«Волат» быў адным з найбольш аўтарытэтных і дасьведчаных беларускіх ваяроў ва Ўкраіне. Родам з Гомля, дзе ва ўнівэрсытэце выкладала ягоная маці Натальля Суслава. Пасьля сьмерці сына яна далучылася да беларускіх добраахвотнікаў і нават удзельнічала ў паходзе на Херсон.
У Беларусі «Волат» служыў у вайсковай частцы 3214, у роце выведкі. Ад 2016 году ваяваў ва Ўкраіне. Меў мноства раненьняў, пабрацімы казалі, што на целе «Волата» не было жывога месца, увесь у шнарах. Прайшоў нават праз кому. Па стане здароўя яму адмаўлялі ў вяртаньні на фронт, але полк Каліноўскага даў такую магчымасьць.
«Волат» быў камандзірам роты. Загінуў 16 траўня ў Мікалаеўскай вобласьці, падарваўшыся на расьцяжцы. «Гэта вайна, ты альбо загінеш, альбо не», — пераказваюць словы «Волата» ягоныя таварышы па службе.
Быў жанаты, разам з жонкай жылі ў Луцку, мелі дачку. У гонар Паўла Суслава названы адзін з батальёнаў у палку імя Кастуся Каліноўскага.
Ініцыятывы фонду «Вільна Білорусь»
Фонд «Вільна Білорусь», зарэгістраваны ва Ўкраіне, выступіў з ініцыятывай запачаткаваць у незалежных СМІ традыцыю абвяшчэньня штодзённай хвіліны памяці ў гонар беларусаў-добраахвотнікаў, якія загінулі на расейска-ўкраінскай вайне.
«Ва Ўкраіне кожную раніцу а 9-й гадзіне абвяшчаюць хвіліну маўчаньня ў гонар сваіх палеглых абаронцаў. Ва Ўкраіне загінула больш за 40 беларусаў, і мы мусім паказаць, што памятаем сваіх герояў і адначасова выказваем сваю салідарнасьць з Украінай», — сказаў Свабодзе кіраўнік дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь» Аляксей Францкевіч.
Паводле яго, фонд падрыхтаваў выстаўку «3 Украінай у сэрцы», прысьвечаную беларускім добраахвотнікам, якія працягваюць змагацца ва ўкраінскім войску і якія ўжо загінулі. На наступным тыдні яна адправіцца ў Дніпро (23 траўня) і Запарожжа (26 траўня).