Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: у івацэвіцкай калёніі масава хварэюць вязьні, сымптомы падобныя на каранавірус


Івацэвіцкая калёнія № 22 «Ваўчыныя норы», архіўнае фота
Івацэвіцкая калёнія № 22 «Ваўчыныя норы», архіўнае фота

Паводле зьвестак праваабаронцаў, ужо два тыдні вязьні ў калёніі № 22 «Ваўчыныя норы» хварэюць цэлымі атрадамі.

У івацэвіцкай папраўчай калёніі № 22 «Ваўчыныя норы» масава хварэюць вязьні, паведамляюць з спасылкай на ўласныя крыніцы праваабаронцы «Вясны» ў тэлеграм-канале MAYDAY.TEAM.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, вязьні ў калёніі «хварэюць цэлымі атрадамі», эпідэмія доўжыцца сама меней два тыдні, але адміністрацыя калёніі ня хоча ўводзіць карантын, «бо гэта прывядзе да поўнай зьмены рэжыму працы папраўчай установы».

Як удалося даведацца праваабаронцам, сымптомы хваробы «ідэнтычныя COVID-19».

«Зважаючы на тое, што ў пандэмію на каранавірус перахварэлі практычна ўсе, хворыя выдатна ведаюць свой дыягназ бязь лекараў», — тлумачаць праваабаронцы.

Паводле крыніцаў «Вясны», у мэдычнай частцы калёніі бракуе лекаў, таму вязьняў лекуюць парацэтамолам — як ад звычайнай прастуды. Кіраўніцтва калёніі забараняе казаць аб праблеме недахопу лекаў.

«Дакладна вядома, што некалькі самых цяжкіх хворых ужо адправілі ў Рэспубліканскі агульнасаматычны шпіталь Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС», — паведамляе MAYDAY.TEAM.

У калёніі па-ранейшаму праходзяць працяглыя і кароткатэрміновыя спатканьні, хоць гэта небясьпечна і для сваякоў асуджаных, і для самых работнікаў установы, паведамляюць праваабаронцы. Больш за тое, асуджаных, у якіх хвароба працякае ў лёгкай форме, прымушаюць выходзіць на працу.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG