Сьледчы камітэт Беларусі завёў новую крымінальную справу супраць выкладчыка і праграмнага дырэктара «Вольнага беларускага ўнівэрсытэту» Алеся Лагвінца, які знаходзіцца за межамі Беларусі, пасьля шэрагу ягоных інтэрвію незалежным мэдыя, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
26 красавіка тры чалавекі, якія назваліся супрацоўнікамі КДБ, апыталі цесьця і цешчу Алеся. Таксама ў іх прысутнасьці апячаталі дом Лагвінца на падставе рашэньня сьледчага А. А. Шрубіка ад 31 сакавіка 2025 году.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, новую крымінальную справу завялі паводле 4 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, па якіх Алеся Лагвінца ўжо асудзілі летась: за «заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы» (арт. 361 Крымінальнага кодэксу), «змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам (арт. 357 КК), «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім» (арт. 361-1 КК) і за «распальваньне варожасьці ці звады» (арт. 130 КК).
Супрацоўнікі КДБ выказалі зацікаўленасьць у кантакце з Алесем наўпрост, але той у камэнтары праваабаронцам заявіў:
«Жаданьня і патрэбы ў камунікаваньні з прадстаўнікамі незаконных уладаў ці спэцслужбаў Беларусі ў мяне няма».
Алесь Лагвінец — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, палітычны экспэрт, перакладнік, выкладчык, адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Дзея».
1 ліпеня 2024 году Алеся Лагвінца завочна асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня ў так званай справе «аналітыкаў Ціханоўскай», а таксама дадалі ў сьпісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».