Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекары і прадстаўнікі яшчэ 10 прафэсій атрымалі права працаваць у Беларусі без дазволу на жыхарства


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі вызначыла пералік прафэсій рабочых і пасад службоўцаў, на якія сёлета можна працаўладкаваць іншаземцаў і асоб без грамадзянства, якія ня маюць дазволу на сталае пражываньне ў Беларусі.

Пастанову аб гэтым Міністэрства працы апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, яна пачынае дзейнічаць 1 ліпеня.

Дзеяньне дакумэнта распаўсюджваецца на вэтэрынарных лекараў, дактароў-спэцыялістаў, фэльчараў усіх мэдыцынскіх спэцыяльнасьцяў, мэдыцынскіх сясьцёр (братоў), а таксама інжынэраў.

Права на працаўладкаваньне без ПМЖ атрымаюць іншаземцы і асобы без грамадзянства — кіроўцы аўтамабіляў, сьлесары-рамонтнікі, трактарысты-машыністы сельскагаспадарчай вытворчасьці, швачкі, электраманцёры па рамонце і абслугоўваньні электраабсталяваньня.

9 чэрвеня камітэт працы, занятасьці і сацыяльнай абароны насельніцтва Менскага гарвыканкаму апублікаваў базу вакансій на рынку працы, згодна зь якой не хапае больш як 4,1 тысячы мэдыцынскіх работнікаў.

У пераліку самых запатрабаваных пазыцый фігуруюць мэдсёстры (2080 вакансій), дактары-спэцыялісты (1733), фэльчары (335).

На нарадзе аб актуальных пытаньнях аховы здароўя 23 траўня Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў «спыніць вольніцу» ў пытаньні абавязковай адпрацоўкі мэдыкамі, якія вучыліся ў ВНУ па мэтавым наборы.

«Як вы зьбіраецеся ўтрымаць спэцыялістаў на месцах, калі там ня створаны нармальныя ўмовы для пацыентаў? І для мэдыкаў таксама. Адсюль і кадравыя праблемы: быццам рыхтуем дастаткова лекараў і мэдсясьцёр, а ў раёнах не затрымліваюцца нават мэтавікі. Шукаюць сабе месца ў сталіцы або, што яшчэ горш, за мяжой. Разьбярыцеся з мэтавікамі. Разьбярыцеся, каго вы туды набіраеце», — сказаў ён.

У 2021 і 2022 гадах з палітычных матываў звольнілі больш за 200 мэдработнікаў. Такія дадзеныя прыводзіліся ў дасьледаваньні «Практыка „забароны на прафэсію“ ў Беларусі ў 2020–2022 гадах», праведзеным Цэнтрам эўрапейскай трансфармацыі і Лятучым унівэрсытэтам.

Рэальны маштаб палітычных звальненьняў у мэдыцыне на парадак вышэйшы, заявіў BPN прадстаўнік ініцыятывы «Белыя халаты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG