Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павысіць падаткі для ІП і фізычных асобаў, на першую кватэру і аўтамабілі: якія зьмены рыхтуюць у Падатковы кодэкс Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На Нацыянальным прававым партале апублікавалі Праект зьменаў у Падатковы кодэкс Беларусі. Расказваем, якія зьмены ў падаткаабкладаньні могуць чакаць беларусаў з 1 студзеня 2024 году.

Варта адзначыць, што Палата прадстаўнікоў яшчэ не разглядала законапраект, ён пакуль не зацьверджаны.

Падатак за першую кватэру

З 2024 году ўлады плянуюць павысіць памер разьліковага кошту квадратнага мэтру тыпавога капітальнага будынка — гэта прывядзе да росту падатковых ставак за першую кватэру, бо памер падатку складае 0,1% ад кошту квадратнага мэтра.

Так, для Менску разьліковы кошт будзе складаць 968 рублёў замест 900 цяпер.

Атрымліваецца, замест 45 рублёў за сталічную двухпакаёвую кватэру плошчай 50 м² давядзецца заплаціць 48,4 рубля. За кватэру такой жа плошчы ў абласных цэнтрах і Менскім раёне падатак вырасьце з 37,5 руб. да 40,3 руб.

Падатак за першую кватэру ў Беларусі пачалі спаганяць з 2022 году.

Падатак за арэнду кватэры і гаража

У Менску падаходны падатак за здачу аднаго пакоя ў 2024 годзе для фізычных асобаў, якія здаюць жыльлё без рэгістрацыі ІП, маюць намер падняць да 47 рублёў (з 43,9 рубля цяпер). Для абласных гарадоў падатак хочуць павысіць да 44 рублёў (цяпер — 41,2 рубля). Для 16 гарадоў гэты падаходны падатак маюць намер падняць з 27 да 29 рублёў (Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Ворша, Жлобін, Жодзіна, Ліда, Мазыр, Маладэчна, Наваполацак, Пінск, Полацк, Рэчыца, Салігорск, Сьветлагорск, Слуцак).

Для іншых гарадоў абласнога, раённага падпарадкаваньня і пасёлкаў гарадзкога тыпу падатак зьбіраюцца павялічыць з 19,8 да 21 рубля, а ва ўсіх астатніх населеных пунктах — з 14,2 да 15 рублёў.

Падатак за здачу аднаго жалезабэтоннага або цаглянага гаража ў Менску плянуюць павысіць у 2024 годзе з 18,2 да 20 рублёў, у абласных цэнтрах — з 15,6 да 17 рублёў, у 16 вышэйназваных гарадах — з 10 да 11 рублёў.

Падаткі для ІП

З 2024 году чарговы раз хочуць павысіць стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў. Так, напрыклад, адзіны падатак для прадпрымальнікаў, якія здаюць жытло ў кароткатэрміновую арэнду, плянуюць падняць з 620 да 667 рублёў — для ІП у Менску, з 578 да 621 рублёў — для ІП з абласных цэнтраў і Менскага раёну.

Стаўку адзінага падатку для ІП, якія надаюць паслугі рамонту прадметаў асабістага карыстаньня і побытавых вырабаў, плянуюць павялічыць з 612 да 658 рублёў для менскіх прадпрымальнікаў, да з 424 да 456 рублёў — для ІП з абласных цэнтраў і Менскага раёну.

З поўным сьпісам новых ставак падаткаў для ІП, можна азнаёміцца па спасылцы.

Таксама чыноўнікі прапануюць, каб з 2024 году ІП выплочвалі падвышаны падаходны падатак, калі іх гадавыя даходы перавысяць 500 тысяч рублёў. У такім выпадку з сумы перавышэньня давядзецца заплаціць падатак у 30%, а не 20%. Пры гэтым ІП, які перавысіць столь у 500 тысяч рублёў, мусіць перайсьці ў юрыдычную асобу.

Раней улады заявілі пра пляны скараціць сьпіс відаў дзейнасьці для ІП і перагледзець яго для самазанятых. Прадпрымальнікі, дзейнасьць якіх не трапляе ў скарочаны пералік, будуць вымушаныя або закрыцца, або адкрыць юрыдычную асобу.

Плянуюць павысіць адзіныя падаткі для фізычных асобаў, якія не афармляюць ІП

Паводле законапраекту, стаўкі адзінага падатку для фізычных асобаў, якія працуюць без ІП, хочуць павялічыць наступным чынам:

  • за распрацоўку вэб-сайтаў, настройку кампутараў і ўстаноўку праграмнага забесьпячэньня — з 593 да 637 рублёў у Менску, з 548 да 589 рублёў у абласных цэнтрах і Менскім раёне,
  • за музычна-забаўляльнае абслугоўваньне вясельляў, юбілеяў (у тым ліку паслугі тамады) — з 518 да 557 рублёў у Менску, з 478 да 514 рублёў у абласных цэнтрах і Менскім раёне,
  • за рэпэтытарства — з 164 да 176 руб. у Менску, з 152 да 163 руб. у абласных цэнтрах і Менскім раёне,
  • за відэаздымку падзеяў — з 526 да 565 руб. у Менску, з 486 да 522 руб. у абласных цэнтрах і Менскім раёне,
  • за настройку, рамонт музычных інструмэнтаў — з 252 да 271 руб. у Менску, з 234 да 252 руб. у абласных цэнтрах і Менскім раёне,
  • цырульні і касмэтычныя паслугі, паслугі па манікюры і пэдыкюры — з 339 да 364 у Менску, з 312 да 355 руб. у абласных цэнтрах і Менскім раёне,
  • за рамонт і аднаўленьне, уключаючы перацяжку, хатняй мэблі з 224 да 241 у Менску, з 206 да 221 руб. у абласных цэнтрах і Менскім раёне,
  • за чыстку і ўборку жылых памяшканьняў з 286 да 307 руб. у Менску, з 260 да 280 руб. у абласных цэнтрах і Менскім раёне,
  • за тынкавыя, малярныя, шкляныя працы, працы па ўладкаваньні пакрыцьцяў падлогі, абліцоўваньні сьценаў, усталяваньні дзьвярэй і вокнаў — з 438 да 471 руб. у Менску, з 404 да 434 руб. у абласных цэнтрах і Менскім раёне.

Падаткі для рамесьнікаў і ўладальнікаў аграсядзібаў

Падаткі для ўладальнікаў аграсядзібаў плянуюць павысіць з 37 да 40 рублёў у месяц, а для рамесьнікаў — з 6 да 6,5 рубля ў месяц (у год выходзіць 72 рублі).

Транспартны падатак

Законапраект прадугледжвае новыя стаўкі транспартнага падатку. Яго памер залежыць ад вагі аўтамабіля і формы ўласнасьці. Для фізычных асобаў за легкавы аўтамабіль падатак можа вырасьці на суму ад 5 да 17 рублёў.

Напрыклад, за аўтамабіль вагой ня больш за 1,5 тоны з 2024 году давядзецца заплаціць 66 рублёў замест 61 цяпер, за аўтамабіль вагой ад 1,75 да 2 тон — 110 рублёў замест 102 цяпер, за аўтамабіль вагой больш за 3 тоны —240 рублёў замест 223.

Транспартны падатак за матацыкл і прычэп агульнай вагой да 750 кг плянуюць павялічыць на 3 рублі — да 44 рублёў.

Стаўкі за грузавыя аўтамабілі ва ўласнасьці фізычных асобаў вырастуць на 12-38 рублёў у залежнасьці ад вагі транспартнага сродку.

На некаторыя аўто хочуць увесьці павышаны транспартны падатак: ён будзе ў 10 разоў перавышаць стандартную стаўку. Гэта тычыцца аўтамабіляў, з году выпуску якіх прайшло ня больш за 3 гады, уключаных у пералік «транспартных сродкаў павышанай камфортнасьці», які вызначае Савет міністраў. Якія канкрэтна аўтамабілі могуць патрапіць пад падвышаны транспартны падатак, у законапраекце не прапісана.

Падатак для ўладальнікаў сабак

Падатак для ўладальнікаў сабак у 2024 годзе хочуць павялічыць з 11,1 да 11,9 рубля, а за патэнцыйна небясьпечныя пароды сабак — з 55,5 да 59,6 рубля.

Збор раз на тры месяцы мусяць плаціць тыя, чыім сабакам больш за тры месяцы. Сабаку трэба зарэгістраваць у ЖЭУ па месцы жыхарства, падатак выстаўляюць у квітанцыях на аплату камунальных паслуг.

За нерэгістрацыю сабакі і нявыплату падатку можна атрымаць штраф да 15 базавых (555 рублёў).

Чыноўнікі хочуць увесьці «падатак на багацьце»

Як прапісана ў законапраекце, прапануецца ўвесьці павышаны падатак для тых, хто зарабляе больш за 200 тысяч рублёў за год: 25% з сумы перавышэньня замест сёлетніх 13%.

Гаворка ідзе пра даходы ад дывідэндаў, па працоўных дамовах, а таксама па грамадзянска-прававыя дамовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG