Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нічога не тлумачылі, проста: „Валіце адсюль“». Гісторыя ўкраінцаў, якіх на два месяцы затрымалі ў Беларусі па дарозе дадому


Штамп з забаронай на ўезд у Беларусь, які паставілі ў пашптарт Альберту Сінькову
Штамп з забаронай на ўезд у Беларусь, які паставілі ў пашптарт Альберту Сінькову

Альберт Сінькоў — жыхар Сватава Луганскай вобласьці (цяпер пад расейскай акупацыяй. — РС). У траўні 2023 году ён вяртаўся зь Нямеччыны ва Ўкраіну празь Беларусь. І трапіў тут у «палон». Амаль два месяцы Альберт і ягоны сябар прабылі ў гомельскім ІЧУ.

«Муж заставаўся дома, таму што хаты без гаспадароў расейцы рабавалі»

Са Свабодай пагадзілася пагутарыць Іна, жонка Альберта Сінькова, сам жа ён пасьля перажытага размаўляць з журналістамі пакуль не гатовы.

«Калі ўвесну 2022-га Сватава акупавалі расейцы, жыць там стала невыносна. Я зь дзіцем паехала ў Нямеччыну. Муж застаўся дома. Таму што калі хаты ня маюць гаспадара, іх расейцы рабуюць, усё вывозяць у Расею. Тым больш там маці Альберта заставалася», — тлумачыць украінка.

Іна гаворыць, што доўга ня бачыла мужа, ён ня мог прыехаць да іх. Аднак празь некаторы час Альберт усё ж дабраўся да сям’і. Пасьля зноў вырашыў ехаць назад, у Сватава, каб забраць частку рэчаў.

«Сустрэўся якраз зь сябрам, таксама з Луганскай вобласьці, той прапанаваў ехаць разам на яго аўтамабілі. Вырашылі празь Беларусь, каб было хутчэй. Бо праз Латвію быў бы вялікі крук. І паехалі, 16 траўня. Праехалі мяжу Польшчы зь Беларусьсю. А ў Гомельскай вобласьці іх затрымалі», — расказвае Іна.

«Ніхто нічога за амаль два месяцы не тлумачыў»

Украінка кажа, што на мужа і ягонага сябра проста надзелі кайданкі, забралі машыну і завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

«Яшчэ казалі, маўляў, не хвалюйцеся, заўтра вас выпусьцім. Але ніхто ня выпусьціў! Мы „прабілі“ праз свае сувязі і даведаліся, што яны сядзяць у гомельскім ІЧУ, безь ніякіх абвінавачваньняў, без крымінальнай ці якой справы», — зазначае Іна.

Яна дадае, што тэлефанавала ў гомельскі ІЧУ, але дзяжурны адказаў, што такога чалавека ў іх няма. Тады Іна знайшла адвакатку. Тая змагла высьветліць, што ўкраінцы сапраўды ў ІЧУ, але абаронцы ім не патрэбныя, бо ні адміністрацыйнай, ні крымінальнай справы на іх не заводзілі, а за кратамі трымалі да высьвятленьня абставінаў.

«І вось яны проста сядзелі. Умовы, муж кажа, былі жахлівыя. Кармілі гарачай вадой з капустай на дне. Жартаваў потым ужо, што краіна лічыцца бульбяной, але бульбу ён за амаль два месяцы ў ізалятары ня бачыў, не давалі. Калі яны зь сябрам ужо проста галадалі і пачалі барабаніць у дзьверы, каб ім далі што паесьці, то ахоўнікі накрычалі: „Мы вас зараз паб’ём“, — кажа ўкраінка.

Паводле Іны, праз знаёмых удалося перадаць для Альберта і ягонага сябра перадачу. „Прынялі ня ўсё. Але Альберт казаў, што яны з такім задавальненьнем елі звычайны хлеб з прыправамі! У іх было адчуваньне, што гэта сала“, — расказвае суразмоўца.

Іна дадала таксама, што міліцыянты чапляліся да мужа „па нейкіх дробязях“. „Казалі: „Чаму вы так шмат езьдзіце, чаму столькі штампаў у пашпарце?“. Разглядалі здымкі зь сямейных сьвятаў у тэлефоне і казалі: „Во як вы ясьце, во якія ў вас багатыя сталы!“. Што гэта, да чаго? Ня ведаю“, — зьдзіўляецца жанчына.


«„З рэчамі на выхад“, і ўсё»

Альберт зь сябрам прабылі на гомельскім ІЧУ каля двух месяцаў. Потым, кажа Іна, канвойныя адчынілі дзьверы і сказалі: „З рэчамі на выхад!“. Нічога ніхто не тлумачыў, ніякіх дакумэнтаў. Што гэта ўвогуле было? Можа, нешта хацелі „накапаць“ на іх і не знайшлі нічога», — мяркуе жонка былога вязьня гомельскага ІЧУ.

У выніку Альберту паставілі ў пашпарт забарону на ўезд у Беларусь на адзін год. Ягонаму сябру — на 10 гадоў.

«Аўтамабіль ім аддалі і сказалі проста: „Валіце нах*р адсюль!“. І яны вярнуліся празь Беларусь і Польшчу ў Нямеччыну. Цяпер і праз Латвію ехаць страшна, бо расейскія памежнікі таксама ж лютуюць на мяжы», — зазначыла ўкраінка.

Яна дзівіцца, што ў Беларусі такія парадкі. «З мужам сядзеў чалавек, які недзе паставіў падабайку, дык ужо, казаў, восем месяцаў сядзіць. Гэта нешта незразумелае. Як можна жыць у такой краіне ўвогуле, дзе і слова нельга сказаць?», — дадала Іна.

Што адбываецца зь іншымі ўкраінцамі, затрыманымі ў Беларусі

Гэта ня першы выпадак затрыманьня грамадзян Украіны ў Беларусі пасьля 24 лютага 2022 году. 19 студзеня ў Віцебску затрымалі ўкраінца Андрэя Шмая. Ягоная маці Ірына Шмай жыве ў Чарнігаве. Яна доўгі час не магла даведацца, куды дзеўся яе сын, за што і хто яго затрымаў. На тэлеканале АНТ выйшаў прапагандысцкі фільм, дзе Андрэя паказалі як «шпіёна» ці «агента». Як расказалі ў стужцы, Шмай нібыта зь верасьня рэгулярна адпраўляў інфармацыю ва Ўкраіну праз мэсэнджар Signal. Брат Андрэя служыць ва Ўкраіне памежнікам.

«Які агент, які шпіён? Што ён мог увогуле ведаць, працуючы звычайным рабочым? Я глядзела тое кіно. У мяне склалася адчуваньне, што Андрэй там па паперцы чытае „прызнаньні“. Гэта проста нейкая падстава. За яго ўчапіліся, бо ён украінец, былы памежнік і тут брата-вайскоўца мае. Ды і карыстаўся Signal», — казала раней Ірына Свабодзе.

Андрэй Шмай, архіўнае фота
Андрэй Шмай, архіўнае фота

19 ліпеня яна дадала, што ня мае аніякай інфармацыяй пра сына. Толькі тое, што ён у СІЗА. «Беларускія ўлады не адказваюць мне, дзе мой сын і што зь ім. Я хацела сама ехаць у Віцебск, але мяне адгаварылі. Сказалі, што толку з гэтага ніякага ня будзе», — зазначыла маці зьняволенага.

Арцём Макавей (зьлева) зь сябрам. Архіўнае фота
Арцём Макавей (зьлева) зь сябрам. Архіўнае фота

У студзені 2023 году ў Кобрыні быў затрыманы 23-гадовы Арцём Макавей, таксама грамадзянін Украіны. Ягоная маці Іна прыяжджала ў Беларусь, каб знайсьці сына. «Бо ён проста прапаў і ўсё. Але ні ў КДБ, ні ў СІЗА мне ніхто нічога не сказаў, не адказаў. Проста сядзіць, бо ўкраінец?» — казала раней Іна Свабодзе.

Цяпер яна даведалася, што сына абвінавацілі паводле артыкулу 358 КК («Агентурная дзейнасьць»). Але маці ня верыць у такія абвінавачаньні. У чэрвені Арцёму працягнулі тэрмін расьсьледаваньня на тры месяцы.

«Якія факты, якія доказы? Усе проста маўчаць. Якая агентурная дзейнасьць? Ён працаваў дыджэем, не цікавіўся палітыкай увогуле! І ўсе маўчаць. Мне няма ў каго спытацца пра сына. Яны нічога ня могуць даказаць, бо ён нічога не рабіў такога», — гаворыць Іна Макавей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG