Zerkalo падае падрабязнасьці зьменаў, якія прадугледжаны абноўленым Падатковым кодэксам.
Што зьмянілі для «дармаедаў»
У міністэрстве па падатках і зборах паведамляюць, што ў адноўленым Падатковым кодэксе ўвялі істотныя зьмены па праверках выдаткаў і даходаў фізычных асоб, якія больш за пяць гадоў лічыліся не занятым у эканоміцы.
Падаткавікі будуць па-новаму праводзіць праверкі адпаведнасьці выдаткаў даходаў фізычных асобаў, якія як мінімум пяць гадоў бесьперапынна лічацца незанятымі ў эканоміцы і ўключаны ў базу «дармаедаў». Гаворка пра тых, хто па дадзеных чыноўнікаў афіцыйна не працаваў больш за пяць гадоў і не ўдзельнічаў у фінансаваньні выдаткаў дзяржавы. Менавіта для гэтых людзей і ўвялі зьмяну, якая датычыцца праверак па адпаведнасьці даходаў і расходаў.
Для такіх «дармаедаў» пры праверцы іх даходаў і выдаткаў ня будуць уключаць у грашовыя паступленьні падораныя сродкі, атрыманыя пазыкі, а таксама перададзеныя на захоўваньне грошы.
Выключэньне зрабілі для такіх даходаў, якія былі атрыманы ад сваякоў, у тым ліку бацькоў, дзяцей, мужа і жонкі, родных братоў і сясьцёр, бабуль і дзядуляў. Але такія прыбыткі не павінныя быць зьвязаныя з прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Але і тут прапісалі абмежаваньне. Агульная сума такіх грашовых паступленьняў ад сваякоў не павінна перавышаць 100 базавых велічынь (на сёньня гэта 3700 рублёў) на працягу года, у адваротным выпадку давядзецца заплаціць падаходны падатак 10%. Гэты збор будуць браць з сумы перавышэньня. Фактычна можна казаць аб увядзеньні новага падатку на «дармаедзтва».
У Беларусі ёсьць так званы падатак на даўгі. Па ім падаходным падаткам абкладаюцца пазыкі, крэдыты ад іншых фізычных асоб, якія не зьяўляюцца ІП, а таксама ад замежных арганізацый (якія не ажыцьцяўляюць дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі праз пастаяннае прадстаўніцтва), замежных ІП. Падатак — 13%. Пры поўным вяртаньні доўгу выплачаны раней падаходны падатак вяртаюць.
Калі ж грошы на пакупкі пазычылі блізкія сваякі і гэта адлюстравана ў дэклярацыі аб даходах і маёмасьці, то плаціць падатак не трэба. Прычым незалежна ад сумы пазыкі. Але з «дармаедаў» зараз вырашылі спаганяць такі падатак.