Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўдыторыя прапагандыста Азаронка — пераважна «змагары», — мэдыяэкспэртка Сідорская


Рыгор Азаронак, Андрэй Мукавозчык, лягатып ТГ-каналу «Жоўтыя сьлівы», каляж
Рыгор Азаронак, Андрэй Мукавозчык, лягатып ТГ-каналу «Жоўтыя сьлівы», каляж

Як дзяржаўныя мэдыя тлумачаць неабходнасьць для Беларусі расейскай ядзернай зброі? Якім чынам прапаганда размаўляе з рознымі аўдыторыямі? Ці шмат месца ў беларускай прапагандзе займае Пуцін? Наколькі для яе важная тэма падтрыманьня парадку?

Пра асаблівасьці беларускай прапаганды ў інтэрвію Свабодзе расказвае мэдыяэкспэртка, доктар філялягічных навук Ірына Сідорская.

— Як дзяржаўныя мэдыя падаюць неабходнасьць увядзеньня ў Беларусь расейскай тактычнай ядзернай зброі?

Ірына Сідорская
Ірына Сідорская

— Улады ведаюць, што беларусы адмоўна ставяцца да разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі, баяцца яе. Таму прапаганда імкнецца напужаць беларусаў нечым яшчэ больш небясьпечным. Яна тлумачыць, што ядзерная зброя для нас — гэта самаабарона, бо нам усе звонку пагражаюць, суседзі хочуць напасьці, нашу зямлю забраць сябе, прыгнятаць беларусаў. І каб гэтага ня здарылася, патрэбная ядзерная зброя. Маўляў, у гісторыі яшчэ не было выпадку, каб нехта напаў на краіну зь ядзернымі ракетамі.

— Вядомая тэза недзяржаўных мэдыя і апазыцыі: наяўнасьць у Беларусі ядзернай зброі ператварае яе ў патэнцыйную мішэнь для ўдару ў адказ. Як прапаганда аспрэчвае гэтую тэзу?

— Не, яна з гэтым не спрачаецца. Тэза прапаганды: на нас не нападуць, калі ў нас будзе ядзерная зброя. Сытуацыю ўдару ў адказ яна проста ня лічыць рэальнасьцю.

— Уладзімір Пуцін, прадстаўнікі і Расеі, і Беларусі ў ААН, расейскі міністар Сяргей Шайгу казалі ў адзін голас, што гэтая ТЯЗ на тэрыторыі Беларусі будзе пад расейскім кантролем і кіраваньнем. А Лукашэнка ў сваім штогадовым пасланьні двойчы сказаў: гэта будзе нашая зброя. А што кажа прапаганда наконт гэтага?

— Супярэчнасьці ў беларускай прапагандзе здараюцца часта. Пасьля 2020 году іх стала болей. Але прапаганда не зьвяртае на гэта ўвагі. Яна мае шызафрэнічную карціну сьвету.

Адзін з галоўных наратываў прапаганды: Расея — галоўны сябра Беларусі, тое, што расейскае — яно і нашае таксама. Гэты наратыў не заўсёды артыкулюецца наўпрост, але ён праходзіць праз усю прапаганду чырвонай ніткай. Расея сваёй «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй» ва Ўкраіне абараняе і Беларусь ад Захаду.

Тое самае — і адносна ядзернай зброі. Калі гэтую зброю, разьмешчаную на нашай тэрыторыі, нам спатрэбіцца ўжыць, мы зможам гэта зрабіць — дае зразумець прапаганда.

Але паколькі беларусы ўжываць гэтую зброю ня хочуць, то прапаганда ў гэтае пытаньне не паглыбляецца.

— Прапаганда кажа, што мы з Расеяй — «адзін народ», што Расея слушна пачала сваю «спэцыяльную ваенную апэрацыю», што яе справа — правільная, правая, нават праведная. Але пры гэтым беларуская армія ў гэтым ня ўдзельнічае, і гэта таксама правільна. Але чаму б беларусам не паўдзельнічаць у такой патрэбнай і праведнай справе на баку тых, з кім яны «адзін народ»? Як прапаганда гэта тлумачыць?

— Улады і прапаганда ўсьведамляюць, што беларусы катэгарычна ня хочуць наўпрост удзельнічаць у гэтай вайне. Таму даводзіцца манэўраваць паміж гэтым нежаданьнем беларусаў ваяваць з Украінай — і тэзай, што Расея наш галоўны сябра. Але ізноў жа — прапаганду супярэчнасьць не бянтэжыць.

Тое самае — адносна санкцыяў. Гаворыцца, што яны нам ня страшныя, у нас ёсьць Расея і Кітай, а Захад, як той казаў, няхай ідзе лесам. А на другі дзень гаворыцца, што ня трэба зачыняць дзьверы з ЭЗ, што Захад — гэта важны партнэр.

Падобнае ж стаўленьне і да людзей, якія пакінулі Беларусь: іх то лаюць, то завабліваюць вярнуцца.

Сучасная беларуская прапаганда адрозьніваецца ад клясычнай прапаганды таталітарных дзяржаваў мінулага, — скажам, нацысцкай Нямеччыны. Тады было няшмат інфармацыйных каналаў. І прапаганда была даволі зьвязная, кансыстэнтная, яе тэзы былі ўзгодненыя паміж сабой.

А цяпер інфармацыйных каналаў, як-ніяк, шмат. І таму ўжываецца іншы канцэптуальны падыход. Паводле яго, ісьціны наагул няма, а хлусяць усе. І можна сёньня казаць адно, а заўтра — адваротнае.

Паводле прапаганды, тыя, хто ўвесь час прытрымліваецца адных і тых жа поглядаў, хто лічыць, што зьверствы ў Бучы — гэта злачынства расейскага рэжыму, — яны якраз і ёсьць ахвяры прапаганды. А правільны, адэкватны падыход, паводле прапаганды, — «ня ўсё так адназначна».

Супярэчлівасьць — гэта характэрная рыса сучаснай прапаганды.

— Ці правільна я зразумеў, што мэганаратыў прапаганды — «Усе хлусяць, і мы таксама. Але мы для вас — свае. Будзьце са сваімі»?

— Так, менавіта. Вы давялі да лягічнага канца гэты падыход. І гэта не беларуская прапаганда прыдумала, яна гэта ўзяла з расейскай прапаганды.

Я заўсёды кажу, што адным толькі фактчэкінгам немагчыма справіцца з прапагандай, бо прапаганда — гэта і каштоўнасьці. Барацьба з прапагандай павінна быць з апорай на каштоўнасьці, на разуменьне, дзе дабро, а дзе зло. Тады ня скажаш, што ўсе хлусяць, што ня ўсё так адназначна і няма чорнага і белага.

— У якой ступені прапаганда атаясамлівае сябе з расейскай арміяй? «Нашы войскі», «нашы салдаты» — ці часта яна так гаворыць? У некаторых беларускіх праўладных тэлеграм-каналах, у некаторых праўладных сьпікераў у іх ТГ-каналах такія фармулёўкі можна сустрэць. А ў асноўных каналах прапаганды?

— Што да асноўных, мэйнстрымных каналаў прапаганды — адказ адмоўны, яны так не гавораць. Тут праца на мэтавыя аўдыторыі. Аўдыторыя БТ, «Беларусь сегодня», буйных дзяржаўных парталаў — гэта людзі ў цэлым далёкія ад палітыкі. І яны ў большасьці ўсьведамляюць сябе беларусамі. І для іх было б непрымальна, калі б прапаганда казала пра расейскую армію як пра «нашу». А ТГ-каналы, блогеры працуюць больш з зацятымі прыхільнікамі рэжыму, з больш радыкальнай аўдыторыяй. Таму яны выкарыстоўваюць такое атаясамленьне. Але з экранаў тэлебачаньня гэта не гучыць, для яго Расея — гэта вялікі сябра, але пакуль толькі сябра.

— А наколькі ў мэйнстрымных каналах прапаганды ёсьць гэтае таргетаваньне аўдыторыі, скіраванасьць на пэўныя мэтавыя сэгмэнты? У свой час у беларускай прапагандзе быў рэзкі, грубы Аляксандар Зімоўскі і як бы памяркоўны, разважлівы Павал Якубовіч. Мова, стылістыка ў іх былі розныя, іх пасланьні адрасаваліся розным беларусам. Ці ёсьць гэта цяпер? Або цяпер уся прапаганда гаворыць у стылістыцы Рыгора Азаронка і Андрэя Мукавозчыка?

— Не, ня ўся прапаганда гаворыць мовай Азаронка і Мукавозчыка. Як ні дзіўна, але ў мяне ўражаньне, што яны абодва працуюць з пратэставай аўдыторыяй, са «змагарамі». Іх мэта — дэмаралізаваць, запужаць, дэматываваць гэтую аўдыторыю. У іх, зразумела, ёсьць і свая адданая аўдыторыя, але яна насамрэч невялікая.

Пачытаеш Мукавозчыка, паслухаеш Азаронка — страшна жыць у краіне, дзе такое пішацца і гаворыцца.

— Але ж стылістыка Ўладзіміра Салаўёва на расейскім тэлебачаньні — падобная. І беларускія прапагандысты сьвядома капіююць Салаўёва. Паміж імі шчыльнае ўзаемадзеяньне, Салаўёў на сваім канале завёў сталую перадачу Азаронка. Дык Салаўёў — адзін з самых папулярных у Расеі тэлевядучых.

— Я мяркую, што беларуская і расейская аўдыторыі адрозьніваюцца. Беларусаў меней, беларускае насельніцтва ў сярэднім больш адукаванае, чым расейскае. Мне здаецца, што беларуская грамадзянская культура ўсё ж не дазваляе парушаць усе правілы. Тое, што прымальна для расейскай аўдыторыі, усё ж непрымальна для беларускай.

Аўдыторыя Азаронка — гэта ня большасьць беларусаў і не абыякавыя беларусы.

У цэлым тон тэлебачаньня, «Беларуси сегодня» больш разважлівы, памяркоўны, разьлічаны на менш ангажаваную ў палітыку аўдыторыю.

— Можа, крыху дзіўнае пытаньне, але наколькі шмат Пуціна ў беларускай прапагандзе? Расеі — вельмі шмат. А Пуціна асабіста?

— Я не магу адказаць у дакладных адсотках. Але калі даваць якасную ацэнку, то адказ — ня вельмі шмат. Беларускай прапагандзе няма патрэбы падвышаць папулярнасьць Пуціна. У яе ёсьць галоўная асоба, чыю папулярнасьць трэба падвышаць, Лукашэнка павінен быць у цэнтры ўсяго. Пуцін, безумоўна, фігуруе, але яго значна менш, чым Лукашэнкі, думаю, што прыблізна ўтрая менш. У беларускай прапаганды адзін герой.

— Шмат хто адзначае, што наратывы беларускай прапаганды ўсё больш капіююць расейскія. А ў чым гэта ўвасабляецца?

— Значна часьцей агучваецца наратыў аб трыадзіным народзе, раней яго было няшмат. Таксама тэма «традыцыйных каштоўнасьцяў», якой раней у беларускай прапагандзе было вобмаль. А цяпер яна — ледзь ня ў кожнай перадачы.

І яшчэ адна асаблівасьць: цяпер беларуская прапаганда пазыцыянуе сябе як частку агульнай эўрапейскай кансэрватыўнай плыні, ня толькі расейскай.

Калі да 2020 году беларуская прапаганда была збольшага мясцовая, то цяпер яна і расейская, і агульнаэўрапейская кансэрватыўная.

— Наколькі для прапаганды важная тэма падтрыманьня парадку? Маўляў, ва Ўкраіне — бардак заўсёды і ва ўсім, у Расеі таксама бардак — вось як бязладна там правялі мабілізацыю. А вось у нас зьверку дакумэнтаў у ваенкаматах правялі на выдатна, мы да ўсяго падрыхтаваліся дбайна і прыгожа. Бардак на Захадзе — ім есьці няма чаго, яны там замярзаюць і ўвесь час мітынгуюць. Наколькі шырока гэта прысутнічае ў прапагандзе?

— Так, гэтая тэма і раней была, але цяпер яна стала больш важнай. У мірны час з гэтага наратыву парадку нехта, можа, і кпіў. Але насамрэч ён блізкі беларускаму народу.

Аднак прапаганда атаясамлівае парадак толькі з Лукашэнкам. Паводле яе, не беларусы самі па сабе любяць парадак, прытрымліваюцца парадку і хочуць жыць па правілах і па законах. Яны ня кідаюць сьмецьце на вуліцах і выконваюць правілы дарожнага руху толькі дзякуючы Лукашэнку.

Прапаганда абсалютызавала парадак і пабудавала лягічны ланцуг: парадак — стабільнасьць — моцная ўлада. Моцная ўлада — гэта адзіны цэнтар прыняцьця рашэньняў, які можа прымушаць іх выконваць. І тут прапаганда ўжывае свой улюбёны кантраст. Маўляў, на Захадзе дэмакратыя, значыць, парадку няма, а пануе бардак.

Любую масавую маніфэстацыю за мяжой прапаганда падае як парушэньне парадку, тое, што дэманструе хібы дэмакратыі.

Паводле прапаганды, на Захадзе няма парадку і ў думках, і ў паводзінах, і ў каштоўнасьцях, там «бацька 1» і «бацька 2», няма таты і маці, там дзяцей вымушаюць мяняць пол.

Паказваюць па БТ спрэчкі, часам гарачыя, у брытанскім парлямэнце. А адразу пасьля — Палата прадстаўнікоў Беларусі, дзе дэпутаты выслухалі Лукашэнку ці якога міністра і ўсе аднагалосна прагаласавалі. Апошняе і абвяшчаецца парадкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG