Праект «Red Cap Must Cry» створаны на аснове кнігі нямецкай пісьменьніцы Беаты Тэрэзы Ханікі «Чырвоны каптурок павінна закрычаць» пра дзяўчынку-падлетка Мальвіну, якая зазнае хатні сэксуалізаваны гвалт з боку аднаго з блізкіх сваякоў — дзядулі.
У кнізе паказана, як працуюць мэханізмы абароны ў падлетка, як дарослыя ня чуюць дзіця і ня бачаць таго, што адбываецца ў іх перад носам. Таксама расказана, як паводзіць сябе ў сытуацыях, калі сваякі пачынаюць дамагацца, як перамагчы гвалтаўніка.
Як працуе гульня?
Цяпер у публічным доступе ёсьць дэма-вэрсія гульні. Каманда праекту зрабіла пакуль два разьдзелы, але ўсяго заплянавана 14. У кожным — нейкая колькасьць міні-гульняў, якія адлюстроўваюць сюжэт ці псыхалягічныя працэсы галоўнай гераіні.
Падчас гульні гучыць голас, які апавядае гісторыю Мальвіны. На расейскай і беларускай мовах агучвае дзяўчынку беларуская музыка Palina, яна ж і кампазытарка праекту.
Кожны разьдзел — гэта набор міні-гульняў, пазлы, лябірынты, дзе нешта трэба перацягнуць і пакласьці, злучыць кропачкі, нешта намаляваць/закрэсьліць. У канцы кожнай гульні ёсьць AR-сцэна (Augmented reality — інтэграцыя лічбавай інфармацыі з асяродзьдзем карыстальніка ў рэжыме рэальнага часу). Тут карыстальніку прапануюць прасканаваць гарызантальную прастору, разьмясьціць герояў дзесьці ў сябе ў пакоі і сфатаграфаваць. Гэты здымак потым зьмяшчаецца ў альбом.
Гульня працуе цялкам офлайн, доступ да сеткі ёй непатрэбны — так зрабілі дзеля бясьпекі. Такім чынам, фатаздымкі карыстальнікаў ня трапяць у публічны доступ, а застануцца толькі ў тэлефоне, абяцаюць аўтары.
Над праектам працуе каманда псыхолягаў, якія спэцыялізуюцца на працы з падлеткамі і выпадках гвалту. Псыхолягі дапамагаюць вычытваць матэрыялы гульні, каб не нашкодзіць яе карыстальнікам, бо тэма вельмі ўразьлівая.
Пазьней у гульню маюць дадаць больш карысных рэчаў: дзёньнік-трэкер станаў, доступ да розных матэрыялаў, адрасы арганізацый, якія маглі б дапамагаць у розных краінах, каб карыстальнікі разумелі, як прасіць дапамогі.
Цяпер гуляць можна на чатырох мовах: беларускай, расейскай, ангельскай і нямецкай. Будзе больш.
Каму будзе цікава гуляць?
Узроставыя абмежаваньні гульні залежаць ад заканадаўства краіны, дзе вы зьбіраецеся гуляць. Варыяцыі — ад 12+ да 16+ гадоў. Першапачаткова гульня разьлічаная на падлеткаў ад 12 да 17 гадоў, якія могуць асацыяваць сябе з Мальвінай, праходзіць праз падобныя сытуацыі. Таксама стваральнікі лічаць, што гульня будзе цікавая маладым людзям, бацькам, у каго ёсьць дзеці-падлеткі, а таксама тым, хто любіць cozy-гульні («утульныя гульні»).