Пяць дзён няма інфармацыі пра затрыманую экс-дэпутатку Алену Анісім.
22 траўня ў адміністрацыі Інстытута мовазнаўства адказалі, што на працы яе няма, піша @nashaniva. Інфармацыі пра лёс супрацоўніцы там ня маюць:
«Тэлефануйце ў кампетэнтныя органы. Нічога ня ведаем. На працы яе няма».
Былую дэпутатку Палаты прадстаўнікоў і кіраўніцу Таварыства беларускай мовы затрымалі 17 мая на працоўным месцы. Куды яе завезьлі і ў чым вінавацяць — невядома.
- Алена Анісім — беларуская мовазнаўца, былая старшыня зьліквідаванага ўладамі ў 2021 годзе Таварыства беларускай мовы.
- У 2016 годзе Алена Анісім была абраная дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. У якасьці дэпутаткі яна стала сябрам Пастаяннай камісіі адукацыі, культуры і навукі.
- На наступных парлямэнцкіх выбарах у 2019 годзе Алену Анісім і Ганну Канапацкую нават не зарэгістравалі кандыдаткамі ў дэпутаты.
- Анісім адной зь першых заявіла пра свой намер балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году ад патрыятычных сілаў, але пазьней сказала, што ня будзе ўдзельнічаць у выбарах, калі ў іх возьме ўдзел кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка.