Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская выказала спачуваньні сваякам загінулага каліноўца Лазоўскага


Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота.
Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота.

Экс-лідэр «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі апошнім часам ваяваў у складзе палка імя Кастуся Каліноўскага. Яму было 49 гадоў.

17 траўня стала вядома, што беларускія добраахвотнікі панесьлі страты пад украінскім Бахмутам. Як стала вядома Свабодзе, адным з загінулых пад Бахмутам быў заснавальнік «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі.

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская з гэтай нагоды выказала спачуваньні родным загінулага «каліноўца»:

«Сёньня я хачу выказаць шчырыя спачуваньні родным, сябрам, а таксама пабрацімам Міраслава Лазоўскага, які быў адным зь лідэраў „Белага легіёну“ і ваяром палка Каліноўскага. Ён загінуў у Бахмуце, ратуючы сваіх пабрацімаў і змагаючыся за свабоду Ўкраіны і Беларусі.

Амаль усё сваё жыцьцё Міраслаў прысьвяціў барацьбе за волю беларускага народу. Дзясяткі гадоў ён быў пасьлядоўным абаронцам незалежнасьці нашай краіны, а потым і Ўкраіны.

У нашай памяці і ў нашых сэрцах Міраслаў Лазоўскі назаўсёды застанецца героем», — адзначыла Ціханоўская.

Што вядома пра загінулага ва Ўкраіне Міраслава Лазоўскага

Лазоўскаму было 49 гадоў. Ён нарадзіўся ў Менску, у 1995 годзе ўступіў у заснаванае Міколам Статкевічам «Згуртаваньне беларускіх вайскоўцаў», у тым жа годзе стаў адным са стваральнікаў «Белага легіёну» — ваенізаванай патрыятычнай арганізацыі, мэтай якой была дапрызыўная падрыхтоўка моладзі. Сябры «Белага легіёну» былі актыўнымі ўдзельнікамі мітынгаў і шэсьцяў у 1996–1999 гадах. Арганізацыя спыніла сваё існаваньне на пачатку 2000-х. Апошні раз згадкі пра «Белы легіён» зьявіліся ў 2008 годзе. Тады Лазоўскага і былых кіраўнікоў арганізацыі затрымалі ў справе выбуху 3 ліпеня 2008 году, аднак неўзабаве вызвалілі з-пад варты.

У 2013 годзе Міраслаў Лазоўскі заснаваў кніжную сэрыю «Беларусь у войнах», яе мэтай ён называў распаўсюджваньне навукова-папулярных выданьняў аб гісторыі Беларусі. Працаваў у выдавецтве «Кнігазбор», якое зьліквідавалі ўлады ў студзені 2023 году.

У сакавіку 2017 году Міраслава Лазоўскага разам з больш як трыма дзясяткамі чалавек арыштавалі ў так званай «справе патрыётаў». Першапачаткова яму выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 артыкулу 293 («Падрыхтоўка масавых беспарадкаў»). Затым дадалі артыкул 287 («Стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня»). За кратамі Лазоўскі правёў некалькі месяцаў, выйшаў на свабоду ў чэрвені. Крымінальная справа неўзабаве была прыпыненая, а пасьля закрытая.

Неўзабаве пасьля гэтага Міраслаў ажаніўся са сваёй нявестай Сьвятланай. Пара выбрала для гэтага гадавіну бітвы пад Воршай 8 верасьня.

«Каб ніколі не забывацца на дзень шлюбу», — тлумачыў свой выбар Міраслаў у інтэрвію «Новаму часу».

Пасьля пратэстаў 2020 году Міраслаў Лазоўскі пераехаў ва Ўкраіну. З пачаткам поўнамаштабнай расейскай агрэсіі далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў, свайго удзелу ў баявых дзеяньнях не афішаваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG