Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні аргумэнт Лукашэнкі. Дэманстрацыйныя катаваньні як «перадпрадажная падрыхтоўка» палітвязьняў


Фотакаляж. Зьлева направа: Іосіф Сталін, Уладзімір Ленін, Аляксандар Лукашэнка.
Фотакаляж. Зьлева направа: Іосіф Сталін, Уладзімір Ленін, Аляксандар Лукашэнка.

​​​​​​​Каму і для чаго патрэбна тое, што адбываецца сёньня з палітвязьнямі ў беларускіх турмах, сьледчых ізалятарах і калёніях?

Здавалася б, цяпер, праз тры гады пасьля падзеяў 2020-га, калі старыя раны рэжыму пакрысе загойваюцца, прага помсты ў значнай ступені спатолена, а страх страціць уладу на тле разгромленай, выціснутай за мяжу ці кінутай за краты апазыцыі прыкметна суцішыўся, самы час супакоіцца, «перагарнуць старонку», праявіць гуманнасьць да пераможаных. Але ў рэальнасьці адбываецца ўсё наадварот: градус рэпрэсій і жорсткасьці ў дачыненьні да ўжо рэпрэсаваных толькі падвышаецца. Чаму?

Зусім магчыма, што цяперашні востры крызіс з палітвязьнямі — чарговая спроба Лукашэнкі паслаць сыгнал Захаду. Там жа спагадлівыя гуманісты, мяккія і жаласьлівыя лібэралы, чулыя да чужых бедаў. Няўжо яны будуць моўчкі назіраць за тым, як пакутуюць у беларускіх турмах іхныя аднадумцы? Колькасьцю кінутых за краты, вядома, уразіць ужо цяжка.

Пахаваньне палітвязьня Алеся Пушкіна, вёска Бобр, 13 ліпеня 2023
Пахаваньне палітвязьня Алеся Пушкіна, вёска Бобр, 13 ліпеня 2023

А што, калі гэтых палітвязьняў заціснуць так, каб аж зайшліся ад болю і адчаю? Каб не вылазілі з ШЫЗА і карцараў, не атрымлівалі ніякай інфармацыі з волі, вар’яцелі ад невядомасьці і трывогі, ператвараліся ў інвалідаў, а то і паміралі, ня маючы нават элемэнтарнай мэдычнай дапамогі? Няўжо, пачуўшы крыкі пра дапамогу і жахлівыя гісторыі пакутаў, Захад не паспачувае і не захоча выкупіць гэтых няшчасных? Гэткі своеасаблівы апошні аргумэнт Лукашэнкі пасьля таго, як многія іншыя спробы і спосабы (шантаж ядзернай зброяй, мігранцкім крызісам, зьнішчэньнем грамадзянскай супольнасьці) не спрацавалі.

«Відаць, Захаду абыякавы лёс вязьняў Беларусі»

Дэманстрацыйная жорсткасьць, гвалт, нічым не абгрунтаванае прыніжэньне чалавечай годнасьці ў дачыненьні да палітвязьняў — гэта ў рэальнасьці можа быць гэткім вычварэнскім змушэньнем да дыялёгу.

Два гады таму, у красавіку 2021-га, Менск падобным чынам спрабаваў слаць Захаду сігналы, пагражаючы жорсткім зьнішчэньнем грамадзянскай супольнасьці. Тагачасны міністар замежных спраў Уладзімір Макей казаў пра гэта адкрыта: маўляў, ня спыніце ўвядзеньне санкцый, не пагодзіцеся размаўляць і таргавацца, дык дарагі вам «трэці сэктар», пра які вы так клапаціліся, «перастане існаваць».

І пагроза ў сьціслыя тэрміны была ажыцьцёўлена: усе тыя сотні грамадзкіх арганізацый, якія да 2020 году былі адносна незалежнымі ад дзяржавы, у Беларусі дашчэнту зьнішчылі, а іхныя колішнія кіраўнікі і актывісты сёньня хто ў эміграцыі, хто ў турмах.

Ператрус у сядзібе БАЖ, 2021
Ператрус у сядзібе БАЖ, 2021

Цяперашняя хваля жорсткага ціску на палітвязьняў — гэта прыблізна тая ж спроба шантажу, змушэньня да гандлю. Адно што няма больш міністра Макея, які сказаў бы пра гэта адкрытым тэкстам: маўляў, не пачняце гандаль з намі — закатуем вашых прыхільнікаў у нашых турмах. Затое чуваць такія ж, больш чым празрыстыя намёкі ад іншых давераных асобаў рэжыму, кшталту былога апазыцыянэра, а цяпер прыхільніка Лукашэнкі і сябра «камісіі па вяртаньні» Юрыя Васкрасенскага.

Юрый Васкрасенскі, архіўнае фота
Юрый Васкрасенскі, архіўнае фота

Варта зьвярнуць увагу на ягонае інтэрвію, апублікаванае 15 ліпеня на партале «Зеркало». У ім кожны раз, як толькі заходзіць размова пра цяжкое становішча палітвязьняў, Васкрасенскі тут жа «падказвае» магчымы спосаб рашэньня гэтай праблемы. І «спосаб» зводзіцца да аднаго: дамаўляйцеся з Лукашэнкам, ідзіце яму на саступкі, рабіце прапановы. Вось некалькі адметных цытат з гэтага інтэрвію:

«Яшчэ адзін варыянт: дыялёг з заходнімі партнэрамі. Але яны не выходзяць ні на які дыялёг. Відаць, ім абсалютна абыякавы лёс вязьняў у Беларусі».

«Беларускі бок заўсёды гатовы да дыялёгу. Таму, калі б знайшоўся нейкі бок, які выклікае давер, і прапанаваў „дарожную мапу“, улады разгледзелі б. Але самі выходзіць на кантакт ня будуць: мы лічым сваю пазыцыю правільнай. Беларуская ўлада сама за кімсьці бегаць ня будзе».

«Калі б была прапанавана паўнавартасная дарожная мапа, расьпісаны ўсе дзеяньні, тэрміны, адказныя, я проста ўпэўнены (у тым ліку таму, што маю трохгадовы тэрмін зносін з найвышэйшым палітычным кіраўніцтвам Беларусі), што ўсе пытаньні былі б зьнятыя. Так званыя палітычныя зьняволеныя былі б амніставаныя».

Дзесяць гадоў бяз права перапіскі

«Дзесяць гадоў бяз права перапіскі» — стандартная фармулёўка прысуду палітвязьням, якую ў канцы 30-х гадоў часта паведамлялі сваякам рэпрэсаваных, у рэальнасьці асуджаных на расстрэл. Улады гэтым імкнуліся ці то прыхаваць маштаб сьмяротных прысудаў у краіне, ці то езуіцкім чынам павялічыць і расьцягнуць у часе пакуты сем’яў, якія чакалі зь няволі сваіх блізкіх. Пасьля таго, як у 1990-м у СССР выйшаў аднайменны фільм пра сталінскія злачынствы, гэты выраз стаў фразэалягізмам, адным са своеасаблівых змрочных сымбаляў палітычных рэпрэсіяў у тагачасным Савецкім Саюзе.

Андрэй Жданаў, Андрэй Андрэеў, Міхаіл Калінін, Вячаслаў Молатаў, Іосіф Сталін, Клімент Варашылаў, Лазар Кагановіч, Мікалай Яжоў, Анастас Мікаян. Масква, 1938
Андрэй Жданаў, Андрэй Андрэеў, Міхаіл Калінін, Вячаслаў Молатаў, Іосіф Сталін, Клімент Варашылаў, Лазар Кагановіч, Мікалай Яжоў, Анастас Мікаян. Масква, 1938

У сёньняшняй Беларусі гэта фраза дзіўным чынам набывае своеасаблівыя зьмест і сэнс. За ёй пакуль што не хаваюць сьмяротных прысудаў (прынамсі, пакуль), але словы «бяз права перапіскі» гучаць гэтак жа актуальна, як і ў 30-я гады. Пазбаўляць палітвязьняў права атрымліваць лісты стала паўсюднай практыкай, пашыраным спосабам псыхалягічнага ціску і на саміх зьняволеных, і на іхных блізкіх. Прычым, калі адразу пасьля падзей 2020 году гэты мэтад выкарыстоўваўся даволі рэдка, то цяпер у дачыненьні да палітвязьняў стаў паўсюдным. У СІЗА правілы перапіскі часта немагчыма вытлумачыць ніякай лёгікай: лісты выбарачна блякуюцца і ад сваякоў, і ад незнаёмых людзей. Некаторыя з палітвязьняў увогуле месяцамі не атрымліваюць аніякіх вестак з волі, хоць лісты ім пішуць і дасылаюць.

Лягер у ГУЛАГу. Архіўнае фота
Лягер у ГУЛАГу. Архіўнае фота

Што адчувае чалавек за турэмнымі сьценамі, які апынаецца ў такім інфармацыйным вакуўме? Адчай, расчараваньне, крыўду, самоту, пачуцьцё адрынутасьці, забытасьці, непатрэбнасьці? Для многіх гэта становіцца катаваньнем, магчыма, нават цяжэйшым, чым фізычны гвалт ці прыніжальныя бытавыя ўмовы, звычайныя для сёньняшніх беларускіх турмаў. І тыя, хто аддаваў загад на блякаваньне перапіскі, відавочна, якраз такія мэты і ставілі.

«Шэсьць чарніліц палітвязьня Ўльянава»

Савецкія дзеці зь першых клясаў пачатковай школы ведалі, як цяжка даводзілася рэвалюцыянэрам у царскіх турмах. У абавязковую школьную праграму ўваходзілі апавяданьні пра тое, як будучы правадыр рэвалюцыі Ленін, седзячы ў маладосьці ў турме «Кресты» ў Санкт-Пецярбурзе, пісаў на волю кансьпіратыўныя «хімічныя» лісты. Дзеля таго, каб абхітрыць турэмных цэнзараў, замест чарніла ён выкарыстоўваў малако, а «чарніліцы» ляпіў з хлебнага мякішу. (Каб прачытаць потым засакрэчаны тэкст, аркуш трэба было крыху нагрэць над полымем сьвечкі).

Уладзімір Ленін. 1917
Уладзімір Ленін. 1917

Натуральна, палітвязьню даводзілася трымаць у сакрэце такую сваю хітрасьць. Як толькі наглядчык набліжаўся да дзьвярэй камэры альбо зазіраў у акенца, Ленін тут жа зьядаў «чарніліцу» разам з малаком. На адной са сваіх частых турэмных сустрэч са сваякамі ён са сьмехам расказваў: «Няўдалы дзень сёньня: шэсьць чарніліц давялося зьесьці».

У турме Ленін прабыў 14 месяцаў. За гэты тэрмін перачытаў дзясяткі кніг, якія яму на заказ дастаўлялі проста са сталічных бібліятэк. Калі даведаўся, што яго неўзабаве вызваляць з турмы і адправяць у ссылку, дык нават зазначыў са шкадаваньнем: «Рана! Я яшчэ не пасьпеў сабраць усе патрэбныя мне матэрыялы».

Далей, як вядома, маладога палітвязьня Ўладзіміра Ўльянава накіравалі ў ссылку ў Шушанскае, пад Краснаярск. Працаваць яму там ня трэба было: Ленін пераважна чытаў і хадзіў на паляваньне. Палітвязьню ад ураду належала грашовае ўтрыманьне, якога хапала на тое, каб наймаць сьветлы прасторны пакой, аплочваць гатаваньне ежы і мыцьцё бялізны. Ленін у ссылцы, як вядома, вянчаўся з Надзеяй Крупскай.

Каюта, якую займаў Уладзімір Ульянаў (Ленін) на параходзе па дарозе ў ссылку ў Шушанскае
Каюта, якую займаў Уладзімір Ульянаў (Ленін) на параходзе па дарозе ў ссылку ў Шушанскае

На абед маладой сям’і ссыльных кухарка звычайна гатавала дзічыну, альбо капусту з грыбамі, альбо рыбу, альбо бараніну з кашай. У адным зь лістоў таго часу Ленін з захапленьнем пісаў сваякам: «Жыву добра, сталом цалкам задаволены. Пра мінэральную страўнікавую ваду забыў і думаць і, спадзяюся, хутка забуду і яе назву».

Урокі царскіх турмаў

Перадрэвалюцыйныя турэмныя старонкі былі ў біяграфіях амаль усіх першых бальшавіцкіх правадыроў і наркомаў — ня толькі Леніна і Сталіна, але і Калініна, Дзяржынскага, Варашылава... Сталін у маладыя гады трапляў у царскія турмы і ссылкі шэсьць разоў. Амаль нідзе доўга не затрымліваўся: пяць разоў даволі лёгка адтуль уцякаў. І заўсёды — пасьпяхова. Пасьля гэтага гадамі жыў на нелегальным становішчы і нават выяжджаў за мяжу для ўдзелу ў партыйных зьездах.

Іосіф Сталін, 1902
Іосіф Сталін, 1902

Захапіўшы ў лістападзе 1917-га ўладу, бальшавіцкія правадыры зь веданьнем справы наладзілі сыстэму палітычнага перасьледу і жорсткага пакараньня нязгодных, грунтуючыся на ўласным досьведзе «адседак» у царскіх турмах і ссылках, улічыўшы ўсе «слабыя месцы» . Умовы, у якіх калісьці сядзелі ў турэмных камэрах альбо ў ссыльных пасёлках Ленін і Сталін, для вязьняў ГУЛАГу падаліся б, напэўна, санаторыем альбо домам адпачынку. Абавязковае малако ў турэмным рацыёне? Заказ кніг у гарадзкіх бібліятэках? Паляваньне і чытаньне кніг як адзіны занятак ссыльнага? Уцёкі з катаргі за мяжу? Аплата для палітвязьняў наёмнага жытла і працы кухаркі і прачкі? Усё гэта ў сталінскім СССР выглядала фантастыкай, такое немагчыма было ўявіць. Рэаліі ГУЛАГу, праўдзіва і таленавіта апісаныя тымі, хто прайшоў празь яго (Францішак Аляхновіч, Аляксандр Салжаніцын, Варлам Шаламаў), малявалі пекла на зямлі, даведзеную да дасканаласьці сыстэму штодзённага прыніжэньня і гвалту. Дарэчы, практыка, калі палітзьняволеных абмяжоўвалі ў перапісцы альбо ўвогуле пазбаўлялі гэтага права, таксама адтуль, з эпохі сталінізму. Жанчынам у ГУЛАГу, напрыклад, дазвалялі пісаць на волю толькі два лісты на год.

Вязьні Гулагу
Вязьні Гулагу

Юныя савецкія школьнікі Валодзя Пуцін і Саша Лукашэнка, вядома ж, на пачатку 60-х гадоў чыталі або чулі ад настаўнікаў расповеды пра турэмную маладосьць правадыроў рэвалюцыі. Напэўна, у гады хрушчоўскай адлігі маглі чытаць альбо чуць успаміны былых вязьняў ГУЛАГу, якія тады сотнямі тысяч вярталіся дахаты. Відаць, як і многія іншыя, параўноўвалі, супастаўлялі... У 60-70-я гады савецкая турэмная сыстэма пасьля зьверстваў сталінізму была прыкметна гуманізаваная, ачалавечаная. Празь фільмы Гайдая і Данэлія, праз ідэалізаваныя літаратурныя і кінэматаграфічныя вобразы міліцыянтаў і сьледчых яе імкнуліся паказаць савецкаму чалавеку як справядлівую і мяккую, якая ня мае нічога агульнага са сталінскай спадчынай. Гэта далёка не заўсёды адпавядала рэчаіснасьці, але агульны трэнд быў менавіта такі — на адмаўленьне ад жорсткасьці, нялюдзкасьці, катаваньняў.

Тым ня менш, калі надышоў вырашальны момант і ад саміх Лукашэнкі і Пуціна стала залежаць, у які бок будзе рухацца карная сыстэма ў краінах пад іхным кіраўніцтвам, у якасьці ўзору яны ўзялі не лібэральную манархію апошняга Раманава і не параўнальна мяккі аўтарытарызм Хрушчова і Брэжнева, а самую жорсткую і нялюдзкую сталінскую дыктатуру — тую, якая калечыць людзкія лёсы, але гарантуе пажыцьцёвую аднаасобную ўладу.

Лесьвіца ў мінулае

Лукашэнка прыкметна злуе, раздражняецца, нэрвуецца, калі яму задаюць пытаньні пра палітвязьняў альбо пра катаваньні ў беларускіх турмах. «У нашым крымінальным кодэксе няма артыкулу за палітычныя злачынствы», — раздражнёна кінуў ён журналісту ВВС Стыву Розэнбэргу падчас ліпеньскай прэсавай канфэрэнцыі, калі той паспрабаваў спытаць пра лёс палітзьняволеных.

Аляксандар Лукашэнка 10 кастрычніка 2020 наведаў СІЗА КДБ, дзе сустрэўся з палітвязьнямі
Аляксандар Лукашэнка 10 кастрычніка 2020 наведаў СІЗА КДБ, дзе сустрэўся з палітвязьнямі

Ён спрабуе рабіць выгляд, што гэтай праблемы няма альбо што яна ня надта яго цікавіць, але гэтым толькі падкрэсьлівае яе значнасьць для сябе. А пра сапраўднае ягонае стаўленьне да тэмы палітвязьняў красамоўна сьведчаць некалькі эпізодаў 2020 года. Найперш — ягоны асабісты прыезд у кастрычніку ў СІЗА КДБ і шматгадзінная размова з 11 палітвязьнямі (у ліку якіх былі Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі).

Аляксандар Лукашэнка 10 кастрычніка 2020 наведаў СІЗА КДБ, дзе сустрэўся з палітвязьнямі
Аляксандар Лукашэнка 10 кастрычніка 2020 наведаў СІЗА КДБ, дзе сустрэўся з палітвязьнямі

А яшчэ — ягоны выраз «Часам не да законаў», сказаны падчас сустрэчы з апаратам Генпракуратуры ў верасьні 2020 года. Гэтыя словы, магчыма, выпадкова трапілі тады ў эфір дзяржаўнага тэлебачаньня, але менавіта імі на працягу ўжо амаль трох гадоў кіруецца ўся ўладная «вэртыкаль», калі справа датычыць палітычных спраў, перасьледу іншадумцаў ды іншых неляяльных да рэжыму грамадзян. Колькі разоў і ў якіх варыяцыях паўтараюцца яны на шматлікіх закрытых нарадах, дзе прымаюцца рашэньні пра катаваньні палітзьняволеных, можна толькі здагадвацца. Але тое, што яны гучаць, дакладна. Сыстэма ўлады ў Беларусі створана такая, што бязь ведама Лукашэнкі ўся гэта машына рэпрэсій і катаваньняў не магла запусьціцца і падтрымлівацца ў актыўным стане. Тым больш у такім памяркоўным і ня схільным да гвалту і агрэсіі грамадзтве, як беларускае.

Здаецца, усё чалавечнае, людзкае, гуманнае, што з такімі ахвярамі і пакутамі цягам мінулых стагодзьдзяў было выпрацавана лепшай часткай грамадзтва (пісьменьнікамі, мысьлярамі, інтэлектуаламі), цяпер адрынута. Уся сыстэма адносінаў чалавека і дзяржавы нібы абвалілася на шмат дзесяцігодзьдзяў назад, у змрочную мінуўшчыну, калі ўлада давала карт-блянш на любы гвалт і любую жорсткасьць у дачыненьні да сваіх палітычных праціўнікаў. Больш за тое, такі падыход усяляк заахвочваецца і прапагандуецца, выштурхоўваючы на паверхню самыя цёмныя чалавечыя заганы ды інстынкты, адкрываючы кар’ерныя пэрспэктывы для асобаў, схільных да гвалту, катаваньняў і прыніжэньня іншых. І куды, калі не да крыві і маральнага выраджэньня, можа весьці гэтая дарога?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG