Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране пакаралі сьмерцю траіх удзельнікаў антыўрадавых пратэстаў. Іх абвінавацілі ў забойстве сілавікоў


Пакараныя сьмерцю трое ўдзельнікаў леташніх антыўрадавых пратэстаў у Іране.
Пакараныя сьмерцю трое ўдзельнікаў леташніх антыўрадавых пратэстаў у Іране.

Улады Ірана пакаралі сьмерцю траіх удзельнікаў леташніх антыўрадавых пратэстаў у краіне па абвінавачаньні ў забойстве трох сілавікоў, піша Iran International.

Маджыда Каземі, Саіда Ягубі і Салеха Мірхашэмі прызналі вінаватымі ў забойстве двух членаў ваенізаванага апалчэньня «Басідж» і аднаго паліцэйскага падчас акцый пратэсту ў лістападзе 2022 года.

За два дні да сваёй кары прысуджаныя да сьмерці перадалі з турмы запіску, у якой заклікалі не даць уладам краіны выканаць рашэньне суда.

17 траўня праваабарончая група Amnesty International раскрытыкавала судовы працэс над пратэстоўцамі. Раней прыгавораны да сьмерці Маджыд Каземі расказаў, што абгаварыў сябе пад катаваньнямі.

Бацька іншага прысуджанага — Салеха Мірхашэмі — апублікаваў у сацыяльных сетках сваю фатаграфію з плякатам у абарону сына напярэдадні пакараньня ў чацьвер, 18 траўня. Надпіс на плякаце абвяшчаў: «Мой сын невінаваты. У яго не было зброі».

Такім чынам, колькасьць пакараных уладамі Ірана ўдзельнікаў пратэстаў, якія прайшлі ў краіне пасьля сьмерці 22-гадовай Махсы Аміні, дасягнула сямі чалавек.

Па дадзеных арганізацый Iran Human Rights і Together Against the Death Penalty, у 2022 годзе ўлады Ірана пакаралі сьмерцю 582 чалавекі, што на 333 сьмяротных прысуду больш, чым у 2021 годзе. Пры гэтым, як адзначылі праваабаронцы, 511 чалавек былі пакараныя без публічнага абвяшчэньня прысудаў, і толькі пра 71 смяротны прысуд улады Ірана паведамілі афіцыйна. Таксама праваабаронцы паведамілі аб пакараньні прынамсі 16 жанчын і трох непаўналетніх. Праваабаронцы таксама паведамілі, што за тры з паловай месяцы 2023 года ў Іране ўжо пакаралі сьмерцю 151 чалавек.

Масавыя пратэсты пачаліся ў Іране ў сярэдзіне верасьня пасьля сьмерці 22-гадовай Махсы Аміні, арыштаванай паліцыяй нораваў за «няправільнае» нашэньне хіджабу. Удзельнікі акцыяў пратэсту абвінавачваюць у яе забойстве паліцыю. За два месяцы пратэстаў у Іране загінулі больш за 300 чалавек, амаль 15 тысяч затрыманы.

Сьмяротнае пакараньне таксама пагражае двум журналісткам, Нілуфару Хамедзі і Элаэ Махамадзі, — яны першымі напісалі аб гібелі Аміні. Улады Ірана абвінавацілі іх у дзяржаўнай здрадзе і працы на спэцслужбы ЗША.

Улады Ірана спрабуюць не дапусьціць, каб у сусьветную прэсу трапіла любая інфармацыя аб тым, што адбываецца ў краіне. З пачатку пратэстаў былі арыштаваныя больш за 40 журналістаў, тыя, хто застаецца на волі, скардзяцца на сачэньне і праслухоўваньне іх тэлефонаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG