Ініцыятыва Генпракуратуры аб узмацненьні адказнасьці бацькоў, прызначэньні адміністрацыйнай адказнасьці за «прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных адносін», зьмены полу, пэдафіліі і чайлдфры, а таксама прапрацоўцы іншых пытаньняў, паводле праваабарончай супольнасьці, супярэчыць шэрагу асноўных правоў чалавека:
- праву не падпадаць пад адвольнае ці незаконнае ўмяшаньне ў асабістае і сямейнае жыцьцё (артыкул 17 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, далей — Пакт);
- праву на свабоднае выказваньне асабістых думак (артыкул 19 Пакту);
- праву на абарону ад дыскрымінацыі (артыкул 26 Пакту).
«Пытаньні сэксуальнай ідэнтычнасьці, гендэрнай ідэнтыфікацыі і рэпрадуктыўнага выбару грамадзян і грамадзянак адносяцца да пытаньняў асабістага жыцьця і не павінны кантралявацца дзяржаўным інстытуцыямі. Несупадзеньне маральных установак грамадзян і грамадзянак не зьяўляецца дастатковай падставай альбо абгрунтаваньнем для перасьледу ці для абвяшчэньня ладу жыцьця злачынным», — заяўляюць праваабаронцы.
Яны заклікалі міжнародныя арганізацыі публічна асудзіць ініцыятыву беларускіх уладаў і далучыцца да нашых патрабаваньняў адмовіцца ад дыскрымінацыйных заканадаўчых плянаў, якія парушаюць недатыкальнасьць асабістага жыцьця, права на свабоду ад катаваньняў і дыскрымінацыі.
Заяву падпісалі:
- Праваабарончая арганізацыя «Беларускі Хельсінкскі Камітэт»
- Праваабарончая арганізацыя «Respect – Protect – Fulfill»
- Праваабарончая арганізацыя «Human Constanta»
- Праваабарончая арганізацыя «Прававая ініцыятыва»
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»
- Праваабарончая арганізацыя «Lawtrend»
- Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА»
- Фэміністычная група Каардынацыйнай Рады.