Вольга Гарбунова адзначыла, што дакладнай статыстыкі пра тое, колькі людзей з інваліднасьцю адпраўленыя за краты з палітычных матываў, праваабаронцы ня маюць:
«Гэты дзень важны для мяне асабіста, для кожнага і кожнай з нас, але па-ранейшаму нічога ня значыць для беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы. Правы палітвязьняў з інваліднасьцю, цяжкімі фізычнымі і псыхічнымі захворваньнямі парушаюцца ў Беларусі штодня.
У гэты дзень я прыгадваю маршы 2020-га, у якіх удзельнічалі годныя, сьмелыя, шчырыя людзі зь неабмежаванымі магчымасьцямі. І кожны дзень памятаю аб тым, што яны, як і многія беларусы і беларускі, патрапілі пад жорсткія рэпрэсіі».
Прадстаўніца АПК падкрэсьліла, што грамадзкасьці вядомыя далёка ня ўсе такія выпадкі — звычайна інфармацыя пра іх даходзіць ад сваякоў ці з судовых працэсаў, але і іх маніторынг не заўсёды магчымы.
«Беларусаў, якія маюць інваліднасьць, судзяць і кідаюць у турмы за іншадумства — гэтак жа, як і ўсіх астатніх. Фармальна ў законе ёсьць норма, паводле якой для людзей з інваліднасьцю першай і другой груп ствараюцца палепшаныя ўмовы ўтрыманьня ў месцах зьняволеньня. Але на практыцы гэта ня дзейнічае. Гуманных паслабленьняў няма ні ў турмах, ні ў калёніях.
Сёньня я таксама думаю пра ліквідаваны „Офіс па правах людзей з інваліднасьцю“, у тым ліку дзякуючы напружанай працы якога Беларусь у 2016 годзе ратыфікавала Канвэнцыю па правах інвалідаў. Пра яго дырэктара Сяргея Драздоўскага і юрыста Алега Граблеўскага, якіх рэжым абвінаваціў і „асудзіў“ па крымінальным артыкуле фактычна за тое, што, супрацоўнічаючы з структурамі ААН, яны рэкамэндавалі пратэстоўцам з інваліднасьцю зьвяртацца да адвакатаў».
Гарбунова прыгадала падзеі, сьведкай якіх была сама:
«У СІЗА ўтрымліваўся чалавек, які ня мог самастойна перамяшчацца. Слуханьне па ягонай справе праходзіла ў будынку Фрунзенскага суду бязь ліфта — і не на першым паверсе, а на чацьвёртым. У СІЗА іншыя вязьні насілі яго на руках ці драўлянай пераносцы, разьлічваючы толькі на свае сілы, спадзеючыся толькі на сябе. Цяпер салідарнасьць — адзіны наш сродак у барацьбе за правы людзей з інваліднасьцю. Толькі так можна дапамагчы чалавеку ў краіне, дзе не працуюць законы», — заявіла Вольга Гарбунова.