Хадановіч, які быў знаёмы з паэткай, напісаў пераклад верша Вікторыі і разьмясьціў яго ў сваім фэйсбуку. Але неўзабаве атрымаў нэгатыўную рэакцыю з боку ўкраінскіх літаратараў.
«Віка пісала, што ніколі не будзе выступаць ні з расейскімі, ні зь беларускімі пісьменьнікамі. Яна б не была рада гвалтоўнаму перакладу», — цытуе «Наша ніва» камэнтар пісьменьніцы Любы Якімчук.
«Дарагі Андрэй, ня маю мэты вас пакрыўдзіць, але сапраўды сям’я Вікі просіць устрымацца ад перакладаў. Па-першае, Вічына сямʼя павінна пахаваць яе і акрыяць ад страшнага гора. Сябры, сямʼя супраць перакладаў на расейскую і беларускую. Уся наша супольнасьць дзякуе вам загадзя за разуменьне», — напісала перакладчыца Аксана Луцышына.
Беларускі паэт прыслухаўся да просьбаў.
«Я пра гэта ня ведаў, але магу ўявіць, што Вікторыя магла гаварыць такое, магу ўявіць гэтыя эмоцыі, абвостраныя вайной, боль. І, зразумела, пачуўшы ад вядомай пісьменьніцы як бы ад імя ўсёй украінскай грамады выказаную просьбу, я выбачыўся, прыбраў пераклад і замяніў яго арыгіналам. Мне здаецца, тут ніякіх крыўдаў, абраз няма — мне зрабілі заўвагу, я яе ўлічыў», — цытуе «Наша ніва» Андрэя Хадановіча.
«У кожнага беларуса, я думаю, застаецца гэтае пачуцьцё горычы, што беларуская мова атаясамліваецца зь беларускім рэжымам, які ёсьць суагрэсарам расейскага акупанта. Крыўдны стэрэатып, які, канечне, трэба разбураць», — лічыць паэт.