У абвінавачаньні кожнага зь іх ёсьць арт. 130 КК (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці).
Сярод прызнаных датычнымі «да тэрарыстычнай дзейнасьці» — палітвязьні, экспэрткі Валерыя Касьцюгова і Тацяна Кузіна. 17 сакавіка Менскі гарадзкі суд прыгаварыў іх да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
У справе фігуравалі тры крымінальныя артыкулы: ч. 1 арт. 357 (дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцыяў) і ч. 3 арт. 130.
Валерыя Касьцюгова — паліталягіня, заснавальніца і рэдактарка сайта экспэртнай супольнасьці «Наше мнение», рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка» і кіраўніца групы экспэртаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе» (затрыманая 30 чэрвеня 2021 году).
Тацьцяна Кузіна — сузаснавальніца школы маладых мэнэджэраў публічнага адміністраваньня Sympa, экспэрт дасьледчага праекту Вipart (затрыманая 29 чэрвеня 2021 году).
Сярод уключаных у «тэрарыстычны сьпіс» — былая супрацоўніца службы «Адно акно» Кастрычніцкага раёну Менску Сьвятлана Бычкоўская, асуджаная на 5 гадоў пазбаўленьня волі па некалькіх крымінальных артыкулах. Жанчыну прызналі вінаватай у тым, што яна перадавала асабістыя зьвесткі сілавікоў праекту па дэананімізацыі «Чорная кніга Беларусі». Знаходзіцца ў няволі з 21 красавіка 2022 году. Уключаная ў сьпіс «экстрэмістаў».
Да «тэрарыстаў» прылічаная палітвязень, былая спэцыялістка Менскага гарадзкога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, маці чатырох дзяцей Ірына Клявец. Яна прыгавораная да 6 гадоў пазбаўленьня волі па ч. 3 арт. 352 (неправамернае завалоданьне кампутарнай інфармацыяй), ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеяньні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных), ч. 3 арт. 426 (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў) і ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу.