Дзяржаўная абвінаваўца запрасіла сьмяротнае пакараньне для Аляксандра Таратуты, якога абвінавачваюць у забойстве 3-гадовага дзіцяці, піша «Вясна».
Жонцы Аляксандра, абвінавачанай Анастасіі Таратуце, пракурорка запрасіла прызначыць 25 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі строгага рэжыму (гэта ў Беларусі максымальнае пакараньне для жанчыны).
Дзяржабвінаваўца адзначыла, што абое абвінавачаныя ўяўляюць выключную небясьпеку для грамадзтва, а абставіны крымінальнай справы аб забойстве і катаваньні маленькага Сямёна выклікаюць шок.
Справу разглядае Менскі абласны суд. Паводле матэрыялаў справы, 14 студзеня 2023 году Анастасія і Аляксандар да сьмерці зьбілі свайго трохгадовага сына Сямёна. Непасрэдна перад сьмерцю хлопчыку нанесьлі 9 удараў, 7 зь іх па галаве. У выніку дзіцяці была прычыненая закрытая чэрапна-мазгавая траўма, якая стала прычынай кровазьліцця пад мазгавыя абалонкі, ускладненыя ацёкам галаўнога і сьпіннога мозгу, піша Sb.by.