Пра хаду абмеркаваньня распавяла DW.
Ці ёсьць пэрспэктывы ў грамадзянскай супольнасьці Беларусі і як дапамагчы бізнэсу ў выгнаньні? Гэтыя пытаньні сталі цэнтральнымі на ХХ «Менскім форуме», які арганізоўвае Нямецка-беларускае таварыства (DBG) з 1997 году і які штогод зьбірае палітыкаў, экспэртаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі, Нямеччыны і іншых краінаў.
Як і летась, гэты форум ня быў па-сапраўднаму «Менскім» — з прычыны рэпрэсіяў і палітычнага крызісу ў Беларусі канфэрэнцыя праводзіцца за мяжой. Акрамя таго, другі год запар на дыскусіях не прысутнічалі беларускія чыноўнікі, хоць раней форум быў даволі пасьпяховай дыялёгавай пляцоўкай паміж беларускім грамадзтвам, уладай і Захадам.
Гэтым разам канфэрэнцыі па чарзе пройдуць у Вільні, Варшаве, Брусэлі і Бэрліне.
Грамадзянская супольнасьць у Беларусі стала падпольнай
Выступаючы з прывітальным словам, Ганна Штэле, старшыня праўленьня Нямецка-беларускага таварыства, адзначыла, што мы цяпер жывем у момант крызісу, вайны і няпэўнасьці. «Але сёньня я прапаную вам паглядзець на беларускую грамадзянскую супольнасьць і бізнэс не праз прызму крызісу, а праз прызму нерэалізаванага патэнцыялу. Сёньня мы можам уявіць, якой будзе будучыня Беларусі нават нягледзячы на тое, што мы затрымаліся ў такой цяжкай сытуацыі», — сказала Штэле.
Дыскусія аб пэрспэктывах грамадзянскай супольнасьці пачалася з абвяржэньня папулярнай тэзы аб тым, што грамадзянская супольнасьць у Беларусі зьнішчаная. «Так, арганізацыі можна ствараць толькі за межамі, але супольнасьць — унутры краіны, і яна можа будавацца толькі на правераных людзях. Цяпер грамадзянская супольнасьць трансфармуецца ў падпольны рух, падпольным стала ўсё — палітыка, адукацыя, культура. Асьвятляць любую грамадзкую дзейнасьць у краіне складана, адсюль і ўзьнікае эфэкт бязьдзейнасьці. Але тыя, хто выехаў, могуць гаварыць сьмялей і быць голасам тых, хто застаўся ўнутры краіны», — лічыць лідэрка «Сумленных людзей» Алена Жываглод.
У структурах грамадзянскай супольнасьці ўсё больш ініцыятываў
На думку каардынатаркі цэнтру «Свабодная Беларусь» Паліны Бродзік, у 2020 годзе ў арганізацыях грамадзянскай супольнасьці зьявілася шмат новых асобаў: «Прафэсійныя арганізацыі могуць эфэктыўна выкарыстоўваць патэнцыял нэафітаў і ўключаць іх у сваё кола. Важна, каб давер да грамадзкіх арганізацый павялічваўся, каб часткай грамадзтва адчувалі сябе таксама прадстаўнікі ня гучных, але важных ініцыятываў».
У сваю чаргу мэнэджэр «Беларускага моладзевага хабу» (Варшава) Аляксей Лукашэвіч адзначыў рост грамадзянскіх ініцыятываў і колькасьці людзей, якія жадаюць у іх удзельнічаць. Таксама ён расказаў пра ўплыў грамадзянскай супольнасьці ў выгнаньні на беларусаў унутры краіны. «Цяпер шмат размоваў пра тое, дзе падтрымліваць беларусаў — у краіне ці па-за яе межамі. Але трэба разумець, што дапамагаючы беларусам у выгнаньні, мы дапамагаем беларусам унутры краіны. Напрыклад, мы запісваем усе нашыя мерапрыемствы, выкладаем у інтэрнэт і бачым, што больш за палову спажыўцоў кантэнту знаходзяцца ўнутры Беларусі», — кажа Лукашэвіч.
Грамадзтву трэба аб’яднацца вакол ідэй і каштоўнасьцяў
Важнай часткай дыскусіі аб пэрспэктывах грамадзянскай супольнасьці стала абмеркаваньне спрэчак аб крызісе палітычнага лідэрства, якія апошнім часам вядуцца сярод дэмакратычных сілаў Беларусі. Кіраўнік фонду дапамогі BYSOL Андрэй Стрыжак назваў «палітычным канібалізмам» канфлікты ўнутры апазыцыі. «У 2020 годзе мы абʼядналіся супраць, але супраць ніколі не працуе доўга. Супраць працуе ў моманце. Калі тушыце пажар, вы разам, пакуль апошні вугалёк не патух», — адзначыў Стрыжак.
Паводле яго, гэткая дзяльба поля прыводзіць да таго, што частка людзей, якія падтрымліваюць дэмсілы, адыходзяць убок, бо «ніхто ня хоча ўдзельнічаць у няспынных звадах і сварках». «Беларусам не хапае ўзаемадзеяньня. Нам трэба больш гаварыць аб сэнсах і каштоўнасьцях, якія нас абʼядноўваюць, чым аб пэрсаналіях, якія нас рэпрэзэнтуюць», — упэўнены Стрыжак.
Бізнэс у выгнаньні: праблемы і меры падтрымкі
На «Менскім форуме» ў Вільні ўдзельнікі таксама абмеркавалі праблемы і выклікі для беларускага бізнэсу ў эміграцыі. Як расказала Тацяна Марыніч, заснавальніца бізнэс-прасторы Imaguruм якая летась вымушана закрылася ў Менску і зноў запусьцілася ў Вільні, за апошнія два гады бізнэс перажыў некалькі хваляў рэлякацыі.
Галоўныя праблемы, зь якімі сутыкаецца бізнэс, — гэта легалізацыя і пошук фінансаваньня. «Напрыклад, стартапы разьвіваюцца з дапамогай вэнчурнага фінансаваньня, але цяпер інвэстар з ЗША і ЭЗ ня будзе мець справаў зь беларускай кампаніяй. Рашэньню гэтай праблемы можа спрыяць супрацоўніцтва ў Эўрапейскім банкам разьвіцьця і эўрапейскімі інвэстыцыйнымі фондамі, але для гэтага патрэбная палітычная воля», — кажа Марыніч. Яна заклікала ЭЗ адмяніць візы для беларускіх бізнэсоўцаў.
А экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў Валер Цапкала казаў пра іміджавыя і рэпутацыйныя праблемы: «Многія замоўшчыкі беларускіх IT-кампаніяў патрабуюць, каб ня толькі фронт-офіс, але і каманда распрацоўшчыкаў была за мяжой. Гэта трэба для таго, каб не ствараць для іх рызыкі затрыманьня, а для самога бізнэсу — рызыкі страціць праекты».
Разважаючы аб тым, як дапамагчы беларускаму бізнэсу ў эміграцыі, адміністрацыйны дырэктар BEROC Павал Данэйка вылучыў некалькі захадаў. «Ёсьць праблема адаптацыі, і яе могуць вырашаць розныя НДА, аказваючы паслугі кансалтынгу і арганізоўваючы навучальныя праграмы. Важна ствараць бізнэс-асацыяцыі ў кожнай краіне, а таксама далучацца да нацыянальных асацыяцыяў. І, па-трэцяе, трэба ствараць супольнасьці, каб прадстаўнікі бізнэсу, які рэлякуецца, сустракаліся на дыскусіях і абмяркоўвалі задачы», — кажа Данэйка.
Як беларускаму бізнэсу ў выгнаньні застацца беларускім?
У цэлым пэрспэктывы беларускага бізнэсу ў эміграцыі ўдзельнікі дыскусіі ацэньваюць станоўча. «У прадпрымальніка асаблівы мэнталітэт — ён у любой сытуацыі думае аб магчымасьцях і будучыні. Асабліва гэта тычыцца беларускіх бізнэсоўцаў», — сказала Марыніч.
Валер Цапкала лічыць, што ў бізнэса за мяжой усё пойдзе добра, як толькі кампаніі і бізнэсоўцы змогуць легалізавацца: «IT-кампаніі і да таго былі на тым рынку. Яны памянялі лякацыю, але інтэлектуальнае асяродзьдзе не зьмянілі».
Адказваючы на пытаньне карэспандэнта DW аб тым, як беларускаму бізнэсу ў выгнаньні застацца беларускім, Павел Данэйка адзначыў: «Бізнэс застанецца беларускім, калі будзе будаваць камунікацыю зь іншымі беларусамі. Мы бачым, як з новай хваляй рэлякацыі прачнуўся беларускі бізнэс, які даўно быў за мяжой і раней хаваў беларускае паходжаньне. Самаідэнтыфікацыя захаваецца, калі беларус будзе дапамагаць беларусу».