Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Асабістая помста ГУБАЗіКа за праваабарончую дзейнасьць». Эніра Браніцкая аб прысудзе Насьце Лойцы


Наста Лойка, архіўнае фота
Наста Лойка, архіўнае фота

Праваабаронца і сяброўка Насты Лойкі назвала прысуд «асабістай помстай ГУБАЗіКа».

У Менскім гарадзкім судзе 20 чэрвеня вынесьлі вырак праваабаронцы Насьце Лойцы. Прысуд абвяшчалі на адкрытым пасяджэньні, але сам працэс праходзіў у закрытым фармаце, як і большасьць судоў апошняга часу над вядомымі асобамі.

Лойку абвінавачвалі паводле ч. 3 арт. 130 КК («Распальваньне сацыяльнай варожасьці»). За гэта пагражае да 12 гадоў турмы. У выніку праваабаронца атрымала 7 гадоў зьняволеньня агульнага рэжыму. Наста заявіла ў судзе, што будзе абскарджваць вырак; паводле назіральнікаў, яна трымалася на працэсе добра.

«Падставай для перасьледу Насты стаў даклад, які яна падрыхтавала ў 2018 годзе, але гэты даклад аб перасьледзе анархістаў і іншых левых актывістаў дагэтуль зьмешчаны на сайце, які не прызнаны экстрэмісцкім. І сам даклад не прызнаны экстрэмісцкім. Наста заўсёды імкнулася абараняць самых неабароненых і рабіла гэта прафэсійна, таму крытычна ацэньвала дзеяньні міліцыянтаў, у прыватнасьці супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС, якія перасьледавалі анархістаў. Таму гэты прысуд — яўная помста ГУБАЗіКа за гэту праваабарончую дзейнасьць Насты», — мяркуе Эніра Браніцкая.

У 2022 годзе Наста Лойка адбыла некалькі адміністрацыйных арыштаў на Акрэсьціна, пасьля чаго яе зьмясьцілі на «Валадарку» па крымінальным абвінавачаньні.

«Мы абмяркоўвалі, ці варта ёй было выехаць. Небясьпеку яна ўлічвала, але зыходзіла з таго, што за ёй не было ўдзелу ў шэсьцях падчас масавых пратэстаў, не было іншых дзеяньняў, якія ўлады трактавалі як парушэньні закону. Наста лічыла, што нейкі закон, нейкія нормы яшчэ працуюць у гэтай краіне. Цяпер відавочна, што гэта было ўсё ж ідэалістычнае ўяўленьне».

Праваабаронца спадзяецца, што ў Лойкі хопіць сілаў вытрымаць тэрмін, які ёй прызначыў суд.

«Сем гадоў — гэта жудасны тэрмін, але сёньня можна чакаць чаго заўгодна. Мы будзем яе падтрымліваць і спадзяёмся, што ёй хопіць сілаў і мужнасьці вытрымаць гэтыя выпрабаваньні», — кажа Эніра Браніцкая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG