Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас былі „свае“ міліцыянты і камітэтчыкі». «Рэйкавы партызан» пра блякаваньне шляхоў і кансьпірацыю


«Рэйкавы партызан» Максім Сілюк
«Рэйкавы партызан» Максім Сілюк

Адзін з «рэйкавых партызанаў» расказаў Свабодзе, як яны ў 2020 годзе блякавалі чыгунку, якія ў іх былі шыфры і чаму зь дзясятка чалавек затрымалі аднаго.

«У нас былі „свае“ міліцыянты і свае камітэтчыкі»

Берасьцеец Максім Сілюк адсядзеў 2,5 года калёніі за блякаваньне чыгуначных шляхоў і размалёўваньне «Табакеркі». Яго арыштавалі ў лістападзе 2020 году. Сілюк выйшаў на свабоду ў лютым 2023 году. Праз тры месяцы выехаў у Польшчу.

Максіму 35 гадоў. У Берасьці ён гандляваў трыкатажам. У 2016 годзе пераехаў жыць у Маскву, займаўся мэталам. Пазнаёміўся там зь дзяўчынай, у іх нарадзілася дачка. У 2020 годзе Максім вярнуўся ў Берасьце на выбары. Калі ўбачыў вынікі галасаваньня на сваім участку, дзе перамагла Ціханоўская, і даведаўся пра сутыкненьні берасьцейцаў зь сілавікамі 9 жніўня, вырашыў застацца. Перавёз сям’ю з Масквы ў Беларусь.

Мужчына аб’яднаўся зь берасьцейцамі са свайго мікрараёну. Стварылі чат у Telegram. Хадзілі на дваровыя чаяваньні. Абмяркоўвалі пратэставыя акцыі з прадстаўнікамі іншых мікрараёнаў.

«Сустракаліся па адным чалавеку ад раёну. На дваравых чаяваньнях мы ведалі кожнага чалавека, кожнага сабаку: хто наш, хто ня наш. Калі ёсьць незнаёмыя, то адышлі па два чалавекі, ідэі накінулі», — расказвае Максім.

Ён кажа, што розныя акцыі рабілі ўвесь час: разьвешвалі пудзілы, клеілі пратэставыя налепкі, малявалі бел-чырвона-белыя сьцягі. Берасьцеец не пра ўсё хоча гаварыць, каб не нашкодзіць людзям, якія застаюцца ў Беларусі і ў турме.

«Мы зрабілі шмат для ідэнтыфікацыі міліцыянтаў, ціхароў. Мы рабілі вялікую працу на нядзельных маршах, каб адцягнуць „касманаўтаў“ з цэнтру ў мікрараёны, каб народ мог сабрацца. У нас былі „свае“ міліцыянты і свае камітэтчыкі, якія папярэджвалі, па каго прыйдуць, дзе будуць дзяжурыць сілавікі», — успамінае Максім.

Берасьцейцы камунікавалі толькі паміж сваім мікрараёнамі. Камунікацыі паміж гарадамі наконт пратэставых акцый у іх не было.

«Мы не пускалі цягнікі пад адхон»

Адной з акцый было блякаваньне чыгуначных шляхоў на перагоне Тэўлі — Жабінка мэталічным дротам 29 кастрычніка 2020 году. Прыдумаў акцыю хтосьці з паплечнікаў. Тады, кажа Максім, яны затрымалі тры пасажырскія цягнікі прыкладна на 20 хвілін на прамежкавых станцыях. Аднак на канцавы пункт тыя прыйшлі своечасова.

Вырашылі заблякаваць чыгуначныя шляхі, каб паказаць, што «ніхто нічога не кантралюе ў Беларусі».

«Мы не пускалі цягнікі пад адхон. Беларусь — транзытная краіна. „Азіяцкі транзыт“ шнырае туды-сюды з Эўропы ў Азію, з Азіі ў Эўропу. На гэтым рэжым зарабляе вялікія грошы. Тут ідзе ланцуговая рэакцыя: адзін цягнік ідзе са спазьненьнем, за ім другі. Гэтыя выдаткі дорага каштуюць. Менш грошай у рэжыму — менш грошай у сілавікоў», — камэнтуе суразмоўца.

Праўда, пры блякаваньні чыгункі пратэстоўцы не затрымалі ніводнага грузавога цягніка. Чыгуначная дарога налічыла, што яны прынесьлі шкоду ў памеры 80 рублёў.

«Эканамічнай шкоды амаль не было. Але ўдар па аўтарытэце рэжыму быў на мільён працэнтаў. Мы паказалі, што няма парадку, што яны не кантралююць сытуацыі, што народ супраць іх. Тады зьдзімаўся пратэст. Мы хацелі іх падбадзёрыць», — кажа Максім.

Максім Сілюк
Максім Сілюк

Ён перакананы, што «рэйкавыя партызаны» не стваралі небясьпекі для людзей. У іхнай камандзе быў памочнік машыніста Яўген Камбуль, які два гады запар перамагаў на конкурсе чыгуначнікаў Беларусі. Ён атрымаў найбольшы тэрмін у справе — 5 гадоў калёніі.

Максім тлумачыць, што машыніст і ягоны памочнік атрымліваюць некалькі сыгналаў, і сьветлавых, і гукавых, што шлях заблякаваны. Экстранага тармажэньня цягнікоў у іхным выпадку не было. Берасьцейцы заблякавалі чыгунку толькі адзін раз. Але Максім прызнаецца, што яму было не па сабе, калі браў у гэтым удзел.

«Нас такому не вучылі. Ёсьць „што такое добра, а што такое кепска“. А тут непрыемны асадак, быццам робіш нешта ня так. Гэта як у адзеньні сесьці ў ванну з вадой. Быццам робіш усё правільна, але нешта бянтэжыць», — тлумачыць ён.

Адначасна мужчына бачыў, што грамадзтва падтрымала іхнюю акцыю, чытаў пазытыўныя камэнтары пра гэта.

У 2022 годзе, пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, беларускія «рэйкавыя партызаны» атрымалі вядомасьць. Пра іхныя посьпехі гаварыла Сьвятлана Ціханоўская. А паводле выданьня The Washington Post, менавіта беларускія «рэйкавыя партызаны» сарвалі штурм Кіева.

«У нас была свая сыстэма пароляў»

Максім расказвае, што пратэстоўцы дзеля бясьпекі карысталіся шыфрамі і паролямі.

«У нас была свая сыстэма пароляў, лічбавых. Толькі той, хто абазнаны, ведае, што трэба сказаць, напісаць, колькі разоў міргнуць. Гэтыя паролі ўсплывалі пры допытах. Зь іх сьмяяліся мянты. Сьмяяліся, але пасадзілі мяне аднаго. Каля дзесяці чалавек з нашага мікрараёну ў вышуку», — кажа Максім.

Са словаў суразмоўцы, у пратэстоўцаў зь іхнага раёну была добрая працэдура вэрыфікацыі ўдзельнікаў.

«Усе, акрамя аднаго чалавека, былі правераныя. Гэты адзін чалавек і нашкодзіў усім — адміністратарка чату нашага раёну. Я адзін са свайго мікрараёну сеў. Гэта сьведчыць, што ў нас праводзілася вялікая праца (па кансьпірацыі. — РС)», — мяркуе беларус.

Адміністратарку чату таксама асудзілі, далі ёй паўтара года «хіміі» — самы малы тэрмін з усіх дзесяці фігурантаў. Паводле Максіма, яна супрацоўнічала зь сілавікамі, давала паказаньні, якія ім былі патрэбныя.

У справе значыліся розныя эпізоды, у тым ліку разьвешваньне пудзілаў. Максіма прызналі вінаватым у тым, што ён даў сваю машыну, каб паплечнікі паехалі на ёй блякаваць чыгунку, а таксама што ён размаляваў «Табакерку». Яму далі 2,5 года калёніі. Максіму ў ягонай групе — 5 гадоў калёніі, а мінімум — 1,5 года «хіміі».

У пачатку пратэстаў дзясяткі чалавек затрымалі ў «рэйкавай справе». Завялі каля сотні крымінальных справаў. Аднак тады іх судзілі пераважна за «наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносінаў» (артыкул 309 Крымінальнага кодэксу). Санкцыі артыкулу прадугледжваюць пакараньне ад штрафу да 3 гадоў калёніі, калі ніхто не пацярпеў; да 4 гадоў — калі хтосьці атрымаў траўмы, да 10 гадоў — калі хтосьці памёр. Фігуранты атрымлівалі ў сярэднім па 3-4 гады турмы.

У 2022 годзе «рэйкавая вайна» у Беларусі працягнулася пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Блякаваньне «партызанамі» беларускай чыгункі, каб затрымаць расейскія эшалёны, сілавікі сталі расцэньваць як «акт тэрарызму». Вядомыя імёны 11 «рэйкавых партызанаў» 2022 году. Колькі іх было насамрэч, невядома. Ім далі тэрміны ад 11 да 23 гадоў калёніі. Пры затрыманьні ў некаторых стралялі на паражэньне, двум мужчынам прастрэлілі ногі.

«Мне расказвалі, што ў Шклове проста капец»

Максім пасьля двух з паловай гадоў за кратамі не шкадуе пра тое, што рабіў у 2020 годзе.

«У турме я зразумеў, хто я. Там бачыш, на якой прыступцы ты знаходзісься, і гэта не найніжэйшая прыступка. Здараецца, што засумуеш, але тады бачыш, што ўсё гэта дробязі; бачыш, наколькі ты моцны, на што ты здольны. У турме вучысься пакоры. Раней я быў вельмі гарачы, а цяпер стаў больш спакойны. Я зразумеў, што я шчасьлівы чалавек», — кажа былы палітвязень.

Яго перавялі ў шклоўскую калёнію празь некалькі месяцаў пасьля гібелі Вітольда Ашурка.

«Перад этапам мне расказвалі, што ў Шклове проста капец, што затворамі аўтаматаў могуць трэснуць, галаву нельга не падымаць. Можна на кукішках прасядзець паўдня. Калі я прыехаў, то зьдзівіўся, што гэта ня так. Чаму ня б’юць нідзе? А потым як зразумеў!..» — успамінае мужчына.

Пра сьмерць Ашурка ён даведаўся не адразу. Зьняволеныя вельмі баяліся гаварыць пра гэта. Яму толькі сказалі, што «Вітольда забіла адміністрацыя», называлі імёны вінаватых. Пра іншых палітвязьняў у калёніі Максім гаворыць неахвотна. Кажа, што за любую згадку ў публічнай прасторы палітвязьня кінуць у штрафны ізалятар, а чалавек можа нават ня ведаць, за што.

Партнэрка Максіма не дачакалася яго з турмы і паехала ў Маскву. Ён зразумеў, што яны канчаткова рассталіся, толькі калі вызваіліўся.

«Мне пашчасьціла, бо на волі гэта перажываецца лягчэй, чым за кратамі», — кажа мужчына.

Яшчэ ў калёніі беларус вырашыў, што будзе выяжджаць. Плянаваў ехаць у Маскву да сваёй дачкі. Але ўрэшце яго эвакуавалі ў Польшчу. Там ён цяпер знаходзіцца са сваім 15-гадовым сынам ад першага шлюбу. Уладкаваўся працаваць у таксі. Удзячны ўсім ініцыятывам, якія дапамагалі яму пасьля вызваленьня: BySol, «Вясна», dissidentby, Цэнтар беларускай салідаранасьці. BySol адкрыў збор, каб Максім хутчэй здолеў адаптавацца за мяжой. На пытаньне, ці плянуе вяртацца ў Беларусь, мужчына адказвае станоўча: «Пасьля перамогі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG