які ты дыплямаваны лекар? Гэта значыць, парадак трэба навесьці. Хапае ў нас адмыслоўцаў, яшчэ і іншым дапаможам. У Афрыку паляцім хутка: там нас чакаюць, моляцца на нас. Ужо групы туды зьезьдзілі, паказалі, дзе што мы можам зрабіць, чым можам дапамагчы».

Да разгляду праблем у гэтай галіне Лукашэнка мае намер вярнуцца ў наступным годзе:

«Ахову здароўя трэба прыводзіць у прытомнасьць. Ад студэнта (і, можа, са школы, каб ведалі, куды ідуць) да працы ў шпіталі». Ён нагадаў, што ў Беларусі працуе міжведамасная працоўная група па праверцы сыстэмы аховы здароўя. Дасягненьнем гэтай групы, паводле яго слоў, стала тое, што «ФАПы, участковыя бальніцы, [аддзяленьні] сястрынскага догляду, раённыя бальніцы ўзварушылі сур’ёзна».

21 верасьня Лукашэнка на нарадзе па пытаньнях сыстэмы адукацыі прапанаваў павялічыць тэрмін адпрацоўкі па разьмеркаваньні да пяці, а для навучэнцаў па мэтавым накіраваньні — да сямі гадоў.

«Спэцыялісты непрымальна для краіны зьяжджаюць за мяжу, а мы так гэта спакойна ставімся», — аргумэнтаваў ён сваю пазыцыю.

26 студзеня міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч заявіў, што вырашаць праблему недахопу лекараў плянуецца шляхам павелічэньня долі мэтавага набору ў мэдычныя ВНУ. У гэтым годзе мэтавы набор склаў 60% ад агульнай колькасьці новых студэнтаў, пазьней будзе павялічаны да 80%. Выпускнікі абавязаныя адпрацаваць па разьмеркаваньні пяць і больш гадоў, астатнія бюджэтнікі — два гады.

  • У рэспубліканскім банку вакансій на 27 кастрычніка ёсьць 4894 заяўкі на лекараў-спэцыялістаў (у канцы красавіка іх было 4829, студзеня — 4545, у канцы чэрвеня мінулага году — 3862).
  • Ня менш як 205 беларускіх мэдыкаў страцілі працу з палітычных матываў, паведамляла ініцыятыва «Белыя халаты» са спасылкай на Фонд мэдычнай салідарнасьці.
  • Сама меней 17 чалавек перасьледавалі ў крымінальным парадку. Мінімальны тэрмін пакараньня — 1,5 года абмежаваньня волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, максымальны — 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
  • Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, у сыстэме аховы здароўя працуе 308 тысяч чалавек.
  • Зь іх непасрэдна мэдычных работнікаў больш за 182 тысячы, у тым ліку больш за 51,5 тысячы лекараў-спэцыялістаў і больш за 112,8 тысячы сярэдніх мэдычных работнікаў.
  • У арганізацыях аховы здароўя працуе каля 47,5 тысячы лекараў-спэцыялістаў і больш як 112,3 тысячы сярэдніх мэдработнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG