Цырымонія ўзнагароджаньня пераможцаў Free Belarus Business Award прайшла ў адной з заляў Варшаўскай фондавай біржы. У гэтым будынку ў часы Польскай Народнай Рэспублікі месьціўся ЦК Польскай аб’яднанай рабочай партыі, аналягу КПСС.
«Думалі, дзясятак, ну два. А тут больш за 70 кампаній»
Агулам на конкурс Free Belarus Business Award («Бізнэс вольнай Беларусі»), які фінансуецца Эўразьвязам, заяўкі падалі звыш 70 кампаній зь беларускімі каранямі, зарэгістраваныя ў 12 краінах сьвету. Сфэры самыя розныя: будаўніцтва, клірынг, лягістыка, мэдыцына, навучаньне, раздробны гандаль, клюбы, кавярні. Конкурс праходзіў у некалькі тураў, ацэньвала яго міжнароднае журы, якое працавала бясплатна: экспэрты ў сфэры інвэстыцый, эканамічнага разьвіцьця і інавацый. У фінал выйшлі 12 бізнэсаў.
Старшыня аргкамітэту конкурсу Марына Гірын прызнаецца: асацыяцыя не чакала, што адгукнецца столькі беларускіх кампаній.
«Думалі, дзясятак, ну два. А тут больш за 70 кампаній! У конкурс паверыла мая каманда, нас падтрымаў Эўразьвяз. Усяго мы правядзём 4 конкурсы. Гэта першы, які быў абвешчаны ў лютым, і мы цяпер падводзім яго вынікі. Другі конкурс правядзём сёлета ўвосень, трэці і чацьвёрты — у 2024 годзе», — расказала Марына Гірын.
Пераможцы — анімацыйная міні-студыя, плятформа тэлемэдыцыны, кветкавая інтэрнэт-крама, кавярня, клінінгавая кампанія
Агульны прызавы фонд на першы конкурс складае 25 тысяч эўра, яго падзялілі на пяць пераможцаў конкурсу. Яшчэ аднаго пераможцу вызначылі фонд «Новая Беларусь» і Павал Лібэр.
Пераможцамі конкурсу ў розных намінацыях сталі:
- Малады бізнэс: плятформа тэлемэдыцыны для дзяцей з ADHD (сындромам дэфіцыту ўвагі і гіпэрактыўнасьці) PigPug Health зь Вільні.
- Індывідуальны бізнэс: студыя анімацыі KAPI animation GbR і яе кіраўніца Вольга Цітова.
- Патэнцыял маштабнасьці: крама кветак «Roses.EE» з Эстоніі.
- Міжнародныя амбіцыі: клінінгавая кампанія «Чысты Кіт».
- Рэпрэзэнтацыя Беларусі — кавярня і арт-пляцоўка Klubokawiarnia MY з Познані.
Спэцыяльны прыз ад Паўла Лібэра, сэртыфікат на тэхнічную падтрымку, атрымаў касмэталягічны сэрвіс Atelie Royal.
«За мяжой можна шмат чаго рабіць, але хацелася б рабіць гэта ў нашай краіне»
Беларуска Анастасія Валасевіч расказала, як яе каманда адкрыла ў Познані спачатку проста кавярню, але потым канцэпцыя памянялася.
«Кавярня стала сапраўдным домам і клюбам для суайчыньнікаў: там праводзяцца выставы, канцэрты, дыскусіі. Калі пісала заяўку, зразумела, які аб’ём працы зрабілі. Будзем далей працаваць для беларусаў», — запэўніла Анастасія Валасевіч.
Кампанія «Чысты кіт», якую ў Беларусі ў 2016 годзе заснаваў былы маладафронтавец Іван Шыла з братам Ільлём, вядомая цяпер у некалькіх краінах Эўропы, дзе мае філіялы.
Беларускі прадпрымальнік з ЗША Віталь Самсонаў, які ўручаў узнагароду «Чыстаму кіту», адзначыў, што для беларускіх кампаній цяпер важныя дзьве рэчы: выйсьці на міжнародныя рынкі і застацца беларусамі, захаваць нацыянальную ідэнтычнасьць, каб падтрымаць беларускую справу.
«За мяжой шмат чаго можна рабіць, але хацелася б рабіць гэта ў нашай краіне. І мы спадзяёмся, што неўзабаве настане час, калі назоў асацыяцыі АВВА скароціцца на апошняе слова „abroad“ — „за мяжой“», — кажа Віталь Самсонаў.
Старшыня Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой Яўген Буры падкрэсьліў, што гэты конкурс — адзін з крокаў, каб наблізіцца да місіі асацыяцыі — «ганарыцца быць беларускім бізнэсам».
«Сумленныя беларусы маюць патрэбу ў падтрымцы. Многія былі рэпрэсаваныя, вымушаныя выехаць з краіны. Казаць, што нас дыскрымінуюць — адно. Але патрэбен пазытыўны парадак дня.
І мы зрабілі гэты конкурс, каб сапраўды дапамагчы і падтрымаць беларускіх бізнэсоўцаў. Таксама гэта яшчэ і магчымасьць для ўдзельнікаў абмяняцца досьведам», — кажа Яўген Буры.