Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцслужба Літвы заявіла, што Карач супрацоўнічала з расейскай выведкай. Карач гэта адмаўляе


Вольга Карач
Вольга Карач

Прычынай адмовы ў прытулку актывістцы Вользе Карач маглі стаць падазрэньні ў яе супрацоўніцтве з расейскай выведкай, піша агенцтва BNS.

Літоўскае агенцтва сьцьвярджае, што мае дакумэнт, у якім Дэпартамэнт дзяржбясьпекі Літвы выкладае гэтыя падазрэньні.

«Па зьвестках ДДБ, актывістка беларускай апазыцыі Вольга Карач, якая жыве ў Літве, супрацоўнічала з расейскай выведкай», — цытуе BNS дакумэнт.

У ім пазначана, што Карач нібыта наведвала тэрыторыю Расеі ў 2015–19 гадах і сустракалася з прадстаўнікамі расейскай выведкі, падтрымлівала зь імі кантакт праз «абязьлічаныя сродкі сувязі», а таксама нібыта перадала расейскаму боку дакумэнты, якія зьмяшчаюць інфармацыю аб прадстаўніках беларускай апазыцыі.

Карач, згодна з дакумэнтам, «імкнулася заручыцца падтрымкай расейскага ўраду ў сваёй палітычнай дзейнасьці ў Беларусі і абмяркоўвала свае магчымыя палітычныя абавязаньні перад Расеяй з прадстаўнікамі расейскай выведкі».

«Прадстаўнікі расейскай выведкі клапаціліся аб іміджы Карач у Літве і за мяжой, давалі парады і прапановы па дзейнасьці ў публічнай прасторы, папярэджвалі і інструктавалі, як зьнізіць рызыкі», — прыводзіць агенцтва яшчэ адну цытату.

У дакумэнце адзначаецца, што расейская выведка можа выкарыстоўваць сувязі з Карач для дзейнасьці, накіраванай супраць Літвы і яе інтарэсаў. Пры гэтым у ім ёсьць спасылкі на засакрэчаную інфармацыю, якую мае Дэпартамэнт дзяржбясьпекі.

Рэакцыя Вольгі Карач

Вольга Карач адмаўляе ўсе такія абвінавачаньні. Яна заявіла Delfi, што зьбіраецца правесьці 22 жніўня прэс-канфэрэнцыю.

«Я ні з чым не супрацоўнічала і не магла супрацоўнічаць. Я не супрацоўнічала ні зь якімі інстытутамі варожых краін — ні Беларусі, ні Расеі. Я ніколі не супрацоўнічала, я ня ведаю, хто што кажа, калі ў іх ёсьць іншая інфармацыя, няхай публікуюць», — адказала яна Delfi на просьбу пракамэнтаваць інфармацыю, якая зьявілася.

На мінулым тыдні кіраўніца праваабарончай арганізацыі «Наш дом» Вольга Карач расказала, што ўлады Літвы адмовілі ёй у палітычным прытулку. Паводле вэрсіі Карач, яе абвясьцілі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы Літвы».

Яна расказала «Медузе», што літоўскія ўлады абгрунтавалі рашэньне тым, што яна брала інтэрвію ў заснавальніка Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі (ЛДПР) Уладзіміра Жырыноўскага, а таксама ўдзельнічала ў канфэрэнцыях у Расеі, у тым ліку арганізаваных Эўракамісіяй.

Вольга Карач даўно жыве ў Літве. Пакуль невядома, як доўга яна зможа заставацца ў краіне.

  • Вольга Карач — кіраўніца цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом».
  • КДБ Беларусі ў верасьні 2021 году ўнёс Карач у «сьпіс тэрарыстаў», а МУС Беларусі ў траўні 2022 году абвясьціла арганізацыю «Наш дом» «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG