Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі транспарт Беларусі вырашылі абсталяваць відэакамэрамі


Маршруткі ў Менску. Архіўнае фота
Маршруткі ў Менску. Архіўнае фота

У Беларусі зьменяць правілы перавязеньня пасажыраў аўтатранспартам, зацьверджаныя ў 2008 годзе.

Адпаведны законапраект Савету міністраў вынесьлі на грамадзкае абмеркаваньне. Сярод іншага, улады прапануюць абсталяваць у грамадзкім транспарце відэакамэры.

Пастанова Савету міністраў прадугледжвае наступныя зьмены:

  • забясьпечыць сродкамі відэафіксацыі ўвесь аўтамабільны транспарт, які перавозіць пасажыраў унутры краіны, да 1 студзеня 2028 году;
  • абсталяваць пасамі бясьпекі месцы для сядзеньня ў аўтобусах да 1 студзеня 2027 году;
  • кіроўцу забароняць зьмяняць спосаб аплаты без узгадненьня з пасажырам;
  • удакладніць пералік выпадкаў, калі пасажыр мае права адмовіцца плаціць за паездку ў таксі;
  • перагляд патрабаваньняў да кіроўцаў што да стажу і браку прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці;
  • кіроўцам таксі і міжнародных маршрутаў ня трэба будзе праходзіць курсы, каб атрымаць права перавозіць пасажыраў — мяркуецца, што гэта спросьціць доступ да прафэсіі;
  • кіроўцаў пасажырскага транспарту вызваляць ад неабходнасьці праходзіць курсы падвышэньня кваліфікацыі, калі ад атрыманьня правоў адпаведнай катэгорыі прайшло менш за 5 гадоў;
  • кіроўцы маршрутак з 1 лістапада 2025 году будуць абавязаныя забясьпечыць магчымасьць безнаяўнай аплаты праезду (выключэньне зрабілі для перавозьнікаў, якім можна плаціць праз сэрвіс «Оплати»).

Абмеркаваньне пастановы на «Праўным форуме Беларусі» працягнецца да 5 траўня. Каб выказаць там сваю думку, трэба зарэгістравацца на сайце.

У Беларусі ўсталявалі ўжо каля 60 тысяч «разумных» камэраў відэаназіраньня, якія могуць адсочваць чалавека, распазнаваць твары, чытаць нумарныя знакі аўтамабіляў, заявіў у пачатку сакавіка міністар унутраных справаў Іван Кубракоў. Пасьля выбараў 2020 году сілавікі ў Беларусі актыўна карыстаюцца камэрамі, каб шукаць удзельнікаў пратэстаў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG