Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Добра, што сэрца схапіла не ў райцэнтры, там бы дакладна памёр». Як нястача мэдыкаў адбіваецца на аказаньні дапамогі ў правінцыі


Каляж
Каляж

У Беларусі не стае мэдыкаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у краіне звыш 6,5 тысячы вакансій лекараў. Фонд мэдыцынскай салідарнасьці сьцьвярджае, што з краіны выехалі як мінімум тысяча дактароў-практыкаў. Свабода пагутарыла з жыхарамі беларускай глыбінкі пра мэдыцыну.

Тры гады ў Беларусі працягваецца палітычны крызіс, які закрануў усе сфэры жыцьця. Пацярпела і сыстэма аховы здароўя. Спачатку адбылася эпідэмія каранавірусу, затым пратэсты, пасьля якіх неляяльных да ўладаў лекараў звальнялі. Многія зь іх падаліся ў эміграцыю. Прыватныя мэдцэнтры пазбаўляюць ліцэнзій. Жыхары невялікіх райцэнтраў расказалі Свабодзе, як сытуацыя выглядае на месцах.

На невялікі райцэнтар — 17 вакансій мэдыкаў

У Лоеўскім раёне жывуць каля 11 тысяч чалавек, 6 тысяч зь іх — у самім райцэнтры. Па стане на 8 верасьня тут прапаноўваюць працу 17 спэцыялістам-мэдыкам.

Прычым у сакавіку 2022 году ў цэнтральнай раённай лякарні Лоева было толькі 5 вакансій.

Яна ўключае ў сябе стацыянар на 92 ложкі (тэрапія, хірургія і рэанімацыя), раённую паліклініку і фэльчарска-акушэрскія пункты ў вёсках. У буйных вёсках ёсьць яшчэ амбуляторыі дактароў агульнай практыкі.

Амбуляторый у раёне тры. У дзьве шукаюць загадчыкаў на заробак 1800 рублёў і зубных фэльчараў на 730 рублёў. Раённы шпіталь таксама мае патрэбу ў мэдсёстрах (350–600 рублёў), шукаюць стаматоляга-хірурга (1260 рублёў), тэрапэўта, оталярынголяга, двух пэдыятраў, лекара хуткай дапамогі, псыхіятра, доктара-дыягноста.

Лоеўскі раён лічыцца адным зь бедных у Гомельскай вобласьці. У больш эканамічна пасьпяховым Мазырскім раёне таксама шмат мэдычных вакансій. Толькі гарадзкі шпіталь мае патрэбу ў 17 лекарах і трох мэдсёстрах. У шпіталі чакаюць на анэстэзіёляга, траўматоляга, хірурга, тэрапэўта, рэнтгеноляга, псыхіятра, кардыёляга і іншых спэцыялістаў.

Веткаўская раённая лякарня (гэта сама лякарня плюс паліклініка і ФАП у вёсках. — РС) шукае 36 супрацоўнікаў. Зь іх 12 — дактары-спэцыялісты з вышэйшай адукацыяй.

Лябарантка рэнтгену ня ведала назву частак цела

Жыхар Лоеўскага раёну расказаў Свабодзе на ўмовах ананімнасьці пра лячэньне ў раённай паліклініцы. Дзьмітры (імёны ўсіх герояў зьмененыя ў мэтах бясьпекі. — РС) зламаў нагу. З такой праблемай ён зьвярнуўся ў раённую паліклініку. Нагу «сабралі» і загіпсавалі. Праз пэўны час Дзьмітрый прыйшоў на прыём да хірурга.

«Таго хірурга я ня ведаю, бо я зьвяртаюся вельмі рэдка ў шпіталь, лекары зьмяняюцца. На здымку ўбачылі, што нага няправільна зраслася. Першапачаткова косткі „няправільна“ склалі. Я раззлаваўся тады і паехаў у Гомель да хірурга», — кажа вясковец.

Там яму «перарабілі» нагу і параілі праз пэўны час прайсьці рэнтген.

«Рэнтген ёсьць у раённым шпіталі. Я прыйшоў, там маладая зусім мэдсястра-лябарантка. Яна доўга вывучала накіраваньне на рэнтген з вобласьці, потым сарамліва запыталася ў мяне: „Прабачце, а што такое галёнка?“. Пра што можна гаварыць увогуле?», — абураецца Дзьмітры. Ён кажа, што стараецца не наведваць лякарню.

