У Высокаўскім аграрным каледжы на Берасьцейшчыне паказальна ўзялі пад варту двух навучэнцаў, якіх падазраюць у «зьнявазе дзяржаўных сымбаляў Беларусі» (арт. 370 КК).
Санкцыю на затрыманьне зачытаў пракурор Камянецкага раёну ў прысутнасьці іншых навучэнцаў, піша «Вясна».
Як паведаміла Генпракуратура, 18-гадовы жыхар вёскі Войскай разам з 19-гадовым жыхаром Жабінкі ў ноч з 14 на 15 траўня сарвалі тры дзяржаўныя сьцягі, устаноўленыя на фасадах установы адукацыі, гандлёвага аб’екта і аддзяленьня паштовай сувязі ў Войскай.
Раней, 13 сакавіка 2021 году, у Жабінцы на будынку раённай газэты невядомыя спалілі дзяржаўны сьцяг.
Прысуд журналісту Семчанку пакінулі бязь зьменаў
Вярхоўны суд Беларусі 23 траўня разгледзеў апэляцыйную скаргу ад імя колішняга аглядальніка дзяржаўнага тэлеканалу АНТ Дзьмітрыя Семчанкі.
Працэс вёў судзьдзя Вярхоўнага суду Аляксей Рыбакоў, якога Аляксандар Лукашэнка нядаўна ўзнагародзіў мэдалём «За бездакорную службу» ІІІ ступені.
Як стала вядома БАЖ, па выніку разгляду матэрыялаў справы судзьдзя пакінуў прысуд у сіле — 3 гады папраўчай установы за нібыта «распальваньне варожасьці».
Менчука асудзілі па «народным» артыкуле за фатаздымак зь бел-чырвона-белым сьцягам
У судзе Партызанскага раёну Менску асудзілі Дзяніса Давыдава паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Судзьдзя Аляксандар Супічэнка прызначыў Дзянісу 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (г.зв. «хатняй хіміі»), піша «Вясна».
Давыдава абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў Менску ў 2020 годзе і выхадзе на праезную частку. Апазналі яго па фатаздымках у Facebook, якія сілавікі знайшлі ў забраным тэлефоне. На фота мянчук знаходзіцца на пратэставай акцыі і трымае ў руках беларускі нацыянальны сьцяг.
Дзяніс — ураджэнец Расейскай Фэдэрацыі, грамадзянін Беларусі, мае вышэйшую адукацыю.
Мужчыну асудзілі за ўдзел у пратэставай акцыі ў 2020 годзе на два з паловай гады «хатняй хіміі»
У судзе Савецкага раёну Менску 30 сакавіка асудзілі Руслана Мяцельскага паводле ч. арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), паведамляе «Вясна».
Судзьдзя Аляксандар Воўк прызначыў Руслану 2 гады і 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэставых акцыях у Менску ў 2020 годзе і ў выхадзе на праезную частку. Ён цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў зьдзейсьненым.
Сілавікі затрымалі чарговага беларуса, які вырашыў вярнуцца ў краіну
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што адразу пасьля праходжаньня мяжы быў затрыманы мужчына, які вырашыў вярнуцца ў Беларусь.
На відэа сілавікоў ён кажа, што ў 2020-ым годзе ўдзельнічаў у мірнай акцыі пратэсту, а пасьля ў адным з тэлеграм-чатаў «абмяркоўваў пытаньні правапарадку».
Суполку «Виктор Бабарико» ў «Одноклассниках» прызналі «экстрэмісцкай»
Адпаведнае рашэньне прынятае судом Барысаўскага раёну 17 траўня. Гэта першая старонка штабу палітыка ў сацсетках, прызнаная «экстрэмісцкай», адзначае «Вясна».
Таксама «экстрэмісцкі сьпіс» папоўнілі:
- Telegram чаты і каналы «Дзённік экстрэміста», «Розочка», «Чат канала Инсайдер», «Боевая Организация Анархо-Коммунистов»;
- суполкі ў «Одноклассниках» «Беларусь политическая», «Радыё Свабода», «Новы час», «Жыве Беларусь», «Светлана Тихановская», «УХОДИ ЛУКАШЕНКО», «Беларускі нацыянальны кангрэс»;
- Youtube-старонку «Татьяна Мартынова»;
- старонку ў Instagram «cbshelp Цэнтр Беларускай Салідарнасці».