Андрэй Шарэнда расказаў у сваім фэйсбуку, што яшчэ 7 ліпеня Паліну спэцэтапам вывезьлі зь СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менск. І да гэтага часу ні сямейнікам, ні адвакату не атрымалася высьветліць, дзе яна.
«Толькі зараз з ананімных крыніц атрымалася высьветліць нейкія падрабязнасьці, што здарылася з Палінай у пачатку чэрвеня перад этапам на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі. Адміністрацыя калёніі № 24 арганізавала для Паліны так званую „прэсхату“, падсадзіўшы да яе ў камэру ПКТ дзьвюх жанчын-правакатарак. Зразумела, што зьнясіленая многімі месяцамі знаходжаньня ў ШЫЗА і ПКТ Паліна не змагла даць адпор і была моцна зьбіта. І так моцна, што ёй спатрэбілася шпіталізацыя ў санчастку калёніі.
Па неправеранай інфармацыі, у Паліны зламана рабрына, удар ныркі і перабіта пераносьсе. Нават праз амаль тры тыдні пасьля зьбіцьця 22 чэрвеня, калі Паліну бачылі ў СІЗА № 1 на Валадарскага, у яе заставаліся шматлікія гематомы на твары і шнар на пераносьсі. Нам дагэтуль нічога не вядома аб стане здароя Паліны», — напісаў Андрэй Шарэнда.
Паліна Шарэнда-Панасюк адбывае пакараньне ў жаночай калёніі ў пасёлку Зарэчча, непадалёк ад Рэчыцы.
У 2021 годзе актывістку «Эўрапейскай Беларусі» асудзілі спачатку на 2 гады зьняволеньня за нібыта гвалтоўныя дзеяньні адносна міліцыянта і зьнявагу Лукашэнкі, а праз год да гэтага тэрміну ёй дадалі яшчэ 1 год нібыта за злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі.
У чэрвені 2023 году Паліну Шарэнду-Панасюк, якая на той момант адмовілася ад беларускага грамадзянства, адправілі на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі. Паводле сваякоў палітзьняволенай, ад экспэртызы яна адмовілася і яе этапавалі.
Паліна Шарэнда-Панасюк — маці дваіх непаўналетніх дзяцей. Паводле апошніх зьвестак, у зьняволеньні Паліна схуднела прыблізна на 18 кіляграмаў, яна пакутуе ад шэрагу захворваньняў.