Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская выступіла з «Вэстмінстэрскай лекцыяй» у брытанскім парлямэнце. Асноўныя тэзісы


Сьвятлана Ціханоўская выступае ў парлямэнце Вялікай Брытаніі. Лёндан, 17 кастрычніка 2023
Сьвятлана Ціханоўская выступае ў парлямэнце Вялікай Брытаніі. Лёндан, 17 кастрычніка 2023

Сярод слухачоў выступу Ціханоўскай былі чальцы парлямэнту Вялікай Брытаніі і дыпляматы.

У сваім звароце да брытанскіх парлямэнтароў Ціханоўская расказала пра сытуацыю ў Беларусі і стратэгічныя прыярытэты для дэмакратычных сіл і міжнароднай супольнасьці ў адносінах да Беларусі.

«Апошнім часам дэмакратыя ня проста ў заняпадзе. Яна пад атакай. Адзін з самых жорсткіх нападаў на дэмакратыю быў ажыцьцёўлены на Беларусь пры рэжыме Лукашэнкі. Гэта працягваецца ўжо тры гады», — заявіла Ціханоўская.

«Як я часта кажу, тыранія падобная да раку. Калі яго не лячыць належным чынам, ён становіцца крыніцай праблем для суседніх рэгіёнаў. Гэта дакладна тое, што адбылося ў выпадку зь Беларусьсю», — адзначыла Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская растлумачыла прысутным, што азначае жыць пры дыктатуры.

«Гэта азначае страх. Вы баіцеся наведваць антыўрадавыя старонкі ў інтэрнэце. Або чытаць СМІ, абвешчаныя „экстрэмісцкімі“. Падчас перапіскі зь сям’ёй вы карыстаецеся зашыфраванымі мэсэнджарамі, каб пазьбегнуць магчымых „гутарак“ з супрацоўнікамі КДБ.

Вы баіцеся захоўваць свае старыя фатаздымкі ў тэлефоне: іх могуць выкарыстаць як доказ таго, што тры гады таму вы бралі ўдзел у пратэстах. Вы баіцеся размаўляць па-беларуску на вуліцы, таму што гэта робіць вас патэнцыйным ворагам рэжыму. Проста няма магчымасьці даказаць сваю невінаватасьць. Я часам чую, што Беларусь — прайграная справа. Але гэта ня так. Запэўніваю вас: Беларусь можа быць гісторыяй посьпеху», — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская выступае ў парлямэнце Вялікай Брытаніі
Сьвятлана Ціханоўская выступае ў парлямэнце Вялікай Брытаніі

Яна патлумачыла, чаму мае такую думку:

«Я ведаю беларускі народ. Некаторы час таму мне патэлефанавала пэнсіянэрка зь Менску. Яна расказала, што зь сяброўкамі рэгулярна зьбіраецца разам, каб абмеркаваць палітыку і падтрымаць адна адну. „Вы не баіцеся?“ — спытала я яе. „Мы проста стаміліся баяцца, — сказала яна мне. — Нас шмат. Яны проста ня могуць арыштаваць усіх“. Такія людзі, як гэтая жанчына, даюць мне сілы працягваць сваю палітычную дзейнасьць. Акрамя таго, думкі пра мужа не пакідаюць мне іншага выбару, як працягваць барацьбу», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.

Яна таксама падзялілася з прысутнымі асабістай гісторыяй:

«Ведаеце, мой сын з нараджэньня дрэнна чуе. Я патраціла гады, спрабуючы рэабілітаваць яго. Я ня ведала, ці спрацуе гэта, я проста рабіла тое, што павінна была рабіць. Барацьба за дэмакратыю такая ж: яна можа быць доўгай і складанай. Без гарантыі выніку. Але мы павінны трымацца за гэтую мару і быць гатовымі аддаць гэтаму ўсё».

Ціханоўская чарговы раз заявіла, што не сумняваецца ў перамозе Ўкраіны і наступнай свабодзе Беларусі.

«Аднак мы ня зможам выйграць гэтую бітву ў адзіночку. Нам патрэбныя моцныя саюзьнікі і сябры, гатовыя да сьмелых крокаў і рашэньняў. І я веру, што такія людзі прысутнічаюць у гэтай залі. Я не прашу вас ваяваць замест нас. Перамены ў Беларусі — задача для саміх беларусаў. Але я прашу вас падтрымаць Беларусь у такі крытычны момант гісторыі, калі само існаваньне нашай краіны пад пагрозай.
Я прагну, каб Беларусь была ў ліку прыярытэтаў брытанскага парлямэнту, цяперашняга і будучага ўраду Вялікай Брытаніі».

Ціханоўская папрасіла прысутных запатрабаваць ад свайго ўраду моцных і рашучых крокаў у супрацьстаяньні тыраніі Пуціна і Лукашэнкі.

«Слоў асуджэньня недастаткова. Патрабуйце неадкладнага вываду расейскіх войскаў і ўзбраеньня зь Беларусі. Увядзеньня санкцый супраць Расеі за падрыў сувэрэнітэту Беларусі. Сёньняшнія санкцыі не працуюць у поўнай меры з прычыны шчылін. І Вялікая Брытанія магла б падаць прыклад, як змагацца з абыходам санкцый. Далучайцеся да міжнароднай кааліцыі ў падтрымку незалежнай і сувэрэннай Беларусі. Дапамажыце нам аднавіць справядлівасьць. Патрабуйце трыбуналу ня толькі супраць Пуціна, але і Лукашэнкі. Ён таксама заслужыў ордэр на арышт. І, нарэшце, дапамажыце Ўкраіне выйграць гэтую вайну. Перамога Ўкраіны стане канчатковай паразай Пуціна і Лукашэнкі. А дэмакратычная Беларусь — вялізным ударам па расейскім імпэрыялізьме».

У плянах Ціханоўскай таксама перамовы зь міністрам замежных спраў Вялікай Брытаніі Джэймзам Клевэрлі пра сытуацыю ў Беларусі і сумесныя дзеяньні.

Таксама Ціханоўская возьме ўдзел у Беларуска-Брытанскім форуме, які пройдзе ў South Bank University.

Сустрэча з дыяспарай пройдзе ў аўторак, 17 кастрычніка, з 18:20 да 19:10 у South Bank University.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG