Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская на Беларуска-Брытанскім форуме заклікала пашырыць санкцыі супраць беларускіх сілавікоў і чыноўнікаў. ФОТА


Сьвятлана Ціханоўская выступіла з ключавой прамовай на Беларуска-Брытанскім форуме. Лёндан, 17 кастрычніка 2023
Сьвятлана Ціханоўская выступіла з ключавой прамовай на Беларуска-Брытанскім форуме. Лёндан, 17 кастрычніка 2023

Форум быў арганізаваны беларускай дыяспарай, ён прайшоў у South Bank University. На ім выступіла Сьвятлана Ціханоўская.

Форум быў прысьвечаны брытанскай палітыцы ў дачыненьні да Беларусі, як яе зрабіць больш эфэктыўнай.

У сваёй ключавой прамове на Беларуска-Брытанскім форуме Сьвятлана Ціханоўская акрэсьліла пяць кірункаў супольнай працы грамадзян Беларусі і Вялікай Брытаніі, паведаміла яе прэсавая служба:

  • падтрымка грамадзянскай супольнасьці і рэпрэсаваным;
  • прыцягненьне рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці;
  • падтрыманьне тэмы Беларусі на парадку дня ў Вялікай Брытаніі;
  • прызнаньне дэмакратычнай Беларусі;
  • санкцыі і ціск на ўлады.

У сваім выступе Ціханоўская згадала нядаўні зварот Борыса Джонсана як прыклад невялікіх, але важных крокаў салідарнасьці.

«На працягу многіх гадоў Вялікая Брытанія разам з ЗША і ЭЗ аказвала велізарную падтрымку дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі. Яна зрабіла значныя інвэстыцыі ў нашу грамадзянскую супольнасьць і незалежныя СМІ. Бяз гэтай падтрымкі нацыянальнае паўстаньне 2020 году было б проста немагчымым.

Вялікая Брытанія была сярод 38 краін АБСЭ, якія запусьцілі Маскоўскі мэханізм для Беларусі, падтрымала стварэньне Міжнароднай плятформы для збору доказаў парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Упэўненая, што калі-небудзь усе гэтыя дакумэнты дапамогуць аднавіць справядлівасьць у нашай краіне».

Сьвятлана Ціханоўская выступіла з ключавой прамовай на Беларуска-Брытанскім форуме. Лёндан, 17 кастрычніка 2023
Сьвятлана Ціханоўская выступіла з ключавой прамовай на Беларуска-Брытанскім форуме. Лёндан, 17 кастрычніка 2023

Ціханоўская заклікала кантраляваць выкананьне санкцый, каб ня даць іх абыходзіць:

«Справы ў дачыненьні да вінаватых не распачатыя. Ніякага сапраўднага расьсьледаваньня злачынстваў Лукашэнкі пакуль не пачалі. Нават шчодрай дапамогі незалежным СМІ недастаткова, каб супрацьстаяць вялізнай прапагандысцкай машыне Пуціна і Лукашэнкі. На жаль, многія заявы салідарнасьці застаюцца дэклярацыямі і не суправаджаюцца практычнымі крокамі.

Мне здаецца, што ні ў Вялікай Брытаніі, ні ў іншых заходніх дэмакратыях няма паслядоўнай стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі. У адрозьненьне ад Расеі, якая дакладна ведае, чаго хоча ад Беларусі, — зрабіць зь яе рабскую, паслухмяную калёнію».

Удзельнікі Беларуска-Брытанскага форуму. Лёндан, 17 кастрычніка 2023
Удзельнікі Беларуска-Брытанскага форуму. Лёндан, 17 кастрычніка 2023


Сьвятлана Ціханоўская заклікала пашыраць індывідуальныя санкцыі:

«Судзьдзі і пракуроры, начальнікі турмаў і КДБ, спартоўцы і алігархі, прапагандысты, якія падтрымліваюць рэжым, таксама павінны быць у санацыйным сьпісе, і гэты сьпіс павінен рэгулярна абнаўляцца. Напрыклад, прапагандыстаў, якія трапілі пад санкцыі, YouTube адразу блякуе, што таксама дапамагае змагацца з прапагандай.

Па-другое, мы павінны прыцягнуць дыктатара да адказнасьці. Сама ідэя паўстаць перад судом для Лукашэнкі балючая. Калі МКС выдасьць ордэр на арышт Лукашэнкі, гэта моцна на яго паўплывае. За дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый, але і за злачынствы супраць чалавечнасьці. Міжнародная плятформа падсправаздачнасьці ўжо сабрала дастаткова доказаў, каб пачаць справы супраць набліжаных рэжыму ў Вялікай Брытаніі пад унівэрсальнай юрысдыкцыяй, як гэта зрабіла Швайцарыя месяц таму».

Беларуска-Брытанскі форум
Беларуска-Брытанскі форум

Ціханоўская таксама заявіла, што патрэбуецца большае прызнаньне дэмакратычнай Беларусі:

«Калі мы фармалізуем адносіны з ЭЗ і ЗША, мы маглі б зрабіць тое ж самае зь Вялікай Брытаніяй».

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG