Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МУС Беларусі расказалі, каго закране лібэралізацыя рынку працы для іншаземцаў


Беспрацоўныя каля Гомельскага цэнтру занятасьці. Архіўнае фота
Беспрацоўныя каля Гомельскага цэнтру занятасьці. Архіўнае фота

Раней Мінпрацы вызначыла пералік прафэсій рабочых і пасад службоўцаў, на якія сёлета можна працаўладкаваць іншаземцаў і асоб без грамадзянства альбо дазволу на сталае пражываньне ў Беларусі.

Закон «Аб зьнешняй працоўнай міграцыі», які набудзе моц 1 ліпеня, «зьмяшчае цэлы шэраг навацый» для спрашчэньня працэдуры прыцягненьня замежнай працоўнай сілы ў Беларусь, заявіў на прэс-канфэрэнцыі 27 чэрвеня ў Менску начальнік Дэпартамэнта грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Бягун.

«Для значнай колькасьці замежных грамадзян адмяняецца [наяўнасьць абавязковага] дазволу на права займацца працоўнай дзейнасьцю ў краіне», – падкрэсьліў Бягун.

Паводле прадстаўніка МУС, «сфакусавана ўвага» на грамадзянах іншых краін, якія «доўгі час пражываюць у Беларусі». Гаворка пра замежных студэнтаў, якіх налічваецца больш за 20 тысяч; спартоўцах і трэнэрах, якія працуюць «у інтарэсах нацыянальнай каманды Беларусі»; выпускніках беларускіх ВНУ, якія выказалі жаданьне застацца ў краіне (да 5 тыс. штогод), «работніках сфэры культуры», якія прыяжджаюць з канцэртамі.

«Пэўныя рызыкі ў сувязі зь лібэралізацыяй рынку працы існуюць, — прызнаў Бягун. — Але ў любым выпадку ў дзяржаве дзейнічаюць мэханізмы кантролю за ўездам і знаходжаньнем іншаземцаў. Акрамя таго, калі чалавек будзе прыцягвацца на тэрыторыю нашай краіны, калі мы гаворым аб грамадзянах, дапусьцім, Блізкага Ўсходу, то для ўезду ў Беларусь ім яшчэ спатрэбіцца першапачаткова атрымаць візу. Таксама іншаземец павінен мець пэўную кваліфікацыю, якая адпавядае патрабаваньням заканадаўства».

Раней паведамлялася, што 1 ліпеня набудзе моц пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны № 17 ад 1 чэрвеня з пералікам прафэсій рабочых і пасад службоўцаў, на якія ў 2023 годзе можна прыцягваць іншаземцаў і асоб без грамадзянства, якія ня маюць дазволу на пастаяннае пражываньне ў Беларусі.

Дзеяньне дакумэнта распаўсюджваецца на вэтэрынарных лекараў, дактароў-спэцыялістаў, фэльчараў усіх мэдыцынскіх спэцыяльнасьцяў, мэдыцынскіх сясьцёр (братоў), інжынэраў, кіроўцаў аўтамабіляў, сьлесараў-рамонтнікаў, трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчай вытворчасьці, швачак, электраманцёраў па рамонце і абслугоўваньні электраабсталяваньня.

Права на працаўладкаваньне без ПМЖ атрымаюць іншаземцы і асобы без грамадзянства — кіроўцы аўтамабіляў, сьлесары-рамонтнікі, трактарысты-машыністы сельскагаспадарчай вытворчасьці, швачкі, электраманцёры па рамонце і абслугоўваньні электраабсталяваньня.

9 чэрвеня камітэт працы, занятасьці і сацыяльнай абароны насельніцтва Менскага гарвыканкаму апублікаваў базу вакансій на рынку працы, згодна зь якой не хапае больш як 4,1 тысячы мэдыцынскіх работнікаў.

У пераліку самых запатрабаваных пазыцый фігуруюць мэдсёстры (2080 вакансій), дактары-спэцыялісты (1733), фэльчары (335).

У 2021 і 2022 гадах з палітычных матываў звольнілі больш за 200 мэдработнікаў. Такія дадзеныя прыводзіліся ў дасьледаваньні «Практыка „забароны на прафэсію“ ў Беларусі ў 2020–2022 гадах», праведзеным Цэнтрам эўрапейскай трансфармацыі і Лятучым унівэрсытэтам.

Рэальны маштаб палітычных звальненьняў у мэдыцыне на парадак вышэйшы, заявіў BPN прадстаўнік ініцыятывы «Белыя халаты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG