Алеся на цырымоніі прадстаўляла ягоная жонка Натальля Пінчук.
Галоўным момантам вечара стала ўручэньне прэміі Цэнтра імя Джорджа Маршала заслужаным выпускнікам беларускаму ляўрэату Нобэлеўскай прэміі, праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, які ўручыў ягонай жонцы Натальлі Пінчук ла дырэктар Цэнтра Маршала Бэры Сыгуэн:
«Дазвольце мне распавесьці гісторыю выпускніка Маршалаўскага цэнтра, які прадэманстраваў неймаверную мужнасьць у сваёй барацьбе за мір і дэмакратыю. Барацьба гэтага чалавека за правы чалавека і свабоду пачалася задоўга да падзеньня жалезнай заслоны ў 1980-х гадах у Беларусі — вельмі небясьпечнага часу для выказваньняў. Яго называюць маяком сьвятла гэтых намаганьняў ва ўсёй Усходняй Эўропе, — сказаў Бэры Сыгуэн. — На жаль, спадар Бяляцкі не можа атрымаць прэмію асабіста. Ён і сёньня незаконна знаходзіцца ў турме ў Беларусі».
У сваёй прамове яна выказала падзяку кіраўніцтву Цэнтру Маршала за «гэты акт салідарнасьці з Алесем Бяляцкім, а ў яго абліччы — з усімі палітычнымі вязьнямі Беларусі, з усім беларускім народам, які прагне вызваленьня ад прамаскоўскай дыктатуры».
«Алесь свой выбар зрабіў ад пачатку сьвядомага жыцьця — яшчэ ў антыкамуністычным падпольлі раньніх 1980-х гадоў ён змагаўся за свабоду і незалежнасьць Беларусі. Алесь перакананы, што наша краіна гістарычна належыць да эўрапейскага і эўраатлянтычнага свабоднага сьвету і мае ў яго вярнуцца. Нягледзячы на тое, што яе адтуль гвалтам вырывае суседняя імпэрыя, як бы яна ні называлася — то Расейская, то Савецкая, то пуцінская.
І я вельмі спадзяюся, што вераць у беларусаў і нашыя сябры на Захадзе. Што яны адрозьніваюць беларускі народ ад рэжыму, які трымаецца цяпер на расейскіх штыках і падачках, здае сувэрэнітэт Беларусі дзеля самазахаваньня», — заявіла Натальля Пінчук.
Яна расказала, што Алесь з удзячнасьцю ўзгадваў час, праведзены ў Цэнтры Маршала — для яго гэта былі інтэлектуальна насычаныя спатканьні з аднадумцамі, якія ўмацавалі яго перакананьні ў непазьбежнай эўрапейскай будучыні Беларусі.
«Ён высока цаніў тое, што ў Цэнтры як аўтарытэтным аналітычным асяродку разумеюць стратэгічную ролю Беларусі. Калі б сьвет падтрымаў дэмакратычную рэвалюцыю ў Беларусі ў 2020 годзе больш рашуча — хто ведае, ці рашыўся б Пуцін на новую агрэсію супраць Украіны ў 2022-м».
Наталья патрабуе вызваленьня зь вязьніцы Алеся Бяляцкага,
«і разам зь ім безумоўна і неадкладна павінны быць вызваленыя тысячы іншых адважных беларускіх мужчын і жанчын, кінутых за краты за за жаданьне бачыць сваю краіну вольнай ад дыктатуры і расейскага паняволеньня. Час просьбаў і намёкаў даўно прайшоў. Гэта павінен быць ультыматум, бо ўвязьненьне можа абярнуцца для кожнага сьмерцю за мурамі».
Алесь Бяляцкі праходзіў навучаньне ў Цэнтры імя Маршала ў 2020 годзе цягам некалькіх месяцаў. Апрача яго там вучыліся і іншыя прадстаўнікі Беларусі, у тым ліку былы міністар замежных справаў Уладзімер Макей.
Што такое Цэнтар імя Маршала
Эўрапейскі цэнтар дасьледаваньняў бясьпекі імя Джорджа Маршала — інстытут для вывучэньня праблемаў бясьпекі і абароны, створаны ЗША ў Нямеччыне ў 1993 годзе. Яго задача — стварэньне стабільнага асяродзьдзя бясьпекі праз разьвіцьцё дэмакратычных інстытутаў і адносін, асабліва ў галіне абароны; спрыяньне актыўнай мірнай супрацы ў галіне бясьпекі; умацаваньне трывалага партнэрства паміж краінамі Паўночнай Амэрыкі, Эўропы і Эўразіі.
Цяперашняя місія Цэнтру Маршала — забесьпячэньне разьвязаньня рэгіянальных і транснацыянальных праблемаў бясьпекі. Цэнтар Маршала вядзе шмат унікальных праграмаў, у якіх на сёньня ўдзельнічаюць больш за 14 000 афіцыйных асобаў з 157 краін.
Цэнтар названы ў гонар амэрыканскага дзяржаўнага дзеяча і вайскоўца генэрала Джорджа Кэтлета Маршала-малодшага. Пасьля Другой сусьветнай вайны Маршал як дзяржаўны сакратар канкрэтызаваў эканамічную і палітычную ролю ЗША ў пасьляваенным аднаўленьні Эўропы, што часта называюць плянам Маршала — плянам, які выратаваў мільёны эўрапейцаў ад голаду і савецкага панаваньня.
Цэнтар Маршала знаходзіцца ў Гарміш-Партэнкірхене, Баварыя, Нямеччына.