«У майго брата хворае сэрца. Яго ўратавала тое, што прыступ здарыўся ў Гомлі. Завезьлі ў кардыялёгію адразу і выратавалі. Каб гэта ў нас у раёне здарылася, яму б тут канец быў», — лічыць Дзьмітры.

Ён дадаў, што ў шпіталі толькі некалькі «пастаянных» лекараў. Астатнія, асабліва такія спэцыялісты, як анколяг ці эндакрыноляг, езьдзяць «вахтамі» з Гомля.

Суразмоўца кажа, што раённая лякарня — сучасны, камфортны будынак.

«Але ўзровень мэдыкаў мог бы быць лепшым», — дадаў ён. Паводле Дзьмітрыя, у лякарні і паліклініцы працуе толькі адзін хірург. «І як яму разарвацца на часткі? Там апэрацыя, тут — хворыя на прыёме», — кажа вясковец.

Праблемы з доступам да мэдыцынскай дапамогі ёсьць і ў Гомельскім раёне, расказала жыхарка адной зь вёсак у прыгарадзе Гомля. Яе дачка нядаўна зламала руку.

«Мы жывём у вёсцы. Наша „прапіска“ — у дзіцячай паліклініцы ў Навабеліцкім раёне Гомля. Значыць, трэба ехаць у горад. Але кабінэт хірурга знаходзіцца ў іншай паліклініцы! А рэнтген наогул накіроўваюць рабіць у іншы раён, на Быхаўскую. Гэта Савецкі раён Гомля, туды трэба ехаць са зламанай рукой праз увесь горад! Так і жывём», — зазначыла Алеся.

На зьмене адны і тыя ж лекары і мэдсёстры, іх няма каму замяніць

На сайце Дзяржаўнай службы занятасьці (падразьдзяленьне Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. — РС) знаходзім 40 вакансій працы ў Сьветлагорскай цэнтральнай раённай лякарні. Апроч кухараў, дворнікаў, мэдсясьцёр ці спэцыялістаў па кадрах тут шукаюць 10 дактароў-спэцыялістаў.

Жыхар Гомельскай вобласьці быў у службовай выправе ў Акцябрскім і там захварэў.

«У мяне быў вельмі моцны прыступ панкрэатыту, ванітавала ўжо зялёным. Выклікаў „хуткую“, павезьлі не ў Акцябрскі шпіталь, а ў суседні Сьветлагорск. Сказалі, што ў Акцябрскім з такім не дапамогуць. Маўляў, няма абсталяваньня. У Сьветлагорску я трапіў у рэанімацыю. Там дапамаглі, але за гэты час пераездаў, як самі сказалі лекары, я мог бы і памерці», — кажа Міхаіл.

Пасьля рэанімацыі яго перавялі ў палату. Па словах суразмоўцы, ён зьдзівіўся таму, што штодня на зьменах былі адны і тыя ж і лекары, і мэдсёстры.

«Я спытаўся, чаму адны і тыя ж людзі штодзень. Мне сказалі, што ў іх палову пэрсаналу не хапае, таму ніхто не зьмяняе», — кажа беларус.

Пасьля выпіскі (на якой ён сам настаяў. — РС) Міхаіл пайшоў на вакзал, каб ехаць дахаты. Кажа, што там яму зноў зрабілася блага і ён выклікаў «хуткую».

«Прывезьлі мяне назад, лекар адмовіўся браць. Кажа, у нас і так вялікая загрузка, ты ж сам адмовіўся ад шпіталізацыі», — дадае суразмоўца.

«Лекары добрыя, але ім па 70 гадоў ужо»

У Іўеўскім раёне жывуць каля 20 тысяч чалавек. У самім райцэнтры насельніцтва трохі большае за 7 тысяч. Тут працуе раённая лякарня. Калі верыць сайту мэдыцынскай установы, для структуры «Цэнтральная раённая лякарня» (гэта лякарня плюс паліклініка, ФАПы і амбуляторыі ў вёсках) шукаюць 30 супрацоўнікаў.

Тут маюць патрэбу ў тэрапэўтах, псыхіятры, дыягностах, афтальмолягу, эндакрынолягу, траўматолягу. Шукаюць і мэдсясьцёр.

Жыхарка райцэнтру Марыя кажа, што ў раёне «пэрыядычна» ўзьнікае праблема з тэрапэўтамі.

«Бо моладзь па разьмеркаваньні прыедзе — і хутка ідзе ў дэкрэтны водпуск; нашы мясцовыя працуюць, але ім па 70 гадоў», — кажа Марыя.

Паводле яе, у раёне толькі адна лекарка-гінэколяг умее рабіць «вагінальнае УГД».

«Таму ёсьць праблема і з гінэколягамі, і з тым, каб трапіць на прыём да іх. І, калі што, трэба ехаць у Ліду, бо там лепшае абсталяваньне і ня ўсе аналізы можна зрабіць у Іўі», — тлумачыць беларуска.

Жанчына вельмі хваліць лекараў зь дзённага стацыянару. Кажа, што яны добрыя і адказныя спэцыялісты.

«Але нам апошнім часам зьмянілася сыстэма аказаньня дапамогі, калі бясплатна. Цяпер так адбываецца, што на дзённым стацыянары ты 5 дзён лечысься бясплатна, потым мусіш плаціць. Але як магчыма вылечыцца за 5 дзён?» — дзівіцца Марыя.

Яна дадае, што часам цяжка трапіць да анколяга, нават калі ты стаіш на ўліку.

«І да нэўроляга проста ня трапіць! Прыём ідзе і па запісе, і па жывой чарзе, некалькі гадзін чакаць трэба. Ды што казаць, калі адзін нэўроляг... Ужо колькі тут было маладых спэцыялістаў — адпрацавалі і паехалі. Адзін лекар на прыёме ў паліклініцы і ў шпіталі», — дадала беларуска.

КТ, МРТ, панарамны здымак зуба, мамаграфія (рэнтген малочных залозаў. — РС) — па ўсё гэта жыхары Іўя мусяць ехаць у Ліду ці Горадню, прычым чакаць чаргі па некалькі месяцаў. «Нават аналізы на сыфіліс і алькаголь у нас не робяць, недзе возяць іх», — зазначыла Марыя.

«Што да матэрыяльнага забесьпячэньня, лякарня ў нас даволі прыстойная, зрабілі добры рамонт у інфэкцыйным аддзяленьні. Але з дыягностыкай і лекарамі праблемы», — дадала суразмоўца.

«Абавязкова пытаюць характарыстыку»

Шаркаўшчына лічыцца адным зь бедных рэгіёнаў Віцебскай вобласьці. На сайце цэнтральнай раённай лякарні разьмешчаны вакансіі. Тут патрэбны два дактары агульнай практыкі, стаматоляг, гінэколяг, хірург, эндаскапіст, хірург, кардыёляг. Усяго 9 вакансій.

На сайце Ушацкай цэнтральнай раённай лякарні ёсьць як інфармацыя пра вакансіі, так і папярэджаньне, што пры працаўладкаваньні ў вас запатрабуюць характарыстыку.

«Пры працаўладкаваньні ў абавязковым парадку ўстановай будзе зроблены запыт характарыстыкі з апошняга месца працы з улікам пэрыяду пяці гадоў», — папярэджваюць у адміністрацыі шпіталя.

Ва Ўшачах шукаюць загадчыка паліклінікі, пэдыятра, тэрапэўта, хірурга, анколяга, рэаніматоляга. Трэба 9 дактароў-спэцыялістаў.

Берасьцейка Вольга, маці 5-гадовай Дамінікі, расказала, што няхватка лекараў адчуваецца і ў абласным цэнтры. Па словах жанчыны, яна цягам месяца спрабавала запісаць дачку да дзіцячага стаматоляга. Зьвярталася і ў сваю дзіцячую паліклініку, і ў прыватныя мэдычныя цэнтры, але безвынікова: запісу няма.

«У дзяржаўнай дзіцячай паліклініцы мне адказалі, што запісана ўжо 300 дзетак, запіс спынілі. Магчыма, у кастрычніку адновяць, але трапіць да лекара магчыма будзе ў лістападзе ці сьнежні. Калі пашанцуе. Столькі чакаць мы ня можам. У кутніх зубах дзірачкі, а малочныя зубы могуць мяняцца і ў 10-12 гадоў, а дачцэ ж усяго 5. Трэба ставіць плёмбы. Я пыталася ва ўсіх знаёмых, сяброў, скардзілася ў дзіцячым садку выхавальнікам, шукала „блат“. Адна выпадковая знаёмая паспачувала і сказала, што яе пляменьніца працуе дзіцячым стаматолягам у Белаазёрску», — падзялілася Вольга.

Цяпер яна возіць пяцігадовую дачку лячыць зубы за 130 кілямэтраў, у Белаазёрск.

Пацыент альбо паперкі

Свабода пагутарыла зь Сяргеем, які працуе лекарам у адной з раённых лякарняў. Ён кажа, што працоўны час «зьядае» бюракратыя — сьпісы, інфармацыі, справаздачы. Праз папяровую працу, па словах мэдыка, у яго не застаецца часу на пацыентаў.

«Выбар такі — ці наведаць пацыента дома, ці запаўняць паперкі, паводле якіх ацэньваюць тваю працу», — кажа Сяргей.

З другога боку, дадае суразмоўца, хворыя таксама незадаволеныя і скардзяцца «на ўсё» — на чэргі, брак талёнаў і спэцыялістаў.

«Яны страцілі павагу да мэдыкаў. Пацыенты ставяцца да нас, як да абслуговага пэрсаналу. Як што — адразу скаргі пішуць. За скаргі нам моцна „прылятае“. Часам даходзіць да маразму. Пацыентка стаіць на ўліку ў псыхіятра. Напісала скаргу ў Міністэрства аховы здароўя, што мэдсястра „няправільныя“ лекі ўводзіць, хоча яе забіць. Пісалі адказ у міністэрства, тлумачылі ўсё», — прыводзіць прыклад лекар.

«Праз год у маладых мэдыкаў зьяўляецца агіда да людзей, працы, мэдыцыны»

Па словах Сяргея, у мэдыцыне ў раёне вялікая цякучка кадраў.

«Ніхто надта ня хоча працаваць на вёсцы. Прыходзяць маладыя лекары ці мэдсёстры па разьмеркаваньні, праз паўгода — „дэкрэт“, таму што працаваць у такіх умовах ня хочуць. Бо на вёсцы даюць жахлівае жытло, там адна крама ад райспажыўсаюзу, ня кожны дзень нават аўтобус едзе ў райцэнтар. Ды і рабіць у вёсцы няма чаго. Пацыенту ты нешта ўвесь час абавязаны. Праз год у маладых спэцыялістаў — агіда да людзей, працы, мэдыцыны», — зазначае Сяргей.

У тым раённым шпіталі, дзе працуе суразмоўца, стаўкі лекараў занятыя.

«Так, людзі звальняюцца, але на зьмену прыходзяць маладыя спэцыялісты. Штогод у наш раён прыходзіць 10 маладых спэцыялістаў, зь іх пяцёра — лекары. У іншых раёнах, я ведаю, сытуацыя значна горшая. Больш за ўсё лекараў і сярэдняга пэрсаналу бракуе на ФАПах у вёсках», — кажа мэдык.

Ён дадаў, што ў іхным раёне даступныя ўсе віды эндаскапічных і функцыянальных дасьледаваньняў, ёсьць неабходная апаратура. Чарга на дасьледаваньні — да 2 тыдняў.

Сяргей кажа, што ў паліклініцы дактары агульнай практыкі з улікам экстранасьці, візытаў і дзяжурства маюць 2–2,5 тысячы рублёў. Але ў іншых раёнах, гаворыць суразмоўца, гэта 1,5 тысячы рублёў.

«Вузкія спэцыялісты — дэрматоляг, эндакрыноляг — зарабляюць, як касіры ў „Эўраопце“, каля тысячы. Хірург у паліклініцы — да 1,5 тысячы, у стацыянары — каля 2 тысяч, як і рэаніматоляг», — пералічыў мэдык.

Санітаркі маюць 450–500 рублёў, мэдсёстры каля 700–800 рублёў, дадае ён.

«Так што, у нашым раёне сытуацыя яшчэ нармальная», — адзначыў Сяргей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG