Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зеркало»: У лякарнях Гомельскай вобласьці мэдыкаў цяпер звальняюць толькі па ўзгадненьні з выканкамам


У Рэчыцкай раённай лякарні супрацоўнікаў, якія хочуць звольніцца, цяпер адпускаюць пасьля ўзгадненьня зь мясцовым выканкамам. Як даведалася «Зеркало», такая сыстэма ўжо дзейнічае па ўсёй Гомельскай вобласьці — гэта распараджэньне мясцовых чыноўнікаў.

«У адзін дзень загадчыца прыйшла з мэдычнай пяціхвілінкі і кажа: выйшла распараджэньне, цяпер усе звальненьні — толькі з дазволу выканкаму», — на ўмовах ананімнасьці расказала «Зеркалу» супрацоўніца Рэчыцкай ЦРЛ.

Паводле яе, у адміністрацыі не патлумачылі, чыё гэтае распараджэньне і якімі дакумэнтамі рэгулюецца. Жанчына кажа, што ў лякарні ад новаўвядзеньня былі «мякка кажучы, у шоку», хоць яна і яе калегі і не зьбіраюцца зараз мяняць працу.

Як расказала супрацоўніца Рэчыцкай лякарні, нагрузкі ў іх цяпер «вар’яцкія» з прычыны вялікага недахопу супрацоўнікаў — пачынаючы ад санітарак і заканчваючы лекарамі. Раней лекары, каб падзарабіць бралі ў якасьці падпрацоўкі вольныя стаўкі, расказвае жанчына, але нядаўна ім сказалі, што гэтыя нікім не занятыя стаўкі будуць скарачаць.

«Атрымліваецца, мы працу будзем рабіць тую ж, а грошай атрымліваць менш, даплачваць ніхто не зьбіраецца», — расказала жанчына.

У сярэдзіне верасьня ў раённай лякарні Рэчыцы было па 15 вакансіяў лекараў-спэцыялістаў і санітарак, яшчэ 20 чалавек — на пазыцыю сярэдняга мэдыцынскага пэрсаналу.

Журналістка «Зеркала» патэлефанавала ў Рэчыцкую цэнтральную раённую лякарню як патэнцыйны кандыдат на адну з вакансій і спытала, ці праўда, што звальненьне супрацоўніка там узгадняюць зь мясцовымі чыноўнікамі.

«Па дамове бакоў — узгадненьне з выканкамам цяпер ва ўсіх раёнах», — сказалі па тэлефоне ў лякарні і дадалі, што такую меру ўвялі, «каб не было цякучкі работнікаў».

У той жа час на пытаньне журналісткі, што калі чалавеку давядзецца звольніцца, напрыклад, у сувязі зь пераездам па працы мужа, ёй адказалі, што ў такім выпадку гэта будзе звальненьне не па дамове бакоў, а па патрабаваньні работніка, таму «ў такой сытуацыі ўзгадненьне з выканкамам ня трэба».

Таксама журналістка выданьня як фізычная асоба патэлефанавала ў Галоўнае ўпраўленьне аховы здароўя Гомельскага аблвыканкаму, там пацьвердзілі, што такое распараджэньне ёсьць.

«Гэта каб не было цякучкі кадраў, у лякарні аб кожным супрацоўніку зьбіраюць інфармацыю — і ўзгадняюць яго звальненьне з выканкамам. Гэта мясцовае распараджэньне, гомельскае. У іншых гарадах гэтага няма», — адказалі ў ведамстве.

Мэдыкі зь іншых рэгіёнаў, зь якімі пагутарыла «Зеркало», казалі, што ў іх установах ніякіх новаўвядзеньняў для тых, хто хоча звольніцца, ня ўводзілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG