У Менскім гарадзкім судзе на 5 гадоў і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму асудзілі палітзьняволеную былую супрацоўніцу службы «Адно акно» Кастрычніцкага райвыканкаму Менску Сьвятлану Бычкоўскую.
За перадачу зьвестак пра сілавікоў яе абвінавацілі паводле 4 артыкулаў:
- ч. 3 арт. 130 КК («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»),
- арт. 352 КК («Неправамернае завалодваньне кампутарнай інфармацыяй»),
- ч. 3 арт. 203-1 КК («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных»),
- ч. 3 арт. 426 («Перавышэньне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў»).
Судзьдзя Дзіна Кучук вынесла прысуд Сьвятлане Бычкоўскай яшчэ 25 траўня, але праваабаронцам пра вынік суду стала вядома толькі цяпер. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Былую супрацоўніцу службы «Адно акно» Кастрычніцкага раёну Менску Сьвятлану Бычкоўскую затрымалі 21 красавіка 2022 году. Суд пачаўся 20 красавіка 2023 году ў Менску, паведамляе «Вясна».
У відэа, зьнятым пад прымусам сілавікамі, яна сказала, што перадала асабістыя зьвесткі сілавікоў у тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі».