Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Кіеве завочна пакараў Януковіча яшчэ 15 гадамі зьняволеньня


Віктар Януковіч, архіўнае фота
Віктар Януковіч, архіўнае фота

Вырак вынесьлі за падбухторваньне да дэзэртырства і незаконнае перасячэньне мяжы.

Падольскі раённы суд Кіева завочна асудзіў былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча і экс-начальніка Ўпраўленьня дзяржаўнай аховы (УДА) Ўкраіны Канстанціна Кабзара на 15 і 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Як перадае Ўкраінская служба Радыё Свабода, Падольскі раённы суд Кіева прызнаў вінаватымі:

  • Віктара Януковіча — у арганізацыі незаконнага перапраўленьня асобаў празь дзяржаўную мяжу Ўкраіны і падбухторваньні да дэзэртырства;
  • Канстанціна Кабзара — у арганізацыі незаконнага перапраўленьня асобаў празь дзяржаўную мяжу Украіны і дэзэртырства.

Паводле вэрсіі сьледзтва, 23 лютага 2014 году экс-прэзыдэнт Украіны, дзейнічаючы ў змове з былым начальнікам Службы бясьпекі прэзыдэнта і прадстаўнікамі Расеі, паветраным шляхам незаконна перасёк дзяржаўную мяжу Ўкраіны і арганізаваў перапраўленьне ня менш як 20 чалавек зь ліку свайго блізкага атачэння і вайскоўцаў УДА.

Яны вылецелі трыма расейскімі вайсковымі верталётамі пад кіраўніцтвам лётніка-пілёта ўзброеных сіл РФ з ускраіны вёскі Урзуф Мангускага раёну Данецкай вобласьці ў кірунку РФ, да вайсковага аэрадрому ў горадзе Ейску. Прабыўшы там пэўны час, яны паляцелі ў Анапу, а адтуль на вайскова-транспартным самалёце, наданым прадстаўнікамі Ўзброеных сілаў Расеі, накіраваліся да вайсковага аэрадрома «Гвардзейскае» на тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым.

Пазьней экс-прэзыдэнт прыняў рашэньне канчаткова пакінуць Украіну. Знаходзячыся на тэрыторыі вайсковай часткі Чарнаморскага флёту РФ у раёне Казачай бухты ў г. Севастопалі, ён падбухторваў вайскоўцаў УДА Ўкраіны, якія забясьпечвалі яго асабістую ахову, да дэзэртырства і выезду ў Расею. З Аўтаномнай Рэспублікі Крым экс-прэзыдэнта вывозілі морам расейскія вайскоўцы.

У выніку разам з экс-прэзыдэнтам морскім вадаплавам з Севастопалю ў РФ выехала частка работнікаў дзяржаўнай аховы. На вайсковую службу яны не вярнуліся.

Маршрут перамяшчэньня Януковіча па тэрыторыі Ўкраіны і Расеі складалі, цалкам кантралявалі і суправаджалі супрацоўнікі фэдэральнай службы аховы і вайскоўцы паўднёвай вайсковай акругі РФ. Ён узгадняўся непасрэдна з прэзыдэнтам Расеі.

Справу разглядалі паводле працэдуры спэцыяльнага судовага вядзеньня in absentia (без абвінавачаных), бо яны хаваюцца ад правасудзьдзя.

У студзені 2019 года Януковіча асудзілі за дзяржаўную здраду і дапамогу ў вядзеньні агрэсіўнай вайны (ч. 1 арт. 111, ч. 5 арт. 27, ч. 2 арт. 437 КК Украіны), суд прызначыў яму 13 гадоў пазбаўленьня волі.

Януковіч займаў пасаду прэзыдэнта Ўкраіны з 2010 па 2014 год. У лютым 2014 году ён уцёк з краіны падчас вострага палітычнага крызісу і стральбы па ўдзельніках Эўрамайдану. У студзені 2019 году суд у Кіеве завочна даў яму вырак 13 гадоў зьняволеньня з абвінавачаньнем у дзяржаўнай здрадзе і дапамозе ў разьвязваньні агрэсіўнай вайны. Прысуд абскарджаны і не набыў моц, сам былы прэзыдэнт, які атрымаў прытулак у Расеі, сваю віну катэгарычна адмаўляе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG