Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве выявілі незаконнае вяшчаньне з Расеі і хочуць абмежаваць сыгнал беларускай тэлевізіі


Літоўскі пераход Шумск на мяжы зь Беларусьсю. 12 жніўня 2023 году
Літоўскі пераход Шумск на мяжы зь Беларусьсю. 12 жніўня 2023 году

У Літве хочуць стварыць перашкоды для прапагандысцкага вяшчаньня зь Беларусі і Расеі.

У Службе рэгуляваньня сувязі Літвы заявілі, што Расея і Беларусь працягваюць трансьляваць свае прапагандысцкія СМІ на літоўскую тэрыторыю.

Як паведаміла літоўскае выданьне LRT, жыхары памежных зь Беларусьсю раёнаў глядзяць беларускія тэлеканалы.

«У майго мужа тэлевізар паказвае беларускія каналы», — сказала выданьню мясцовая жыхарка.

Яшчэ адзін мясцовы жыхар паведаміў, што ён глядзіць фільмы па беларускіх тэлеканалах. «Вы купляеце гэтую антэну і ўсталёўваеце», — патлумачыў ён.

Служба рэгуляваньня сувязі Літвы паведаміла, што ў жніўні атрымала шэраг скаргаў на радыёстанцыю «Мир». Але праверка на мяжы ня выявіла парушэньняў і станцыя выконвае ўзгодненыя ўмовы па магутнасьці.

Кантэнт зьяўляецца дэзынфармацыяй і прапагандай, ён не адпавядае патрабаваньня літоўскага заканадаўства і не адпавядае грамадзкім інтарэсам, сказаў намесьнік кіраўніка Службы рэгуляваньня сувязі Літвы Дарус Кулешус.

Паводле яго, з красавіка Расея спрабуе ўмяшацца ў літоўскае вяшчаньне пры дапамозе радыёстанцыі «Спутник».

«Гэтая радыёстанцыя пачала працаваць абсалютна незаконна, без усялякага ўзгадненьня: стварылі новую станцыю каля Ніды і нацэліліся на наш рэгіён», — заявіў Дарус Кулешус.

Тэму абмежаваньня вяшчаньня беларускіх і расейскіх прапагандысцкіх СМІ плянуюць абмеркаваць і ў парлямэнце Літвы з запрашэньнем міністра ўнутраных спраў краіны.

«Калі ўраду ўдалося закрыць мяжу паміж Літвой і Беларусьсю, я мяркую, што мы, вядома ж, можам знайсьці магчымасьці, сабраўшыся разам. Мы можам гаварыць пра нейкія часовыя перашкоды або абвясьціць конкурс на выкарыстаньне частаты, каб яны не маглі вяшчаць», — сказаў намесьнік старшыні парлямэнцкага камітэту культуры Робэртас Шаркніцкас.

У парлямэнцкім камітэце нацыянальнай бясьпекі і абароны таксама падтрымалі неабходнасьць спыненьня прысутнасьці на літоўскай тэрыторыі беларускіх і расейскіх каналаў і радыёстанцый.

Літва закрыла два пераходы на мяжы зь Беларусьсю

18 жніўня Літва закрыла два з шасьці памежных пераходаў зь Беларусьсю — Шумск/Лоша і Цьверач/Відзы. Працягваюць функцыянаваць пераходы Каменны Лог/Меднікі, Прывалка/Райгорад, Беняконі/Салечнікі і Катлоўка/Лаварышкі. Закрываць іх літоўскі бок пакуль не плянуе.

З Польшчай для легкавых аўтамабіляў дзейнічае толькі пераход у Тарэспалі (Берасьце).

28 жніўня краіны Балтыі і Польшча заплянавалі сустрэчу на міністэрскім узроўні, падчас якой будзе абмяркоўвацца мэханізм поўнага закрыцьця мяжы зь Беларусьсю ў выпадку ўзьнікненьня такой неабходнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG