Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Офіс Ціханоўскай апублікаваў справаздачу па выніках праверкі аўдытарскай кампаніі. Што ў ёй


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Офіс Сьвятланы Ціханоўскай апублікаваў справаздачу аўдытарскай кампаніі па выніках фінансавай праверкі дзейнасьці Офіса за 2022 год.

Праверку праводзіла літоўская аўдытарская кампанія MOORE Mackonis. Яна прааналізавала фінансавыя дакумэнты і справаздачы Офіса Сьвятланы Ціханоўскай за пэрыяд з пачатку рэгістрацыі і да 31 сьнежня 2022 году, а таксама правяла ацэнку мэханізмаў унутранага кантролю і мэтадаў бухгальтарскага ўліку, паведамляе прэс-служба Офіса.

Па выніках праверкі аўдытарская кампанія ня выявіла якіх-небудзь парушэньняў або скажэньняў, гаворыцца ў справаздачы.

Даходы Офіса за 2022 год склалі 176,1 тысячы эўра (у 2021 годзе — 110 тысяч эўра), зь іх 175,5 тысячы эўра — «даходы фінансаваньня» (даходы, атрыманыя ад фінансавай падтрымкі), 5,6 тысячы эўра — «выручка ад продажу» (аналяг даходу ад продажу тавараў і паслуг у Беларусі).

У самім Офісе ўдакладняюць, што атрымлівалі паступленьні як ад фізычных, так і юрыдычных асобаў, а таксама дадаюць, што зьвесткі пра тых, ад каго былі атрыманыя сродкі, «не раскрываюць зь меркаваньняў бясьпекі».

Ад юрыдычных асобаў, зарэгістраваных у Літве, арганізацыя ў 2022 годзе атрымала мэтавае фінансаваньне на 127,4 тысячы эўра. Пры гэтым падтрымка дзейнасьці арганізацыі з боку фізычных і юрыдычных асоб склала 7,1 тысячы. Замежныя кампаніі перадалі ёй 37,7 тысячы эўра.

Выдаткі Офіса ў 2022 годзе склалі 182 тысячы эўра (у 2021-м — 100,5 тысячы). Самы вялікі артыкул — апэрацыйныя выдаткі — 175,5 тысячы эўра. Як правіла, сюды ўключаюцца аплата працы супрацоўнікаў, выдаткі на арэнду памяшканьняў, камунальныя плацяжы. Зь іх, як вынікае са справаздачы, розныя выплаты (аплата працы, узнагароды) і спадарожныя выплаты склалі 154,2 тысячы эўра. Арэнда памяшканьня абышлася ў 16,6 тысячы, яшчэ 3,4 тысячы былі выдаткаваныя на паслугі па арганізацыі мерапрыемстваў. Радок «іншыя выдаткі» — 1285 эўра. Па выніках справаздачнага пэрыяду выдаткі перавысілі прыбыткі на 5,9 тысячы эўра.

У прэс-рэлізе Офіса Ціханоўскай таксама адзначаецца, што Офіс супрацоўнічае з многімі партнэрскімі арганізацыямі.

«Іх выдаткі на сумесную дзейнасьць адлюстроўваюцца ў іх справаздачах. Гэта можа быць арэнда памяшканьняў, аплата працы кансультантаў і экспэртаў, зь якімі рэалізуюцца сумесныя праекты. Міжнародныя паездкі Сьвятланы Ціханоўскай часта пакрываюцца бокам, які запрашае», — паведамляе Офіс Ціханоўскай.

Толькі некалькі чалавек працуюць у Офісе Сьвятланы Ціханоўскай па сталым працоўным кантракце. Большасьць людзей, зь якімі працуе Офіс, працуюць па часовых кантрактах і атрымліваюць узнагароду прапарцыйна праведзенай працы. Таксама ў Офіса ёсьць валянтэры і пазаштатныя кансультанты. «Поўная інфармацыя аб супрацоўніках не раскрываецца зь меркаваньняў бясьпекі», — гаворыцца ў паведамленьні.

У Офісе Ціханоўскай адзначылі, што фінансавы аўдыт правялі толькі цяпер, «у адказ на грамадзкі запыт, раней у гэтым не было неабходнасьці, бо літоўскім заканадаўствам абавязак праводзіць аўдыт установы ня вызначаны».

Таксама там патлумачылі, што Офіс Ціханоўскай не распараджаецца грашыма, што выдзяляюць міжнародныя арганізацыі, і не вырашае, каму і як іх накіроўваць. «Такая міжнародная дапамога выдзяляецца наўпрост некамэрцыйным арганізацыям — у тым ліку праваабарончым, адукацыйным, культурным ініцыятывам і праектам, а таксама незалежным сродкам масавай інфармацыі», — паведаміла прэс-служба Офіса.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG