З канца 2022 году праваабаронцу трымаюць у СІЗА на вуліцы Валадарскага. Вядома, што там ёй была патрэбна дапамога стаматоляга. Праблема з зубамі дагэтуль ня вырашаная.
«Яна накіроўвала скаргі на тое, што дапамогі няма. Суд пагадзіўся, што яе прэтэнзіі абгрунтаваныя, але напярэдадні візыту стаматоляга ёй сказалі, што нібыта абсталяваньне сапсавалася. Таму праблема засталася», — расказала сяброўка Насты Эніра Браніцкая, якая падтрымлівае зь ёю сувязь праз сваякоў.
Паводле зьвестак ад сукамэрніц, ужо больш за два месяцы Насту трымаюць у вельмі цесным памяшканьні. «У камэры не хапае сьвятла, а значыць, ёсьць дадатковыя праблемы са зрокам. Увогуле не хапае месца, каб нармальна рухацца. Даводзіцца трываць».
Вядома, што ўжо два месяцы Насту Лойку не выводзяць на прагулкі ў дворыкі, дзе звычайна гуляюць вязьні «Валадаркі».
«Раней у адным з тых дворыкаў жанчыны пакінулі для яе надпіс: «Наста, трымайся». Магчыма, пасьля гэтага яе перасталі выводзіць у тыя дворыкі, і цяпер яна гуляе ў асобным маленькім дворыку непадалёк ад яе камэры.
Да яе не даходзяць лісты ад сяброў і ад калег-праваабаронцаў, але Наста шмат чытае і нават пачала вучыць у вязьніцы францускую мову.
- Наста Лойка працавала ў Human constanta. Летась праваабаронцу некалькі разоў затрымлівалі на «суткі», але па заканчэньні апошняга тэрміну ня вызвалілі, а перавялі на «Валадарку» і выставілі абвінавачаньне паводле Крымінальнага кодэксу. Суд над Настай Лойкай адбыўся ў чэрвені 2023-га, ён праходзіў за зачыненымі дзьвярыма. Маладую жанчыну прызналі вінаватай у распальваньні сацыяльнай варожасьці (арт.130 КК). Судзьдзя Алена Шылько прысудзіла ёй 7 гадоў. Наста Лойка не прызнала віны і вырак абскардзіла.
- Праваабаронцы прызналі Насту Лойку палітзьняволенай.