На ім Лукашэнка стаіць у вайсковай форме. Відаць, што левая рука ў яго перавязаная бінтом. Гэта было і на фатаздымках з параду ў Маскве 9 траўня, дзе забінтаваная была правая рука.
Фатаздымак «Пул первого» суправадзіў камэнтаром: «Першы сёньня працуе ў цэнтральным камандным пункце ВПС і войскаў СПА. Заслухае справаздачу аб арганізацыі і выкананьні задач баявога дзяжурства па супрацьпаветранай абароне».
Пазьней «Пул первого» працытаваў Лукашэнку: «Трое сутак пасьля падзеяў побач з намі — я маю на ўвазе ў Бранскай вобласьці, калі былі зьбітыя чатыры паветраныя судны. Мы вымушаны рэагаваць. З тых часоў мы знаходзімся ў падвышанай гатовасьці, нашыя войскі».
Яшчэ пазьней канал апублікаваў відэа з Аляксандрам Лукашэнкам у камандным пункце, дзе той моцна асіплым голасам гаворыць пра сытуацыю вакол Беларусі.
Лукашэнка выглядаў хворым падчас згаданага параду ў Маскве 9 траўня, там ён ня змог прайсьці некалькі соцень мэтраў да Магілы невядомага салдата, яго давезьлі на электракары.
Пазьней у той жа дзень у Менску ён прысутнічаў на цырымоніі, прысьвечанай Дню Перамогі, але прамову да ўрачыстасьці зачытаў міністар абароны Віктар Хрэнін.
Пасьля гэтага Лукашэнка не зьяўляўся на публіцы, дзяржаўныя СМІ не паказвалі яго. 14 траўня, на афіцыйны Дзень дзяржаўных сьцяга, герба і гімна, афіцыйную прамову зачытаў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка.
СМІ і сацыяльныя сеткі актыўна абмяркоўвалі стан здароўя Лукашэнкі, а таксама палітычныя пэрспэктывы Беларусі ў выпадку яго сыходу з палітычнай арэны і з жыцьця.