Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьню Алесю Бяляцкаму прысудзілі польскую прэмію «Залаты ляўр» у намінацыі «Асоба году»


Алена Лапцёнак трымае ўзнагароду для Алеся Бяляцкага на цырымоніі ўручэньня. Польшча, Варшава. 19 верасьня 2023
Алена Лапцёнак трымае ўзнагароду для Алеся Бяляцкага на цырымоніі ўручэньня. Польшча, Варшава. 19 верасьня 2023

Беларускага праваабаронцу і нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага ўзнагародзілі ў Варшаве «Залатым ляўрам».

Узнагароду для палітзьняволенага за выдатную грамадзкую дзейнасьць атрымала праваабаронца «Вясны» Алена Лапцёнак, на ўручэньні выступіў старшыня «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка.

На ўзнагароджаньні Бяляцкага «Залатым ляўрам» прагучала па відэа і прамова ягонай жонкі Натальлі Пінчук.

Яна зазначыла, што Алесь Бяляцкі змагаўся за свабоду і незалежнасьць Беларусі ўсё сваё сьвядомае жыцьцё — з пачатку 1980-х гадоў, з антыкамуністычнага падпольля. Яго натхняў і прыклад польскай «Салідарнасьці».

«Калі прыйшла чарговая дыктатарская антыбеларуская ўлада, рэжым Лукашэнкі, ён стаў праваабаронцам. Гэта цяжкая, рызыкоўная, рутынная праца. Але ў жніўні 2020 году Алесь быў натхнёны і нават шчасьлівы. Алесь зрабіў свой выбар, разумеючы, што яго чакае помста рэжыму.

Алесь Бяляцкі павінен быць вызвалены зь вязьніцы. Але разам зь ім безумоўна і неадкладна павінны быць вызваленыя і яго паплечнікі-праваабаронцы, і гераічны Анджэй Пачобут, і тысячы іншых адважных мужчын і жанчын, кінутых за краты за свабоду думкі. Гэта павінен быць ня проста заклік, а ўльтыматум, бо ўвязьненьне можа абярнуцца для кожнага сьмерцю за мурамі.

Але кожны зь іх трымаецца, як і ўвязьнены герой Адама Міцкевіча Конрад у 3-й частцы „Дзядоў“ — „Завуць мяне мільён, бо я за мільёны цярпець катаваньні мушу“. Кожны ўпэўнены, што пакуты недарэмныя, што ўрэшце мільёны беларусаў выйдуць на вуліцы ўжо канчаткова свабоднай краіны», — сказала Натальля Пінчук. Яна спадзяецца, што вераць у беларусаў і грамадзяне Польшчы, якая прайшла свой пакутны шлях вызваленьня ад таталітарызму і што палякі адрозьніваюць беларускі народ ад рэжыму, «які трымаецца цяпер фактычна на расейскіх штыках і падачках, здае сувэрэнітэт Беларусі дзеля самазахаваньня».

«Лукашэнка не Беларусь. Сапраўдная Беларусь — свабодная, адкрытая, якая робіць эўрапейскі выбар. Беларускае грамадзтва ненавідзіць дыктатуру, ніколі не пагадзілася на выкарыстаньне тэрыторыі краіны Расеяй для агрэсіі супраць нашых добрых суседзяў украінцаў, супраціўляецца гэтаму як можа. Таму сёньня гэтую свабодную Беларусь спрабуюць зьнішчыць і растаптаць.
Беларускія праваабаронцы і іншыя адважныя людзі ў лукашэнкаўскіх вязьніцах — узятыя ў палон за жаданьне бачыць сваю краіну свабоднай ад дыктатуры і расейскага паняволеньня.
Свабоду Алесю Бяляцкаму! Свабоду ўсім палітычным вязьням Беларусі! За вольнасьць вашу і нашу!», — завершыла выступ Натальля Пінчук.

  • Кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі за кратамі ў Беларусі зь лета 2021. Сёлета яго асудзілі на 10 гадоў калёніі за дапамогу рэпрэсаваным беларусам.
  • Прэмію „Залаты ляўр“ у некалькіх намінацыях з 2014 году ўручае журы, якое фармуе эканамічная эліта Польшчы.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG