Аляксандар Лукашэнка наведаў урачыстую цырымонію ўскладаньня кветак і вянкоў да манумэнта Перамогі ў Менску 9 траўня, аднак ня выступіў на ёй, як ва ўсе папярэднія гады.
Замест Аляксандра Лукашэнкі «на яго даручэньне» на цырымоніі выступіў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін, які «выказаў пазыцыю людзей у пагонах аб значэньні Вялікай Перамогі і ахарактарызаваў ваенна-палітычную абстаноўку вакол Беларусі», паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Падчас прамовы Хрэнін, сярод іншага, заявіў, што сёньня «разьвязанае глябальнае ваеннае супрацьстаяньне паміж заходняй і ўсходнеславянскай цывілізацыямі», і Захад «рукамі ўкраінцаў ваюе за свае інтарэсы». Таксама міністар падкрэсьліў, што беларускае войска «гатовае даць адпор любому, хто паспрабуе парушыць сьвятыя межы беларускай дзяржавы».
На цырымонію Лукашэнка прыбыў разам з трыма сынамі. У жывой трансьляцыі па беларускіх тэлеканалах амаль не паказалі, як Лукашэнка ідзе да абэліску, агулам яго не паказвалі буйным плянам.
Сёньня раніцай Аляксандар Лукашэнка пабываў на парадзе ў гонар 9 траўня ў Маскве. Ягоны выгляд, як адзначылі палітычныя аналітыкі, быў надзвычай сумны. У кулюарах пачалі гаварыць, што Лукашэнка прыляцеў у Маскву хворым: пра хваробу сьведчыў ягоны сіплы голас у час апошніх публічных выступаў.
Пасьля завяршэньня скарочанай часткі вайсковага параду на Краснай плошчы кіраўнікі краін пешкі адправіліся ў Аляксандраўскі сад, дзе знаходзіцца магіла Невядомага салдата. Да саду адтуль 850 мэтраў, але Лукашэнка адправіўся туды на машыне.
Таксама СМІ заўважылі, што ў Лукашэнкі была перабінтаваная правая рука. Прычына невядомая, як і падрабязнасьці пра стан ягонага здароўя.