Раней «дармаедзкія» камісіі ладзілі паседжаньні ў выканкамах, а цяпер некаторыя зь іх зьбіраюцца і ў РАУС. У склад камісій, як правіла, уваходзяць прадстаўнікі міліцыі. Даходзіць і да таго, што камісіі разам зь міліцыяй абыходзяць з «рэйдамі» кватэры «дармаедаў», заўважыла «Зеркало».
Па ўсёй Беларусі працягваюць працаваць «дармаедзкія» камісіі. Як правіла, яны зьбіраюцца на пасяджэньні двойчы на месяц, на іх запрашаюць «дармаедаў». Цяпер і ў РАУС, з удзелам міліцыі, а таксама з наведваньнем «на дом».
13 красавіка ў Кіраўску пасяджэньне камісіі па каардынацыі працы ў садзейнічаньні занятасьці насельніцтва арганізавалі ў адміністрацыйным будынку аддзелу ўнутраных спраў райвыканкаму. У Касьцюковічах «дармаедаў» зьбіралі ў РАУС у студзені 2023 году, у Бабруйску — у сакавіку. Ладзіць паседжаньні «дармаедзкіх» камісій у міліцыі сталі сама меней з канца 2022 году.
У Салігорску «дармаедзкая» камісія разам з начальнікам крымінальна-выканаўчай інспэкцыі мясцовага РАУС зладзіла ў лютым «рэйд» па кватэрах «утрыманцаў». Як піша мясцовае выданьне «Шахцёр», камісія «правяла шэраг асабістых візытаў да беспрацоўных грамадзян гораду», каб «дапамагчы ім у працаўладкаваньні».
«Камісія наведала грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця і пражываюць у сем’ях, якія знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы», — піша выданьне.
Каб даведацца, ці трапілі вы ў «базу дармаедаў», трэба зьвярнуцца ў адпаведную «дармаедзкую» камісію па месцы рэгістрацыі — праз тэлефон або пісьмова (звычайным лістом ці па электроннай пошце). Таксама можна паглядзець гэтую інфармацыю на Адзіным партале электронных паслуг (паслуга платная), але для гэтага патрэбны электронны лічбавы подпіс.
- У 2015 годзе ў Беларусі ўвялі падатак на «дармаедзтва». Тым, хто на працягу каляндарнага году працаваў менш за 183 дні, трэба было заплаціць фіксаваны збор у памеры 20 базавых велічынь. Некаторых ад гэтага збору вызвалілі. За 2 гады дзеяньня дэкрэту падаткоўцы разаслалі 470 000 «лістоў шчасьця», многім паведамленьні прыходзілі памылкова, а заплаціў збор толькі кожны дзясяты адрасат (пасьля выплачаныя сумы сталі вяртаць).
- На пачатку 2017 году па ўсёй Беларусі праходзілі масавыя «маршы недармаедаў», іх удзельнікаў затрымлівалі і судзілі. Аднак гэта прынесла эфэкт — у сакавіку 2017 году спагнаньне збору спынілі на год, а Аляксандар Лукашэнка даручыў дапрацаваць дэкрэт. Аднак улады толькі прыпынілі ціск на некаторы час.
- На пачатку 2018-га зьявіўся ўказ «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва». У ім для «дармаедаў» выставілі новы «штраф» — аплату ў 100% на некаторыя камунальныя паслугі тым, хто мае ва ўласнасьці кватэру.
- З 1 студзеня 2019 году «дармаеды» пачалі аплачваць па поўным кошце гарачую ваду, пазьней да яе далучыліся ацяпленьне і газ.