Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нэапаганства, «Балцкі рэйх», падтрымка вайны. Як эвалюцыянавалі погляды прапагандыста Дзерманта


Аляксей Дзермант, каляж
Аляксей Дзермант, каляж

Сёньня Аляксей Дзермант — адзін з актыўных прапагандыстаў беларускага рэжыму. А калісьці меў зусім іншыя погляды.

Дзермант часта зьяўляецца ў тэлевізары, дзе заклікае прымяняць рэпрэсіі да той ці іншай групы грамадзян. Ён падтрымлівае вайну Расеі супраць Украіны, а таксама захапляецца Сталіным і Дзяржынскім. Але так было далёка не заўсёды. У гэтым матэрыяле Свабода раскажа пра эвалюцыю поглядаў Аляксея Дзерманта.

Першым стаў прывозіць у Менск кнігі Дугіна

Аляксей Дзермант нарадзіўся ў 1979 годзе ў казаскім горадзе Талгар, побач з Алматы. Бацька будучага прапагандыста Валеры быў вайскоўцам. Але гадаваўся Аляксей ужо ў Менску.

«Дзермант» — гэта псэўданім. Свабода зьвярнулася да «Кібэрпартызанаў», якія даслалі зьвесткі, што сапраўднае прозьвішча Аляксея — Дзерман, а апошнюю літару ён дадаў сам.

Калі Аляксей толькі захапіўся нэапаганствам, ён падпісваўся «Дзерманісам», так што гэта ня першы варыянт псэўданіма.

Знаёмыя Дзерманта расказваюць, што першае знаёмства зь ім адбылося ў канцы 1990-х, калі мала каму вядомы малады чалавек гандляваў кнігамі ў ДК трактарнага заводу. Менавіта Дзермант быў адным зь першых, хто распаўсюджваў у Беларусі кнігі вядомага расейскага філёзафа Аляксандра Дугіна.

«На той момант гэта ўсё было досыць сьвежа і ў навіну — Дугін, Мамлееў, Джэмаль. Аляксей таксама захапляўся іхнымі ідэямі», — расказвае тагачасны знаёмы Дзерманта.

Крытыкаваў прарасейскае паганства

Важным жыцьцёвым этапам для Аляксея Дзерманта стала знаёмства зь філёзафам і этнолягам Сяргеем Санько, мастаком Тодарам Кашкурэвічам, а таксама музыкам Алесем Мікусам.

Так у будучага прапагандыста пачалося захапленьне паганскай культурай і традыцыяналізмам. Дзермант далучыўся да дзейнасьці цэнтру этнакасмалёгіі «Крыўя», які ставіў за мэту «дасьледаваньне беларускай даўніны, дахрысьціянскай рэлігіі і традыцыйных каштоўнасьцяў аўтахтоннага насельніцтва Беларусі (у яе этнаграфічных межах), а таксама балтыйскага рэгіёну».

«На мяне вялікі ўплыў зрабіў Тодар Кашкурэвіч, знакаміты дудар, дасьледчык рэлігіі, міталёгіі, а таксама філёзаф Сяргей Санько, які паставіў для мяне пэўную плянку мысьленьня. Гэтыя людзі прадвызначылі мой далейшы кірунак. Пасьля знаёмства зь імі я пачаў спрабаваць нешта рабіць, каб уплываць на іншых», — казаў Аляксей у інтэрвію для кнігі «Матывацыі супраціву».

Сам Дзермант называў «Крыўю» «адзінай сур’ёзнай арганізацыяй паганскага кшталту».

«Гэта, перадусім, згуртаваньне мысьляроў, навукоўцаў, людзей мастацтва, якія ставяць на мэце дасьледаваньне, рэканструкцыю й рэактуалізацыю этнічнага космасу крывічоў (беларусаў) ва ўсёй шматстайнасьці ягоных праяваў — ад максымальна сакралізаваных да самых простых і пабытовых».

У той час Аляксей жорстка крытыкаваў гэтак званае «эўразійства», прыхільнікам якога зьяўляецца цяпер.

«Эўразійская ідэалёгія пярэчыць падставовым прынцыпам этнічнае традыцыі эўрапейцаў». На старонках часопіса «Дзеяслоў» Дзермант крытыкаваў прарасейскую нэапаганскую сэкту «Схрон Еж Славен» за выкарыстаньне ў сваіх рытуалах чырвона-зялёнага сьцяга і сярпа з молатам, а таксама за «прачышчэньне» алькаголем. Пазьней стане вядома, што адным са «жрацоў» «Схрон Еж Славен» у свой час выступаў прарасейскі дзеяч Сяргей Лушч, у будучыні гэта не перашкодзіць ім у адной дэлегацыі наведваць акупаваны Крым.

Дзермант пачынае дапамагаць «Крыўі» з сайтам, форумам, выданьнем альманаха. На той час у інтэрнэце было ня так шмат беларускамоўных сайтаў.

Аляксей Дзермант. 2010
Аляксей Дзермант. 2010

«Гега-рух» і «новыя правыя»

У 2002 годзе разам з Алесем Мікусам Аляксей Дзермант засноўвае гэтак званы «Гега-рух». Сам Мікус у адным з інтэрвію казаў, што яны разглядалі гэты праект як моладзевую фракцыю цэнтру этнакасмалёгіі «Крыўя». «Гега» (з двума выбухнымі «г») — гэта рэгіянальная назва крэмню.

На сайце «Гега-руху» сярод сваіх папярэднікаў называлі Фабіяна Акінчыца, кіраўніка Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, якая дзейнічала ў Заходняй Беларусі ў 1933–1939. Сваім узорам БНСП лічыла гітлераўскую Нямеччыну.

«Гега-рух ня быў ні „паганскай сектай“, ні „праварадыкальнай арганізацыяй“. Гэта была суполка настроеных этналягічна маладых энтузіястаў, якія, апроч таго, цікавіліся альтэрнатыўнымі палітычнымі тэорыямі, дастаткова рэспэктабэльнымі ў эўрапейскім інтэлектуальным жыцьці другой паловы ХХ стагодзьдзя і нашага часу», — гаворыцца ў артыкуле на 20-годзьдзе стварэньня «Гега-руху».

«У той час Дзермант захапляўся ідэямі Юліюса Эвалы (італьянскі філёзаф-эзатэрык, яго часам называюць ідэалягічным натхняльнікам нэафашызму. — РС), эстэтыкай Лені Рыфэншталь (нямецкая рэжысэрка, якая апела нямецкі нацыянал-сацыялізм у фільмах „Алімпія“ і „Трыюмф волі“. — РС). Яго вабіў сьветапогляд „Новых правых“ у Эўропе. Сам ён марыў пра будаўніцтва сучаснага „Балцкага рэйху“ зь Беларусі, Літвы і Латвіі, пра гэта неаднаразова расказваў паплечнікам», — расказвае колішні сябар Дзерманта.

Стасункаў з «новымі правымі Эўропы» Дзермант не спыніў і тады, калі ўжо кардынальна зьмяніў свае погляды. У 2016 годзе ў Менск прыяжджаюць лідэры італьянскай партыі Forza Nuova («Новая сіла») Рабэрта Ф’ёрэ і Брытанскай нацыянальнай партыі Нік Грыфін. Ф’ёрэ ў свой час казаў, што «называцца фашыстам не ганебна». Яго аднапартыйцы нярэдка выкарыстоўваюць свастыку і іншыя фашысцкія сымбалі. Нік Грыфін адмаўляў існаваньне Галакосту, а таксама казаў, што ангельскія СМІ цалкам кантралююцца габрэямі. Менавіта Аляксей Дзермант суправаджаў гэтых людзей у іх паездках і сустрэчах у Беларусі.

«Няма чаго азіятам гуляць у фінале Эўра»

Аляксей Дзермант скончыў Акадэмію кіраваньня па юрыдычнай спэцыяльнасьці, але зьвязаў свой лёс зь філязофіяй. Ён паступіў у асьпірантуру Акадэміі навук Беларусі ў Інстытут філязофіі, дзе працягвае працаваць па сёньня.

У сярэдзіне 2000-х Аляксей завёў блог на папулярнай тады плятформе Livejournal, выбраўшы там нік Kryviec. Сваю тагачасную старонку Дзермант пазьней выдаліў, але пры дапамозе вэб-архіву можна ўбачыць, што пісаў тады філёзаф.

Захаваліся допісы Дзерманта за лета 2008 году. У прыватнасьці, ён выказваў салідарнасьць з затрыманымі ў справе выбуху на Дзень Рэспублікі сябрамі «Белага легіёну». У той час праходзіў футбольны чэмпіянат Эўропы.

«Вельмі цешуся, што гішпанцы нарэшце навалялі мас...лям (футбалістам зборнай Расеі. — РС), гэтаксама як немцы туркам. Няма чаго азіятам гуляць у фінале эўрапейскага турніру», — пісаў тады Kryviec (Дзермант).

Таксама Аляксей выстаўляе свой дыялёг на нейкім форуме з расейцам. Дзермант адказвае ў іранічнай форме, што ўмее займацца «падрыўной дзейнасьцю супраць Вялікай Расеі».

«Мы патрэбны, каб зьнішчыць Русь сьвятую к чортавай бабцы», — піша ён са смайлікамі свайму суразмоўцу.

Захаваўся таксама допіс Дзерманта, дзе той крытыкуе Лукашэнку за яго выказваньне пра гітлераўскую мадэль улады.

На перапісе ў 2009 годзе Дзермант назваў сябе «літвінам». У гэты самы час ён кароткі пэрыяд нават папрацаваў выкладчыкам у дэпартамэнце палітычных навук ЭГУ, калі ўнівэрсытэт ужо быў у выгнаньні ў Вільні. Засталіся здымкі, дзе філёзаф стаіць пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Спрачаўся з Марзалюком пра балтаў і славян

Доўгі час Дзермант актыўна прасоўваў ідэю балцкага паходжаньня беларусаў. Дыскутаваў пра гэта на старонках часопіса ARCHE з гісторыкам Ігарам Марзалюком, які быў прыхільнікам славянскай тэорыі паходжаньня. Цяпер і Марзалюк, і Дзермант менш гавораць пра гісторыю і навуку, затое шмат хваляць кіраўніцтва краіны і крытыкуюць «зьбеглых».

«Калі абвясьцілі, што мы славяне, значыць, няма ніякіх гістарычных, этнічных сувязяў зь Літвой, Латвіяй, і мы павінны ісьці на збліжэньне з нашымі сапраўднымі „сваякамі“ расейцамі. Насамрэч, да навукі гэта ня мае аніякага дачыненьня, гэта ідэалягічныя і палітычныя спэкуляцыі на этнічнай тэме», — казаў Дзермант у 2010 годзе ў інтэрвію Свабодзе.

Ён таксама падкрэсьліваў, што беларусы і расейцы адрозьніваюцца нават вонкава.

«Калі параўноўваць фізычнае аблічча беларусаў і расейцаў, як гэта робяць антраполягі, то, безумоўна, ёсьць значныя адрозьненьні. Напрыклад, асноўная частка беларусаў ёсьць паўночнымі эўрапэоідамі і далучаецца да рэгіянальнага тыпу балтыйскай расы. Тады як жыхары Цэнтральнай Расеі займаюць прамежкавае становішча паміж паўночнымі і паўднёвымі эўрапэоідамі, а таксама маюць уралоідныя прыкметы», — казаў ён у 2010 годзе.

На той момант Дзермант працягваў называць Крывію «сьвятой зямлёй», арганізоўваць этнаграфічныя экспэдыцыі па Беларусі, выдаваць альманах Druvis.

«Калі адкінуць цяперашнюю дзейнасьць Дзерманта, то ранейшы, нэапаганскі пэрыяд можна лічыць карысным для беларускасьці. Дзермант і паплечнікі падагравалі цікавасьць да розных аспэктаў гісторыі і традыцыі. Тое, што адбылося пасьля — ужо зусім іншая гісторыя», — кажа былы сябра Аляксея.

Сяргей Лушч (зьлева) і Аляксей Дзермант. Паседжаньне грамадзкай плятформы «Дыялёг». 2017
Сяргей Лушч (зьлева) і Аляксей Дзермант. Паседжаньне грамадзкай плятформы «Дыялёг». 2017

«Лічыў сябе нерэалізаваным»

Пераход Дзерманта да ідэй эўразійства і падтрымкі ва ўсім Расеі адбыўся не адразу. Спачатку ён перасварыўся са сваімі колішнімі сябрамі па «Крыўі». Новымі паплечнікамі Дзерманта сталі кібэрнэтык Ягор Чурылаў і эканаміст Аляксандар Сінкевіч. Разам яны пачалі выдаваць часопіс «Сівер», а таксама засноўваюць праект «Цытадэль».

Аляксандар Сінкевіч у той час шмат фігураваў як у дзяржаўных, так і ў недзяржаўных СМІ. У 2017 годзе ўкраінскія хакеры апублікавалі ўзламаную перапіску Аляксандра Сінкевіча, дзе ён шукаў фінансаваньне ў Маскве.

«У той час Дзермант пачынаў усё болей адмаўляцца ад беларускай мовы, падтрымліваць палітыку Лукашэнкі. Потым яго пачалі запрашаць у Маскву на розныя мерапрыемствы. Наколькі ведаю, то гэта былі фонды Гарчакова і Паўлоўскага. Аляксей быў абдзелены ўвагай у Беларусі, лічыў сябе не да канца рэалізаваным, таму зь вялікім імпэтам сустракаў такую цікавасьць да сябе. Плюс да ўсяго ў яго зьявілася сям’я, а карміць яе за заробак малодшага навуковага супрацоўніка Акадэміі навук дастаткова цяжка», — расказвае колішні сябра Дзерманта.

Адметна, што, апроч афіцыйнага росьпісу ў дзяржаўным ЗАГСе, Дзермант з жонкай сыгралі вясельле і паводле паганскіх традыцый. У 2017 годзе ў прапагандыста нарадзіліся дзьве дзяўчынкі-блізьняткі Агнія і Станіслава. Жонка Аляксея Алена родам са Слоніма, працуе на «Эўраводасыстэмах». Цяпер Аляксей ужо лічыць сябе праваслаўным.

Чаму памяняў погляды

У хуткім часе Дзермант становіцца аўтарам і рэдактарам такіх прарасейскіх праектаў, як «Сонар», а таксама Imhoclub. Ніводзін зь іх ня стаў папулярным.

Ужо ў 2015 годзе ён ня грэбаваў даваць інтэрвію для СМІ так званай «Наваросіі», дзе гаварыў, што Ўкраіна дапусьціла памылку, калі перастала абапірацца «на савецкую мінуўшчыну і Вялікую Айчынную вайну». Далей Дзермант стаў яшчэ больш рэзкім у сваіх ацэнках: ён заклікаў ачысьціць Акадэмію навук ад нацыяналістаў, нацыяналізаваць Tut.by, закрыць «Нашу ніву».

У 2016 годзе Дзермант выдаў праграмны для сябе артыкул «Як і чаму я памяняў свае палітычныя погляды». Ён назваў тры галоўныя моманты для перагляду пазыцый: 1) ня трэба захапленьне гісторыяй і традыцыяй трансьляваць на сучаснасьць; 2) нацыяналісты і ўльтраправыя прыводзяць краіны да рэвалюцый і разбурэньняў; 3) зьяўленьне сям’і і мысьленьне на пэрспэктыву.

Перайменаваў канал у «ДZермант»

На сёньняшні дзень Аляксей Дзермант амаль ніколі не выкарыстоўвае беларускую мову. Ён цалкам падтрымаў Расею ў яе вайне супраць Украіны. Некаторы час нават называў свой тэлеграм-канал «ДZермант». Літару Z ён уставіў на знак падтрымкі расейскага войска.

«Тое, што адбываецца цяпер ва Ўкраіне, рыхтавалася і для Беларусі — крывавы дзяржаўны пераварот і зацяжны грамадзянскі канфлікт з уцягваньнем вонкавых сілаў. Мы мусілі пераўтварыцца ў антырасейскі фарпост. Абсалютна правільна ішла і ідзе плянамерная зачыстка падрыўных элемэнтаў з 2020 году, цяпер бы мы мелі чарговую спробу паўстаньня на фоне ўкраінскіх падзеяў. Мяркуючы па ўсім, блізкі поўны разгром украінскай арміі. Гэта агонія», — пісаў Дзермант у першыя дні вайны.

Аляксея пачалі запрашаць на розныя расейскія тэлеканалы, дзе ён станавіўся яшчэ больш ярым абаронцам інтарэсаў Расеі, чым самі расейцы.

«Недапушчальна, каб нейкія пасквілянты глуміліся з герояў. У нас адразу іх бяруць за вуха, вязуць у адпаведныя органы, і наступае адказнасьць. Павінна быць пазбаўленьне грамадзянства для тых, хто ўцёк і наносіць шкоду з-за мяжы. Сваіх здраднікаў мы назаўжды павінны выкрасьліць з нашага жыцьця», — казаў Дзермант на эфіры ў Салаўёва.

Зрэшты, у інтэрнэце і сёньня мноства публікацый расейскіх нацыяналістаў пра мінулае Дзерманта. Многія ня вераць у шчырасьць зьмены поглядаў прапагандыста.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG