Аўтары публікацыі абвінавачваюць Паўла Данэйку ў тым, што ў лістападзе 2019 году на адным зь міжнародных форумаў ён заявіў, што Літва, у якой кіруюць правыя нацыяналісты, праваліла рэформы і блякуе ўзаемаадносіны Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам. Таксама згадваюцца словы Данэйкі, што Вільню літоўцам падараваў Іосіф Сталін.
Паўла Данэйку таксама абвінавачваюць у тым, што ён нібыта належыць да асобаў, зьвязаных з уладай і з расейскім бізнэсам, у прыватнасьці, згадваецца ягоная прысутнасьць у радзе дырэктараў «Белгазпрамбанку».
Аднак Павал Данэйка адзначыў, што словы пра Літву былі сказаныя ў часе вострай і закрытай дыскусіі, на якой абмяркоўваліся аспэкты супрацоўніцтва Беларусі з ЭЗ у межах праграмы «Ўсходняе партнэрства». Данэйка папрасіў прабачэньня за гэтыя словы ўва ўсіх, каго яны маглі пакрыўдзіць.
Прысутнасьць у кіраўніцтве банку Павал Данэйка патлумачыў жаданьнем захаваць асновы дзейнасьці банку, а тое, што не пазначыў гэтую пазыцыю ў дакумэнтах, якія падаваў уладам Літвы ў сувязі са зваротам аб праве на жыхарства, — тым, што не лічыў банк стратэгічна істотным.
У расьсьледаваньні журналістаў LRT гаворыцца, што Міністэрства замежных спраў Літвы падтрымала просьбу Данэйкі аб праве на жыхарства і што ня мае да яго прэтэнзій, бо ён выбачыўся за свае словы.
Публікацыя ў LRT зьявілася ў момант, калі вырашаецца пытаньне, хто мае адкрыць факультэт эканомікі ЭГУ.
Беларускі дасьледчы цэнтар Beroc на сваёй старонцы ў Фэйсбуку заявіў, што ў матэрыяле тэндэнцыйна пададзены шэраг фактаў, а некаторыя зусім не адпавядаюць рэчаіснасьці: «Прыведзеныя асобныя фрагмэнты інтэрвію, хаця вычарпальныя адказы на пытаньні былі прадстаўленыя журналістцы LRT Індры Макарайцітэ. На жаль, яны не знайшлі свайго адлюстраваньня ў матэрыяле». Beroc прыводзіць поўную вэрсію адказаў Паўла Данэйкі на пытаньні журналісткі LRT.
- Павал Данэйка ў 1996 годзе быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь XIII скліканьня і ўваходзіў у групу тых парлямэнтароў, якія паставілі подпісы пад патрабаваньнем імпічмэнту Аляксандру Лукашэнку за сыстэматычнае парушэньне Канстытуцыі.